Усяго ў Гродзенскай вобласці захавалася каля 30 касцёлаў, якія з’яўляюцца помнікамі драўлянага дойлідства. Гэта самая сур’ёзная тэрытарыяльная канцэнтрацыя драўляных каталіцкіх святыняў у Беларусі. Некаторыя з гэтых касцёлаў знаходзяцца ў памежнай зоне.
Касцёл святога Юрыя
Астравецкі раён, вёска Вялікія Свіранкі (памежная зона)
Адлегласць ад Астраўца: 33 км
Стыль: барочны класіцызм
Час пабудовы: прыблізна канец XVIII стагоддзя
Інфармацыі пра гэты касцёл вельмі мала. Вядома, што першы ўспамін пра яго адносіцца да 1508 года. У 1671 годзе касцёл быў перабудаваны сіламі віленскага капітула. У тым выглядзе, у якім мы можам бачыць касцёл сёння, ён быў узведзены ў канцы XVIII стагоддзя. У 1951 годзе святыню зачынілі і зрабілі ў ёй краму. У 1998 годзе касцёл вярнулі парафіянам, якія і аднавілі яго сваімі сіламі.
Касцёл святога Андрэя Баболі
Астравецкі раён, вёска Градоўшчына
Адлегласць ад Астраўца: 15 км
Стыль: мадэрн
Час пабудовы: першая палова ХХ стагоддзя
Да канца 1930-х гадоў святыняй для мясцовых католікаў служыла драўляная капліца ў суседнім панскім двары Дубоўка. Аднак вёска разраслася, і маленькая святыня ўжо не змяшчала ўсіх вернікаў. Тады ў 1938 г. з недалёкага адсюль Шумска (зараз гэта Літва) быў перавезены драўляны касцёл, пад які спецыяльна залілі фундамент. У 1939 г. узведзены ў цэнтры вёскі касцёл быў асвечаны пад тытулам св. Андрэя Баболі. Касцёл дзейнічаў і ў гады вайны, і пры савецкай уладзе. Сёння ён таксама працягвае служыць вернікам.
Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі
Астравецкі раён, вёска Кемелішкі (памежная зона)
Адлегласць ад Астраўца: 35 км
Стыль: мае рысы мадэрну, неакласіцызму, готыкі
Час пабудовы: другая палова XVIII стагоддзя
Касцёл у Кемелішках быў узведзены ў 1781 г., а ў самым канцы XIX стагоддзя да яго былі прыбудаваны бакавыя капліцы. Тады ж і перабудавалі фасад святыні. Да нашых дзён у касцёле захаваўся старадаўні арган XVIII стагоддзя. Адметнасць аргана – драўляная разьба, якой ён упрыгожаны: лічыцца, што гэта самы рознакаляровы падобны дэкор у Беларусі. Падобнае драўлянае ўпрыгожанне можна ўбачыць усяго ў некалькіх касцёлах Літвы. А яшчэ калісьці даўно арган упрыгожвалі дзве фігуры анёлаў, але, на жаль, скульптуры не захаваліся.
Варта адзначыць, што гісторыя гэтага месца вельмі сумная. У Другую сусветную вайну фашысты арганізавалі тут гетта, якое знаходзілася каля касцёла. Адзін з тых, хто выратаваўся з гетта ў Кемелішках – Шмуэль Керэн-Кроль – у 1992 г. устанавіў у мястэчку невялікі мемарыял у памяць пра ахвяр Халакосту.
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы
Смаргонскі раён, вёска Данюшава
Адлегласць ад Смаргоні: 13 км
Стыль: эклектыка
Час пабудовы: пачатак ХІХ стагоддзя
Першы касцёл у Данюшаве быў заснаваны ў 1483 годзе. Затым новы будынак узвялі ў 1620 г. на сродкі Яна Кішкі, і ён праслужыў вернікам больш за стагоддзе. У 1809 г. касцёл яшчэ раз перабудавалі, і з гэтага часу Данюшава стала самастойнай парафіяй. На фундаменце касцёла можна ўбачыць дату – 1902 год. Гэта азначае, што менавіта ў гэтым годзе была скончана рэканструкцыя святыні.
У пасляваенны час савецкія ўлады зачынілі касцёл і спалілі частку рэчаў, якія знаходзіліся ўнутры. Але мясцовым жыхарам удалося выратаваць некаторыя рэліквіі, якія захаваліся да нашых дзён.
Цікавы факт: касцёл у Данюшаве ўзгадваецца Канстанцінам Тышкевічам у манаграфіі “Вілія і яе берагі”.
Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі
Іўеўскі раён, вёска Дуды
Адлегласць ад Іўя: 8 км
Стыль: барока
Час пабудовы: другая палова XVIII стагоддзя
Першы ўспамін пра гэтую вёску адносіцца да XVI стагоддзя. Ёсць меркаванне, што раней на месцы касцёла знаходзілася больш старажытная святыня. Сённяшні касцёл захаваўся практычна ў тым выглядзе, у якім быў пабудаваны ў XVIII ст. Праўда, у савецкія часы касцёл ператварылі ў склад. Але ў канцы ХХ ст. святыню адрэстаўравалі і вярнулі мясцовай супольнасці.
Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса і св. Андрэя Баболі
Лідскі раён, вёска Мінойты
Адлегласць ад Ліды: 12 км
Стыль: неакласіцызм
Час пабудовы: першая палова ХХ стагоддзя
Гэтая святыня адносна маладая – лічыцца, што яна была пабудавана прыкладна ў 1927 г. Раней побач з касцёлам размяшчаўся панскі маёнтак. У касцёла даволі аскетычны і сціплы выгляд, што не перашкаджае яму быць помнікам архітэктуры.
Наогул вёска Мінойты вядоая сваім уладальнікам Юзафам-Антоніем Салагубам, які кіраваў тут у сярэдзіне XVIII ст. Гэта быў дзяржаўны дзеяч вельмі буйнога маштабу: між іншым абіраўся паслом на сеймы ад Жамойціі, быў дэпутатам Трыбуналу ВКЛ, Маршалкам Галоўнага Трыбуналу ВКЛ.
Касцёл Адшукання Святога Крыжа
Воранаўскі раён, вёска Жырмуны
Адлегласць ад Воранава: 16 км
Стыль: класіцызм
Час пабудовы: канец XVIII стагоддзя
Гісторыя ўзвядзення каталіцкіх святыняў на гэтай зямлі доўгая. Першы касцёл з’явіўся ў Жырмунах у XV ст. Затым у XVII ст. на яго месцы адбудавалі новую святыню. Але і яна не захавалася – згарэла падчас адной з войнаў. Таму яшчэ адзін касцёл на тым жа месцы пабудавалі ў XVIII ст. Зараз гэтай каталіцкай святыні ўжо 230 гадоў, што вельмі салідны ўзрост для драўлянага помніка архітэктуры. Унутры касцёла знаходзіцца арган і некалькі абразоў і скульптур, якія захаваліся яшчэ са старых святыняў.
Касцёл святога Андрэя Баболі
Гродзенскі раён, вёска Казловічы
Адлегласць ад Гродна: 16 км
Стыль: класіцызм
Час пабудовы: XIX стагоддзе
Святыня ў Казловічах была ўзведзена ў пачатку ХІХ ст. У 1859 г. яе перабудавалі і адрамантавалі. Але ў 1879 г. касцёл забралі ў католікаў, іён быў вернуты толькі ў 1920 г. У савецкі час са святыні зрабілі зернясховішча. Пры гэтым усе каштоўнасці, якія захоўваліся ўнутры, перавезлі ў касцёл у Гродне. Аднавілі і вярнулі святыню да жыцця толькі ў 1990 г.
Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі
Гродзенскі раён, вёска Парэчча (памежная зона)
Адлегласць ад Гродна: 36 км
Стыль: рысы барока і неаготыкі
Час пабудовы: пачатак ХХ стагоддзя
Першапачаткова на месцы гэтага касцёла планавалася пабудаваць капліцу. Аднак пазней замест яе было вырашана ўзвесці вялікую святыню. Мясцовы святар асабіста кіраваў будаўніцтвам, бо вельмі хацелася зрабіць касцёл нейкім асаблівым. І будынак сапраўды атрымаўся вельмі сімпатычным.
Касцёл святога Юды Тадэвуша
Гродзенскі раён, вёска Прывалкі (памежная зона)
Адлегласць ад Гродна: 34 км
Стыль: неаготыка
Час пабудовы: першая палова ХХ стагоддзя
Першы ўспамін пра гэтую святыню (тады гэта была капліца) адносіцца да XVII ст. Вядома, што касцёл на месцы капліцы ў 1609 г. быў пабудаваны Жыгімонтам ІІІ Вазам. У 1866 г. за ўдзел у паўстанні 1863 г. парафію ліквідавалі, і святыня знаходзілася ў заняпадзе да пачатку ХХ ст. Пазней будынак перадалі праваслаўным. Падчас Першай сусветнай вайны будынак гарэў, але хутка быў адноўлены католікамі. У савецкі час касцёл зачынілі і пакінулі пуставаць. Сёння святыня адноўлена і прымае вернікаў.
Паводле newgrodno.by