У сталічным выдавецтве “Энцыклапедыкс” убачыла свет кніга, якая распавядае пра жыццё ў былой Жодзішкаўскай гміне ў першай палове XX ст., а таксама прыадчыняе заслону гісторыі касцёла св. Юды Тадэвуша ў вёсцы Вішнева (дэканат Смаргонь). Выданне падзелена на 2 часткі: першая змяшчае ўспаміны Фелікса Жылкі, у 2-ой частцы прадстаўлена мастацка-дакументальная аповесць Анатоля Шчучкі.
Успаміны, напісаныя сэрцам
Францішак Жылка, дзейсны член Беларускага геаграфічнага таварыства, складальнік і фундатар кнігі, распавядае, што ідэя яе выдання з’явілася падчас працы над стварэннем радавога дрэва Жылкаў. “Для завяршэння працэсу складання радавода мне патрэбна было знайсці некаторыя звесткі пра сваіх продкаў. Я паслаў запыт сваяку Багуславу Жылку ў Гданьск. Каб даць адказы на хвалюючыя мяне пытанні, Багуслаў прыслаў сшытак з успамінамі свайго бацькі – Фелікса Жылкі, які да 1939 года быў войтам у Жодзішкаўскай гміне, – распавядае спадар Францішак. – Яны ахопліваюць дзеі 1900–1951 гадоў.
У гэтых запісах адлюстраваны галоўныя здарэнні ў сям’і, узаемаадносіны паміж суседзямі, вернікамі розных канфесій, прыстасаванне да новых улад, побыт гарадоў і мястэчак, у якіх па волі лёсу даводзілася апынуцца аўтару ўспамінаў. Фелікс пачаў занатоўваць свае назіранні і думкі з канца XIX стагоддзя. З часам сабралася шмат запісаў. Але падчас ІІ Сусветнай вайны яны, на вялікі жаль, былі знішчаны. Калі Фелікс сышоў на пенсію, у яго з’явілася больш вольнага часу і ён вырашыў «зазірнуць пад вечка сваёй памяці» і запісаць на паперы ўсё, што ўспомніў, каб паказаць сваім блізкім па крыві людзям, якімі дарогамі ішоў род Жылкаў”.
Францішак Жылка падкрэслівае, што аўтар успамінаў, які з’яўляецца стрыечным братам яго дзеда, вельмі дакладна скампанаваў інфармацыю, гістарычныя факты, задакументаваў прозвішчы і імёны людзей – жыхароў Жодзішкаў і ваколіц.
“Мяне ўразіла, наколькі добра чалавек запомніў усё, што адбывалася на працягу столькіх гадоў, – зазначае спадар Францішак. – Напэўна, гэта звязана з тым, што кожная апісаная падзея прайшла праз яго сэрца. Ён натаваў тыя выпадкі, у эпіцэнтры якіх знаходзіўся сам. Менавіта ў гэтым і заключаецца гістарычная каштоўнасць успамінаў. Калі хто-небудзь з навукоўцаў, пісьменнікаў ці краязнаўцаў і спрабаваў адлюстраваць жыццё Жодзішкаўскай зямлі, то апісваў яго з пазіцыі сваёй праўды, высоўваў у першыя шэрагі герояў блізкіх сабе па духу, ідэалогіі, а Фелікс Жылка на першае месца ставіў праўду сваёй зямлі. Ён распавёў пра касцёл у Жодзішках, капліцу ў Дубку, прадставіў шмат звестак пра кс. пробашча Рамуальда Дроніча, не абмінуў увагай кс. Вінцэнта Гадлеўскага, таксама ўспомніў пра кс. Стэфана Запасніка”.
Францішак Жылка пераклаў успаміны сваяка з польскай на беларускую мову, адрэдагаваў, аздобіў фотаздымкамі з сямейных архіваў, а таксама з калекцый Уладзіміра Ліхадзедава і Уладзіміра Багданава. У выніку атрымалася цікавая кніга.
“Я ўпэўнены, што калі ўспаміны напісаны сэрцам, то яны і дойдуць да сэрцаў,– заўважае спадар Францішак. – Фелікс Жылка, дакладна занатоўваючы ў свой сшытак найважнейшыя падзеі з жыцця шляхецкага роду і парафіяльнай супольнасці, напэўна, добра ўяўляў, што яны могуць стаць маленькім штуршком вяртання сапраўднай гістарычнай праўды жодзішкаўскай зямлі, якую «размылі» абставіны і дзесяцігоддзі. Цешуся, што ўдалося зберагчы гэты падмурак, на якім наступныя пакаленні будуць будаваць сваё жыццё”.
“Святынь маўклівыя цені”
Менавіта такую назву носіць 2-ая частка кнігі, у якой распавядаецца пра гісторыю каталіцкай парафіі ў Вішневе. Аўтарам твора – невялікай па аб’ёме, але вельмі грунтоўнай па змесце дакументальна-мастацкай аповесці – з’яўляецца Анатоль Шчучка, які нарадзіўся на вішнеўскай зямлі.
“Гісторыю маёй аповесці можна адлічваць з 2013 года, калі я знайшоў у вішнеўскім касцёле старадаўні абраз св. Юзафа з Дзіцяткам Езус, – распавядае аўтар. – Пачаў шукаць пра яго звесткі. Аказалася, што ў святыні ў пачатку XIX стагоддзя было 2 абразы: св. Тадэвуша і св. Юзафа з Дзіцяткам Езус. Абодва належалі пэндзлю вялікага беларуска-польска-літоўскага мастака Яна Дамеля. Ён напісаў іх па замове ў Вільні ў 1811 годзе. Пасля паўстання Каліноўскага храм аддалі праваслаўным, а католікі пабудавалі побач драўляны касцёл. Туды аддалі абраз св. Тадэвуша. Але падчас І Сусветнай вайны ён быў страчаны разам з касцёлам. Абраз св. Юзафа з Дзіцяткам Езус у гэты час знаходзіўся ў будынку ранейшай святыні. Ужо пры польскай уладзе яе вярнулі католікам, а абраз павесілі над алтаром. З часам ён стаў цямнець, старэць, таму абраз знялі, і многія гады ён проста пыліўся. Па просьбе старэйшага пакалення мясцовых вернікаў я знайшоў гэты абраз, перадаў спецыялістам. Зараз, пасля аднаўлення, ён зноў займае пачэснае месца ў храме – вісіць над галоўным алтаром”.
Выдавец невыпадкова змясціў пад адной вокладкай успаміны, напісаныя Феліксам Жылкам, і аповесць “Святынь маўклівыя цені”. Так склалася, што род Жылкаў да пераезду ў 1900 годзе ў засценак Стаўбуцева Жодзішкаўскай парафіі, на працягу 2-ух стагоддзяў жыў у засценку Роскаш каля вёскі Слаўчаняты Вішнеўскай парафіі. Аповесць і ўспаміны дапаўняюць адно аднаго.
Анатоль Шчучка падкрэслівае, што знаходка стала сапраўднай падзеяй ў духоўным і культурным жыцці Беларусі, а яго самога натхніла на пошук звестак пра гісторыю мясцовага касцёла. “Усе гістарычныя факты і падзеі, што тычыліся Вішнеўскай парафіі і трапляліся мне на вочы, я старанна занатоўваў, захоўваў на камп’ютары, – гаворыць спадар Анатоль. – З цягам часу сабралася вялікая колькасць асобных тэматычных нататак. Цікава, што падчас працы над імі мне трапляліся факты, якія зусім не адпавядалі рэчаіснасці. Напрыклад, у адной з крыніц узгадваўся чалавек, які не меў ніякага дачынення да касцёла, бо памёр за 15 гадоў да пабудовы святыні, а яго прозвішча фігурыравала ў якасці фундатара. У той жа час мясцовыя парафіяне не ведалі пра тых людзей, якія на самой справе ўклалі свае грашовыя сродкі, ахвяравалі здароўе і час, рызыкавалі жыццём дзеля будовы касцёла. Мне стала неяк крыўдна за тых, хто зрабіў годную справу, а зараз ляжыць у крыпце храма, але ніхто не ўзгадвае іх імёны. Таму вырашыў сабраць у адно цэлае даты, прозвішчы асоб, якія пакінулі след на гэтай зямлі, і распавесці пра гісторыю парафіі. Мне не хацелася падаваць звесткі ў сухой энцыклапедычнай форме, таму вырашыў крыху расфарбаваць іх мастацкай фантазіяй. У выніку атрымалася мастацка-дакументальная аповесць “Святынь маўклівыя цені”. Месца дзеяння і ўсе дзеючыя асобы, якія згадваюцца ў дадзеным творы, на самой справе існавалі і пакінулі свой след у гісторыі. Падзеі, апісаныя ў тэксце, рэальна адбываліся ў рэчаіснасці. Але ўсё мастацкае апісанне было выдумана. На самой справе ўсе здарэнні мелі месца пры, магчыма, зусім іншых абставінах”.
Аўтар падкрэслівае, што падчас працы над творам прыйшлося папрацаваць і з успамінамі старэйшых жыхароў Вішнева, і з архіўнымі дакументамі, з якімі трэба было звяраць існуючыя звесткі і шукаць цікавыя ілюстрацыі да кнігі. Таксама даводзілася звяртацца да польскіх, літоўскіх, беларускіх навуковых выданняў. У выніку Анатоль Шчучка вывеў у сваім творы вобразы ўсіх ксяндзоў, якія верай і праўдай служылі вернікам, займаліся іх адукацыяй і духоўным выхаваннем: кс. Юліяна Цімашкевіча, кс. Пятра Война-Аранскага, кс. Юзафа Кісяля.
“Мне хацелася перадаць узаемаадносіны паміж людзьмі і канфесіямі, паказаць цікавую гісторыю касцёла, у якім, нягледзячы на трагічныя падзеі, не пераставалі гучаць словы, усхвалаючыя Бога, бо святыня заўсёды была пад надзейнай абаронай абраза св. Юзафа з Дзіцяткам Езус, – гаворыць спадар Анатоль. – Я не пісьменнік, проста пісаў свой твор ад душы, бо памяць аб продках, аб роднай мясцовасці, дзе нарадзіўся і жыў, – святое для мяне”.
Анатоль Шчучка адзначае, што вельмі цешыцца з таго, што лёс звёў яго з ініцыятыўным укладальнікам і фундатарам Францішкам Жылкам, які прапанаваў аб’яднаць пад адной вокладкай успаміны Фелікса Жылкі і гісторыю вішнеўскага касцёла. Так па Божай волі і нарадзілася кніга.
Выданне выйшла накладам 200 асобнікаў. Яно захопіць тых, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі, і, перадусім, людзей, якія звязаны з Жодзішкаўскай і Вішнеўскай парафіямі.
Кінга Красіцкая, паводле "Слова Жыцця"