Касцёл Адшукання Святога Крыжа ў Гродне (пабернардынскі) з’яўляецца найстарэйшым у горадзе і ўваходзіць у дзясятку старэйшых касцёлаў дыяцэзіі. Да 400-годдзя кансэкрацыі святыні прапануем вашай увазе некалькі вядомых і малавядомых фактаў пра пабернардынскі касцёл.
Касцёл вылучаецца зліццём розных архітэктурных стыляў
Асаблівым пабернардынскі касцёл робіць спалучэнне ў архітэктуры элементаў розных стыляў: готыкі, рэнесансу і барока. Вокны святыні гатычныя, але агульнае ўяўленне больш нагадвае нідэрландскі рэнесанс. Галоўны фасад касцёла выкананы ў стылі ранняга барока. А ў стылі позняга барока дабудаваны пасля вялікага пажару 2 верхнія ярусы званіцы. Такім чынам, камбінацыя розных архітэктурных стыляў робіць святыню ўнікальнай і непаўторнай.
Галоўны фасад рэканструяваны па ўзоры рымскага езуіцкага касцёла Іль-Джэзу, першапачатковы праект якога падрыхтаваны Мікеланджэла Буанароці.
Больш за 10 гадоў святыню ўпрыгожваў абраз Маці Божай з Будслава
З пэўных крыніц вядома, што раней адзін з алтароў у пабернардынскім касцёле быў прысвечаны Маці Божай Будслаўскай. Як узгадваюць некаторыя гісторыкі, у 1654–1665 гадах тут знаходзіўся сам цудоўны абраз (паводле іншых звестак, у гады вайны Расіі з Рэччу Паспалітай абраз быў вывезены з Будслава ў Сакулку, што ў Польшчы).
Адна з капліц у касцёле прысвечана Езусу Міласэрнаму. Яна паўстала дзякуючы намаганням пробашча кс. прэлата Антонія Ханько, са згоды біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. Культ Божай міласэрнасці ў парафіі пачаў развіваць папярэднік пробашча кс. інфулат Міхал Арановіч. У цэнтры капліцы знаходзіцца фігура Езуса Міласэрнага, а вышэй на сцяне віднеюцца выявы шанавальнікаў культу Божай міласэрнасці, між іншым, сясцёр з Кангрэгацыі Божай Міласэрнасці: с. Тэрэзы Патоцкай (заснавальніцы) і с. Цэцыліі Абухоўскай (маці-настаяцельніцы); сясцёр назарэтанак; а таксама ксяндзоў: Юзафа Грасэвіча (пробашча ў Каменцы), Міхала Арановіча (пробашча пабернардынскага касцёла) і Пятра Барташэвіча (пробашча ў Жалудку). Усе гэтыя асобы актыўна прычыніліся да развіцця культу Божай міласэрнасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Усе 16 алтароў, выкананыя ў стукавым дэкоры (са штучнага мармуру), адносяцца да асаблівых каштоўнасцей святыні.
У касцёле захавалася шмат рарытэтных рэлігійных прадметаў
Адной з самых старэйшых рэчаў у святыні з’яўляецца табліца-памятка кансэкрацыі касцёла, якую здзейсніў біскуп Яўстахій Валовіч 13 мая 1618 года. Пры ўваходзе ў касцёл знаходзіцца драўляная фігура ўкрыжаванага Езуса Хрыста. Існуе меркаванне, што яна была ўстаноўлена там у 1680 годзе (раней знаходзілася ў галоўным алтары). Старэйшыя воты ў святыні датуюцца 1796 годам. Каля 1800 года ў касцёле размешчаны канфесіяналы, якія знаходзяцца там да сёння.
Магчыма, некаторыя рарытэтныя рэчы з пабернардынскага касцёла з часам будуць перададзены ў дыяцэзіяльны музей (пасля яго адкрыцця)
Сотні гадоў з вежы касцёла б’юць у вялізны звон
У касцёльнай вежы знаходзяцца 2 званы (з 4-ох ранейшых), якія паходзяць з ХVІІІ ст., зладжаныя на зберажэнні і намаганнямі віленскага майстра ды настаяцеляў былога кляштара айцоў бернардынцаў. Самы вялікі з іх важыць амаль 5 тон!
Дарэчы, на ўсіх старажытных гродзенскіх званах была змешчана інфармацыя: “Grodnae apud Patrum Bernardinorum”, што значыць, што яны былі адліты ў майстэрні ў кляштары.
Адзін са старадаўніх званоў можна пачуць з вежы касцёла падчас вялікіх урачыстасцей.
На тэрыторыі былога кляштара айцоў бернардынцаў месціцца духоўная семінарыя
Сёння да пабернардынскага касцёла прылягае будынак Вышэйшай духоўнай семінарыі. Раней на гэтай тэрыторыі знаходзіўся кляштар айцоў бернардынцаў. Магчыма, для яго было прыстасавана месца былых каралеўскіх стайняў (у 1494 годзе князь Аляксандр Ягелончык аддаў угоддзі пад уласнасць манахаў). Акрамя касцёла і кляштара, на землях айцоў бернардынцаў размяшчаліся могілкі, каплічка, аркада, школа, шпіталь-прытулак, сад, агарод, а таксама гаспадарчыя будынкі: лазня, кузня, студня, мураванка, бровар, стайня, млын, збожжасховішча, хлявы, хмельнік.
Насупраць праз дарогу знаходзіўся касцёл і кляштар сясцёр бернардынак. Ён быў пабудаваны прыкладна ў той жа час. Дзейнічаў да сярэдзіны ХІХ ст. Сёння на месцы былога касцёла і кляштара знаходзіцца Гродзенскі абласны драматычны тэатр.
У пачатку 1920-х гадоў частку кляштара айцоў бернардынцаў займала жаночая пачатковая школа, якой кіраваў пробашч пабернардынскага касцёла кс. канонік Антоній Курыловіч.
У касцёле брала шлюб вядомая пісьменніца
Амаль 124 гады таму ў пабернардынскім касцёле быў заключаны шлюб знакамітай польскай пісьменніцы Элізы Ажэшка з адвакатам Станіславам Нагорскім. У 1991 годзе, да 150-годдзя з дня нараджэння пісьменніцы, у адну з калон святыні была ўмуравана памятная табліца ў яе гонар.
Эліза Ажэшка правяла ў Гродне большую частку свайго жыцця. Дзякуючы ёй горад стаў важным цэнтрам літаратурнага жыцця. Дом пісьменніцы быў месцам сустрэчы многіх вядомых і выдатных навукоўцаў, пісьменнікаў і мастакоў. Пры жыцці Эліза нават намінавалася на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Акрамя таго, яна актыўна займалася грамадскай і дабрачыннай дзейнасцю.
У касцёле таксама захоўваецца памяць аб 12-ці выдатных дзеячах Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, многія з якіх выступілі фундатарамі ўзвядзення святыні.
Ангеліна Пакачайла, паводле "Слова Жыцця"