Горад над Нёманам лічыцца “самым еўрапейскім” у Беларусі і займае асаблівае месца сярод культурна-гістарычнай спадчыны краіны. Турысты яго любяць і актыўна сюды прыязджаюць. З задавальненнем шпацыруюць па старых вуліцах, дзе адчуваецца подых мінуўшчыны, знаёмяцца з багаццем старадаўніх славутасцей. Можна з упэўненасцю сказаць, што ніводная экскурсія не абыходзіцца без наведвання візітнай карткі горада – каталіцкіх храмаў, адметных прыгажосцю архітэктуры і багаццем гісторыі.
Прапануем зірнуць на гродзенскія касцёлы вачамі вядомых гісторыкаў і экскурсаводаў Андрэя Вашкевіча і Яўгена Махнача.
Катэдральная базіліка св. Францішка Ксаверыя
Несумненна, кожнага, хто наведвае горад, цікавіць адзін з самых прыгожых і найлепш захаваных касцёлаў у Беларусі – частка буйнога езуіцкага комплексу, паўсталага ў цэнтры Гродна ў XVII–XVIII стагоддзях. “Калі вяду турыстаў да Фары, то звычайна пачынаю свой аповед з гісторыі гэтай велічнай святыні ў стылі барока, – распавядае Андрэй Вашкевіч. – Узгадваю дзейнасць айцоў езуітаў, якія прыбылі ў горад па запрашэнні караля Стэфана Баторыя. Яшчэ ў далёкім 1584 годзе ён стараўся, каб айцы пабудавалі ў Гродне касцёл і калегіум, але жаданням караля было наканавана здзейсніцца значна пазней. Толькі ў 1622 годзе езуіты пасяліліся ў горадзе над Нёманам… Безумоўна, не абмінаю сваёй увагай вежавы гадзіннік – самы стары ў Еўропе, механізм якога да цяперашняга часу працуе лепш за многія сучасныя. Першапачаткова ён упрыгожваў вежу гарадской ратушы на рыначнай плошчы, а затым быў перанесены ў касцёл. Зараз вежавы гадзіннік па праву можна назваць брэндам нашага горада”.
Экскурсавод таксама распавядае, што фарны касцёл славіцца сваёй аздобай, прыгожымі алтарамі. “Сапраўдным мастацкім шэдэўрам з’яўляецца галоўны алтар з яго драўлянымі фігурамі, – гаворыць Андрэй Вашкевіч. – Тут заўсёды акцэнтую ўвагу на яго асобных частках. Асабліва цікавымі з’яўляюцца не толькі фігуры Хрыста, апосталаў і св. Францішка Ксаверыя, але і трэці ярус, сімвалічны: скульптуры жанчын увасабляюць сабой часткі свету, у якіх езуіты праводзілі місіянерскую дзейнасць. Хоць без бінокля даволі складана дэтальна іх разглядзець, але, тым не менш, чалавек з добрым зрокам можа адрозніць сярод іншых жанчыну з галавой слана. Колер яе скуры цямнейшы за астатніх. Яна сімвалізуе Афрыку. Здараюцца часам і камічныя выпадкі, калі людзі гавораць, што бачаць жанчыну ў працівагазе (смяецца – заўв. аўт.). Таксама заўсёды прашу турыстаў уважліва прыглядзецца да падлогі. На ёй ляжаць пліты, на якіх бачны скамянелыя ракавіны галаваногіх малюскаў, што жылі 450 мільёнаў гадоў таму. У архіўных крыніцах і інвентарах касцёла ўзгадваецца аб "шведскім камені", якім была пакрыта падлога ўнутры касцёла. "Шведскі камень", "шведскі мармур", "lapis sueticus", "шведская падлога" або "вазоўская падлога" – назва папулярнага і вельмі дарагога каменю, які быў распаўсюджаны на нашых землях у XVI–XVIII стагоддзях. Патрапіў ён сюды са Скандынаўскага паўвострава, а менавіта са Швецыі. Адсюль і такая назва. У Гродне са "шведскага каменю" выкладзена падлога ў паезуіцкім і пабернардынскім касцёлах. Магчыма, ім былі аздоблены і іншыя храмы, якія не захаваліся да гэтага часу”.
Андрэй Вашкевіч адзначае, што яшчэ вельмі любіць распавядаць турыстам пра флюгеры ў форме анёлаў на фарным касцёле. Акцэнтуе ўвагу на тым, што яны амаль у чалавечы рост. Іх вышыня дасягае 120 см, хоць гледзячы на іх з зямлі цяжка ў гэта паверыць.
Экскурсавод Яўген Махнач падкрэслівае, што фарны касцёл – той прыпанак, без якога не абыходзяцца і яго экскурсіі. “Калі заходжу разам з турыстамі непасрэдна ў саму святыню, то вельмі люблю дзівіцца на іх рэакцыю: многія губляюць дар мовы. Заўсёды распавядаю наведвальнікам, што касцёл захоўвае гісторыю і аб розных знакамітых людзях, якія жылі ў Гродне. Пра гэта сведчаць памятныя табліцы на сценах храма. Узгадваю нашага земляка Жыгімонта Урублеўскага, сусветна вядомага навукоўца-хіміка, які ўпершыню ў свеце атрымаў вадкі кісларод. У памяць аб ім у базіліцы была ўсталявана мемарыяльная шыльда, – гаворыць экскурсавод. – Не абмінаю ўвагай пышную стэлу, усталяваную ў памяць аб Антонію Тызенгаўзу. Яна выглядае як надмагілле. Пад стэлай сядзіць жанчына, нібыта муза графа. На яе галаве – карона ў выглядзе гарадской сцяны з вежамі. Гэта сведчыць аб тым, што Тызенгаўз быў выбітным будаўніком горада”.
Яўген Махнач таксама знаёміць турыстаў з гісторыяй фарнай аптэкі, якая з’яўляецца адной з самых старых у Беларусі. Паказвае на будынак калегіума, дзе зараз месціцца турма. “Тут узгадваю вядомых вязняў. Распавядаю, між іншым, пра Напалеона Орду, паказваю яго малюнак, на якім адлюстраваны фарны касцёл з боку турмы. Пры гэтым заўсёды жадаю экскурсантам, каб ім ніколі не давялося глядзець на святыню з гэтага ракурсу”, – з усмешкай гаворыць гісторык.
Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак
Андрэй Вашкевіч і Яўген Махнач распавядаюць, што паколькі большасць касцёльнай маёмасці была канфіскавана і вывезена з храма, з аўтэнтычнага інтэр’еру амаль нічога не засталося. Найбольшую цікавасць уяўляе сабой тэрыторыя кляштара і старадаўні дряўляны лямус. Але, на вялікі жаль, паглядзець на іх зблізку турысты пакуль не могуць, паколькі там вядуцца рэстаўрацыйныя працы. Экскурсаводы гавораць, што звычайна прапануюць турыстам палюбавацца храмам звонку, пры гэтым засяроджваюцца на разынцы касцёла – чорна-белым поясе, на якім адлюстраваны пачвары, што паядаюць чалавечую душу. Аздоба выканана ў тэхніцы зграфіта – відзе аздаблення, які атрымліваецца ў рэзультаце нанясення на грунт двух і больш розных па колеры слаёў з наступным частковым прадрапваннем па зададзеным малюнку.
“Шкада, што не заўсёды ёсць магчымасць патрапіць разам з турыстамі і ў музей, які знаходзіцца ў падзямеллях касцёла, – гаворыць Яўген Махнач. – Там захоўваецца шмат цікавых старадаўніх рэчаў, сярод якіх ёсць арыгінальныя творы мастацтва, напрыклад, абраз "Танец смерці". Ён складаецца з 16-ці сцэн. Цэнтральны сюжэт – 2 д’яблы вудамі ловяць у вадзе людзей, дзе таксама плаваюць каралеўскія кароны і папскія тыяры. Вышэй сядзіць яшчэ адзін д’ябал, у якога з-пад хваста цячэ жоўтая вадкасць і трапляе ў рот яўрэю, адкуль вылятаюць грошы. Ніжэй змешчаны 2 малюнкі. На адным смерць, прадстаўленая ў выглядзе шкілета, які танчыць з натоўпам людзей, на другім – пашча пачварнай жывёліны, якая сімвалізуе пекла. Навокал малюнкі, якія адлюстроўваюць іерархію ўсіх людзей на зямлі ў разнастайных вопратках і з рознымі сімваламі ўлады. Галоўны сэнс малюнкаў і подпісаў пад імі – паказаць марнасць чалавечага жыцця, бяссільнасць улады і багаццяў перад смерцю, неабходнасць імкнення да вечнага жыцця ў небе”.
Касцёл Маці Божай Анёльскай
Экскурсаводы кажуць, што францішканскі касцёл таксама з’яўляецца вельмі знакавым месцам. Безумоўна, турысты ахвотна слухаюць яго гісторыю, знаёмяцца з асобамі а. Мельхіёра Фардона, які выратаваў ад смерці ў Гродне 13 пажарных і св. Максімільяна Кольбэ. Дарэчы, сёння ўсіх, хто прыходзіць у гродзенскі касцёл Маці Божай Анёльскай, ля брамы сустракае фігура а. Кольбэ. У самой жа святыні ўсталявана памятная табліца ў гонар святара, а таксама захоўваюцца яго рэліквіі.
“Акрамя таго, прапануем турыстам узняць свае вочы ўгару і ўважліва паглядзець на велічны дуб. Нездарма звяртаем увагу на гэтае дрэва: на сённяшні момант яно самае старое ў Гродне”, – падкрэслівае Андрэй Вашкевіч.
Касцёл Адшукання Святога Крыжа
“Гэты касцёл – пасля разбурэння Фары Вітаўта – з’яўляецца найстарэйшай каталіцкай святыняй у Гродне. Касцёл цікавы перш за ўсё тым, што сумяшчае ў сабе некалькі архітэктурных стыляў”, – гаворыць Андрэй Вашкевіч. Яўген Махнач дапаўняе, што, распавядаючы турыстам пра бернардынскі касцёл, заўсёды ўзгадвае легенду, паводле якой на будаўніцтва святыні болей за ўсіх ахвяравалі салдаты, якія вярталіся з перамогай дамоў. І ў памяць аб шчаслівай падзеі “кожны рыцар даў талер з конскага капыта на касцёл, а Леў Сапега, канцлер вялікі літоўскі, сыпануў жменяй тысячу”.
Яўген Махнач таксама зазначае, што, стоячы з групай турыстаў на ўзвышшы ля бернардынскага касцёла, распавядае пра страчаную гістарычную архітэктуру Гродна.
“Раней Савецкая плошча называлася Плошчай чатырох касцёлаў. Зараз захаваліся толькі 2: не хапае Фары Вітаўта і жаночага бернардынскіага кляштара, на месцы якога зараз месціцца драмтэатр. Паводле гарадской легенды, існавалі падземныя хады, якія нібыта маглі злучаць паміж сабой гэтыя храмы, а таксама замкі, выходзячы на супрацьлеглы бок Нёмана. Як з’явілася гэтая байка? Некалі цяперашняя Савецкая плошча, былы рынак, мела вельмі шчыльную забудову. Там была ратуша, палац Радзівілаў, рамесніцкія гандлёвыя рады. Канешне, у гэтых будынках былі падвалы. Сёння тых пабудоў няма, а падвалы засталіся. І калі вядуцца нейкія будаўнічыя працы, здымаецца верхні пласт зямлі, то скляпенні агаляюцца. Людзі бачаць, што там ёсць нейкая прастора, якая нагадвае падземны ход. Такую легенду цікава распавядаць гасцям горада. Мы ж ведаем, што ніводнага доказу існавання гэткіх хадоў знойдзена не было”.
Андрэй Вашкевіч і Яўген Махнач рэзюмуюць, што апошнім часам у сувязі з увядзеннем бязвізавага рэжыму Гродна актыўна наведваюць турысты з Польшчы і Літвы. Нягледзячы на тое, што ў гэтых краінах захавалася шмат старадаўніх святынь, замежныя госці заўсёды прыходзяць у захапленне ад убачанага і прызнаюцца, што не чакалі ўбачыць такія ўнікальныя помнікі архітэктуры. Адзінае пажаданне, якое выказваюць экскурсаводы, – гэта каб святыні былі ўвесь час па магчымасці адчынены для турыстаў, бо на сёння не ў кожную з іх можна свабодна патрапіць.
Кінга Красіцкая, паводле "Слова Жыцця"