13 красавіка прыпадае 27-ая гадавіна заснавання Гродзенскай дыяцэзіі і прэканізацыя кс. біскупа Аляксандра Кашкевіча. З гэтай нагоды прапануем запазнацца з мінулым і сучасным Касцёла на Гродзеншчыне.
Цяжкі шлях да ўзнікнення біскупства ў Гродне
З 1900 года ў Гродне размяшчалася рэзідэнцыя праваслаўнага епіскапа, а рэзідэнцыі каталіцкага біскупа не было. Таму былі прыняты першыя праекты, якія датычыліся зацвярджэння ў Гродне каталіцкага біскупа. Аднак мацнейшымі аказаліся аргументы адносна таго, каб не дзяліць тэрыторыю Віленскай дыяцэзіі, і так ужо паменшаную на карысць новаўтвораных Падляскай і Пінскай дыяцэзій. І праект заснавання дыяцэзіі ў Гродне быў адкладзены на пазнейшы час.
Намеры стварыць дыяцэзію ў Гродне адрадзіліся ў пачатку 1930-х гг.
Але недахоп сродкаў урада Рэчы Паспалітай на ўтрыманне біскупа прывёў да таго, што Апостальская Сталіца не зацвердзіла гэтае рашэнне. Фінансаванне з бюджэту дзяржавы на касцёльную структуру было арганізавана толькі ў 1938–1939 гг. Аднак выбух Другой сусветнай вайны стаў чарговай перашкодай для ўтварэння дыяцэзіі.
Устанаўленне дыяцэзіі
Гродзенская дыяцэзія была заснавана Папам Янам Паўлам ІІ 13 красавіка 1991 года. У Буле “Qui Operam” Пантыфік адзначае: “На вечную памяць перадаём гэтую справу, каб у Саюзе Савецкіх Рэспублік быў адноўлены каталіцкі Касцёл, для духоўнай карысці супольнасці католікоў лацінскага абраду, што пражываюць у Гродзенскай акрузе ў Рэспубліцы Беларусь”.
Адначасова з Булай аб заснаванні Гродзенскай дыяцэзіі Папа Ян Павел II падпісаў Булу аб выбранні і абвяшчэнні “улюбёнага сына Аляксандра Кашкевіча, з духавенства Віленскай архідыяцэзіі, пробашча парафіі Святога Духа ў Вільні, біскупам Гродзенскім Лацінскім”.
Катэдрай біскупа і Маці касцёлаў дыяцэзіі стаў гродзенскі касцёл св. Францішка Ксаверыя.
Якраз перад заснаваннем дыяцэзіі 17 сакавіка 1991 года святыня была ўзведзена ў ранг малой базілікі.
Тэрыторыя, структура
Гродзенская дыяцэзія ахоплівае тэрыторыю прыкладна ў 25 тысяч квадратных кіламетраў і адпавядае межам Гродзенскай вобласці. У 1991 годзе ў яе склад увайшло 119 парафій, якія належалі да даваеннай Віленскай архідыяцэзіі, 4 парафіі – да Пінскай дыяцэзіі, а таксама 7 парафій – да Ломжынскай. У межах новай дыяцэзіі аказалася каля 900 тысяч жыхароў, з якіх каля паловы дэкларавалі сваю прыналежнасць да каталіцкага Касцёла.
Сёння з больш чым мільённага насельніцтва Гродзенскай вобласці католікамі з’яўляюцца каля 40–45%.
З 1993 года парафіі дыяцэзіі, паводле праекта кс. праф. Тадэвуша Крахеля, былі аб’яднаны ў 15 дэканатаў, а з 1997 года – у 16. Беручы пад увагу аддаленыя тэрыторыі некаторых парафій і дэканатаў ад сталіцы дыяцэзіі, біскуп заснаваў у 2007 годзе 2 душпастырскія акругі дыяцэзіі: Гродзенскую і Лідскую.
Адміністрацыя
Важнай установай, якая падтрымлівае дыяцэзіяльнага біскупа, з’яўляецца біскупская курыя. На пачатку існавання дыяцэзіі яна дзейнічала ў Гродне пры пабернардынскім касцёле. З 1992 года была перанесена на другі і трэці паверхі плябаніі катэдральнай парафіі. З лютага 2001 года курыя функцыянуе ў будынках, атрыманых і адрамантаваных пасля былога інтэрната езуіцкай калегіі.
Тагачасны канцлер курыі – кс. Віктар Ханька. Біскупам таксама ўстаноўлены пасады віцэканцлера, натарыуса, архівіста. У якасці сакратарак у курыі служаць манаскія сёстры з супольнасці Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта і свецкія асобы.
Згодна з правіламі Кодэкса Кананічнага Права, на час, акрэслены біскупам, у 1996, 2001, 2008 і 2013 гг. зацвярджаліся Калегіі кансультараў. Яны кіруюцца зацверджанымі статутамі і пры выкананні ўказанняў дыяцэзіяльнага біскупа маюць дарадчы голас.
У 2016 годзе распачаў служэнне Гродзенскі капітул Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра. У яго склад уваходзяць 16 канонікаў, сярод якіх 8 грэміяльных і 8 ганаровых.
Капітул увасабляе клопат Касцёла аб справах культу і падтрымлівае біскупскую адміністрацыю ў якасці сената і рады.
Час існавання Гродзенскай дыяцэзіі характарызуецца актыўнай дзейнасцю душпастырскіх структур, рэалізацыяй шэрага ініцыятыў. Іх мэта – абудзіць рэлігійнае жыццё сярод дзяцей, моладзі і старэйшых. Гэтаму садзейнічаюць пастаянная катэхізацыя, сустрэчы, фармацыйныя курсы, рэкалекцыі і рэлігійныя з’езды.
JM