Успаміны і перажыванні старэйшага пакалення – гэта жывы ўрок гісторыі для маладых людзей. Дастаткова часта жыццё нашых бабуль і дзядуль, нібы такое звычайнае і простае, напоўнена цяжкасцямі і цярпеннем. Аднак ніколі ў гэтых людзей не было недахопу сіл і мужнасці, каб з унутранай рашучасцю абараняць свае каштоўнасці і веру, жыць, у першую чаргу, не для сябе, а для Бога.
Сёння “накіроўваемся” ў мястэчка Адэльск, каб пазнаёміцца з Антоніем Пясэцкім. Каранны адэльшчанін наблізіць нам некаторыя старонкі гісторыі мясцовай парафіі, каб памяць пра іх не знікла.
Мястэчка Адэльск і касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі – гэта мая родная парафія. Тут у 1929 годзе я з’явіўся на свет. Выхоўваўся ў каталіцкай сям’і, дзе кожны песціў у сваім сэрцы веру ў Бога. Можа таму, будучы яшчэ малым хлопцам, я пачаў служыць у касцёле як міністрант. Бачыў там людзей, якія шчыра маліліся, прыступалі да святых сакрамантаў, даручалі сваё жыццё Хрысту і будавалі парафіяльную сям’ю.
Пасля пачатку ІІ Сусветнай вайны адэльшчане павінны былі змірыцца з нялёгкім выклікам – захаваць сваю веру падчас ганенняў, зрабіць усё, каб нікому не ўдалося перамяніць парафію ў духоўную пустыню. Самым складаным перыядам сталі 50-я гады, калі католікі рашуча змагаліся з крымінальнай камуністычнай сістэмай. У той час савецкія ўлады пачалі сістэматычна знішчаць касцёльныя структуры на тэрыторыі Беларусі. Ліквідаваліся святыні, асобныя супольнасці пазбаўляліся духоўных кіраўнікоў – іх душпастыраў.
Узнагарода сям'і Пясэцкіх з апостальскім бласлаўленнем Папы Рымскага Яна Паўла ІІ
У 1955 годзе ў адэльскую парафію нарэшце прыбыў святар – кс. Пётр Барташэвіч. Гэта быў малады чалавек, які перажыў сібірскія лагеры. Аднак, нягледзячы на гэта, меў вельмі пазітыўны настрой і любіў дзейнічаць. Арганізаваў у парафіі хор, да якога належаў і я, літургічную службу алтара, якую складалі каля 40-ка міністрантаў. Кс. Пётр клапаціўся пра духоўнае развіццё хлопцаў, вучыў паводзінам падчас св. Імшы, таксама правяраў вынікі вучобы ў школе і нават хадзіў з імі на стадыён. Сёння з упэўненасцю магу сказаць, што ўсе міністранты выраслі прыстойнымі людзьмі, таму што будавалі сваё жыццё на моцным фундаменце, закладзеным у іх кс. Пятром.
Святар шмат часу прысвячаў выхаванню, хрысціянскай і людской фармацыі маладога пакалення. Быў вельмі актыўны, працавіты і адважны. Людзі цягнуліся да яго, паколькі святар заўсёды меў час, каб паразмаўляць з чалавекам. Не толькі даваў добрыя духоўныя парады, але і дапамагаў у вырашэнні пэўных штодзённых праблем. Дзверы яго дома заўсёды былі адчынены.
Безумоўна, такі расклад не падабаўся савецкім уладам, і таму яны пастанавілі перавесці нашага пробашча ў іншую парафію. Святару прапанавалі розныя месцы служэння, але ён не хацеў выязджаць з мястэчка. Сказаў, што пакіне Адэльск толькі пры ўмове, што на яго месца прыйдзе іншы святар. У 1963 годзе кс. Пётр быў прызначаны пробашчам у Жалудку, а ў нашу парафію накіравалі кс. Фелікса Сароку.
Шчырасць і зычлівасць кс. Пятра я памятаю да сёння. Гэта ён удзяліў нам з жонкай шлюб, ахрысціў дзяцей: 4-ых сыноў і дачушку. Усе яны праз катэхезу былі падрыхтаваны да прыняцця святых сакрамантаў. Я нязмерна ўдзячны святару за духоўную апеку над нашай сям’ёй.
Калі дзеці хадзілі ў школу, там праводзіліся прапагандысцкія атэістычныя акцыі. Вучням забаранялася хадзіць у касцёл. Настаўнікі запісвалі прозвішчы тых, хто ўдзельнічаў у нядзельнай св. Імшы, і потым каралі іх. Аднак, нягледзячы ні на што, мы стараліся выхоўваць сваіх дзяцей у рэлігійным духу.
Антоній Пясэцкі
Я сам ніколі не ўваходзіў у камуністычную партыю, хоць мяне неаднаразова запрашалі. Памятаю, у 1964 годзе ў калгасе сабралі добры ўраджай, перадавікам выдзелілі прэміі. З гэтай нагоды ў мястэчку павінна было адбыцца свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Пачатак быў запланаваны на тую ж гадзіну, што і св. Імша ў касцёле, непадалёку ад святыні. Улады разлічвалі, што замест таго, каб пайсці ў касцёл, людзі збяруцца ў парку, але груба памыліліся. Ніхто не хацеў “замяняць” Бога на дыпломы і грашовае ўзнагароджанне. Кіраўніцтва калгаса вельмі раззлавалася, і прэміі нікому не выдалі. Але гэты выпадак стаў для іх добрай навукай на будучыню. У наступныя гады такія мерапрыемствы планавалі так, каб яны не супадалі па часе са св. Імшой, і было добра. Успамінаючы тыя гады прыгнёту, мне думаецца, што мы вытрымалі толькі дзякуючы таму, што трымаліся разам. Голад Бога быў такі вялікі, што не адчайваліся з-за няўдач, і ніякія ганенні не маглі нас запалохаць.
Жыхароў Адэльска часта крытыкавалі за тое, што яны з’яўляюцца сапраўднымі католікамі. Не саромеюцца, не хаваюцца, а адкрыта дэманструюць сваю веру. Некаторыя партыйныя называлі нас “адэльскімі багамоламі”. Але былі і такія, хто ўспрымаў нас як нармальных, добрасумленых людзей. Аднойчы ў размове старшыня калгаса з суседняй вёскі шчыра мне прызнаўся, што калі б меў такіх добрых працаўнікоў у сябе, то нават расчысціў бы ім зімой дарогу да касцёла.
Міналі чарговыя гады, якія прыносілі карэнныя змены ў сістэме савецкай дзяржавы. Надышла гарбачоўская перабудова. І тады ў нашых сэрцах абудзілася надзея, што Касцёл, які столькі гадоў знішчаўся, нанова адродзіцца і ажыве. Так і сталася. Сёння наша святыня вядома далёка за межамі мясцовасці. Штогод падчас адпусту св. Антонія, апекуна парафіі, тлумы вернікаў наведваюць адэльскі касцёл.
У дзень святарскіх пасвячэнняў кс. Тадэвуша Кандрусевіча (Антоній Пясэцкі ў першым радзе другі злева)
Я ганаруся тым, што маё пакаленне годна перажыло цёмныя і трагічныя гады, што нас не ўдалося адарваць ад Касцёла. Мы трывалі ў веры, абаранялі яе падчас праследаванняў і перадавалі маладому пакаленню адэльшчан. На шчасце, сёння ўжо не трэба хаваць веру на дне свайго сэрца, можна яе публічна вызнаваць.
Дзякуючы намаганням парафіяніна Станіслава Будрэвіча і ўсіх вернікаў Адэльска ўдалося замяніць назву адной з цэнтральных вуліц нашага мястэчка на вуліцу імя Тадэвуша Кандрусевіча. Праслаўляем Бога, паколькі вялікія рэчы Ён нам учыніў і цяпер вядзе ў новае заўтра. Спадзяёмся, што наступныя пакаленні адэльшчан застануцца вернымі Хрысту і традыцыям сваіх продкаў.
Кінга Красіцкая, паводле "Слова Жыцця"