Skip to main content

Клюшчанскія званы: веснікі радасці і смутку…

zwany kluszczany 1Аб чым бы ні паведамлялі нам званы, якую б ні пада­валі вестку – іх перазвон  нікога не пакідае раўнадушным.

Бадай у кожнага трывожна заб’ецца сэрца, хада запаволіцца і работа прыпыніцца, калі пачуе ён, як плыве над зямлёю ў няўрочны час жалобны звон касцёльных званоў. І адно толькі пытанне хвалюе ў той момант: па кім звоніць звон, каго аплаквае?

І наадварот: у святочныя дні, асабліва ў Вялікую Нядзелю, на  самым досвітку, калі сонейка толькі прачынаецца, урачысты святочны перазвон пасылае  ўсяму свету радасную вестку: "Хрыстос уваскрос!", будзіць у сэрцах людзей светлую  радасць, высокія пачуцці. Здаецца, што душа разам з гукамі званоў падымаецца ў бязмежную вышыню, "дзе шчасце вечна, дзе вечны рай".

Званы абвяшчалі людзям, што пара збірацца на святую імшу. Даўней, дзе б ні заставаў людзей звон – ці за працай, ці ў дарозе, – яны кленчылі і маліліся.
А яшчэ ў мінулыя часы званы білі набат, калі здаралася бяда – набліжэнне ворага або пажар. Гэта быў трывожны знак для збору людзей

zwany kluszczany 2

Знямелыя званы клюшчанскага касцёла
Збіраючы розныя гіста­рычныя факты і паданні гэтай мясцовасці, неаднойчы чула, што званы для клюшчанскага і жалядскага касцёлаў везлі з Пецярбурга. Не раз задумвалася: як у тыя часы, не маючы сённяшніх зручных і хуткіх сродкаў сувязі і транспарту, людзі дазнаваліся, дабіваліся, давозілі? Нават запісала легенду – хоць тыя, хто расказваў, гаварылі, што гэта чыстая праўда, – пра тое, як везлі звон для жалядскага касцёла. 

Падарожжа было нялёгкім: некалькі мужчын на параконнай павозцы з перакладнымі коньмі амаль даехалі да мэты, ды, пераязджаючы праз сутокі між азёрамі, мост не вытрымаў цяжару – і абрушыўся. Звон упаў у возера – і падняць яго не змаглі. Расказвалі, што ў ясную месячную ноч і цяпер можна пачуць у тым месцы прыглушаны жалобны, нібы стогн, звон.

У чэрвені мінулага года з гасцямі з Вільнюса і Калінін­града мы наведалі Клюшчаны і папялішча. На месцы згарэлага касцёла застылі, уражаныя  жудасным відовішчам. Уразілі чырвоныя макі на чорных абгарэлых бярвеннях – гэтымі сціплымі кветкамі нехта ўшанаваў памяць храма, які ўваходзіў у трыццатку найпрыгажэйшых касцёлаў Беларусі. 

Сярод абгарэлага друзу непадалёк адзін другога ляжалі аплаўленыя рэшткі знакамітых клюшчанскіх званоў. Асцярожна стала прабірацца да першага з іх, спадзеючыся, што ўбачу  імёны фундатараў і даты вырабу.  

Звон упрыгожаны раслінным арнаментам і ўтрымліваў надпіс на лаціне. "ECLESIAM CLVSCANENSEM …MPTIBVS  CASIMIRI LAVRINOVISC…"  Змест дапамог разабраць ксёндз Анатоль Захарэўскі.

"КЛЮШЧАНСКАМУ КАСЦЁЛУ… ДАР КАЗІМІРЫ ЛАЎРЫНОВІЧ..." 
А вось тое, што прачытала далей – "FABRIKA KUPCZYCHI…USACZOVOI… VALDAI", – раза­брала і без перакладчыка. І гэта стала для мяне была поўная нечаканасць! А як жа Пецярбург?

zwany kluszczany 3

Хоць і цяжка было прабрацца, але паспяшалася за разгадкай да другога звона. Пашанцавала: надпіс на ім быў зроблены на рускай мове. Па фрагментах  узнавіла тэкст: "ЛИТ В ГОРОДЕ ВАЛДАЕ В ЗАВОДЕ КУПЧИХИ ПАЛАГЕИ ИВАНОВНЫ УСАЧЕВОЙ".

zwany kluszczany 4

zwany kluszczany 5

Зноў Валдай, малавядомы горад з прыгожай назвай, тая ж фабрыка...  Хоць і не да месца, але ўсплылі ў памяці радкі з вядомай песні "И колокольчик, дар Валдая, звенит уныло под дугой"  – яны  набылі зусім іншы сэнс.

Гэты звон, як і першы, быў аздоблены дэкаратыўнымі паяска­мі і кветкамі. У якім го­дзе адліты і за чые сродкі – такой  інфар­мацыі не ўтрымлівалася: відаць, той, хто падараваў яго храму, палічыў правільным застацца невядомым – рабіў дабро дзеля дабра, а не для славы.

zwany kluszczany 6

А вось хто такая Казіміра Лаўрыновіч, высветліць удалося: гэта заможная сялянка з вёскі Гудалі Жалядскай парафіі.

Ёсць меркаванне – праўда, дакументальна не пацверджанае, – што адзін звон быў перададзены ў Клюшчаны з жалядскага касцёла, калі там была ўтворана царква. Значыць, гэта адбылося пасля 1863 года. 

Звон, які зараз знахо­дзіцца пры жалядскім касцёле, адліты ў 1928 годзе на сродкі Клеманса Гасперскага і парафіян стараннем ксяндза Яна Томашэвіча –  аб гэтым сведчыць надпіс на ім.

Засталося высветліць  пра завод у горадзе з паэтычнай прыгожай наз­вай Валдай. Дапамог інтэрнэт. 

Звоналітны завод Усачовых
Прадстаўнікі гэтай сям’і былі майстрамі і ўладальнікамі зна­камітых валдайскіх звона­літных заводаў. Першапачатко­ва ў Валдаі – горад у Наўгародскай вобласці Расіі – звонавы завод трымаў купец Стуколкін, які пашырыў сваю вытворчасць і стаў асвойваць новыя плошчы ў Санкт-Пецярбургу. Валдайскі завод у 1850 годзе ў яго арандаваў Васіль Васільевіч Ражкоў. 

Да гэтага Васіль Ражкоў, які меў прозвішча Усач,  гандляваў  металічнымі вырабамі, а таксама званочкамі, бразготкамі, боталамі  і г.д. Потым вырашыў засяродзіцца  выключна на  званах. Апроч традыцыйных, адліваў царкоўныя, у тым ліку вядомы звон, які быў адліты ў 1861 годзе ў гонар вызвалення сялян. Каб выдзеліцца сярод шматлікіх Ражковых, Васіль стаў пісацца Усачовым, дабаўляючы ў дужках "Рожков тож".

У 1860-м В. Усачоў выкупіў знакаміты завод. У 1876 годзе ва ўзросце 45 гадоў ён памёр, пакінуўшы ўдавой Пелагею Іванаўну і шасцярых малалетніх дзяцей. Жанчына ўзяла справу ў свае рукі і здолела паставіць яе на трывалую аснову – ды  так, што слава  завода стала пашырацца, а валдайскія званы Усачовых атрымалі ўсерасійскую вядомасць. За якасць ліцця яны атрымлівалі высокія ўзнагароды на выставах Расіі і замежжа.

zwany kluszczany 7

Званы гэтага завода адрозні­валіся гарманічным моцным гукам, трываласцю і адмысловай мастацкай апрацоўкай. Іх адлівалі рознымі па велічыні і па вазе, упрыгожвалі  па жаданню заказчыка партрэтамі або выявамі святых, дэкаратыўнымі паяскамі  ці раслінным арнаментам. Паколькі звон лічыўся  голасам царквы, то на ім час­та змяшчалі  цытаты са Святога Пісання, а найчасцей  сімвалічную трыяду "Vivos voco. Mortuos plango. Fulgura frango" ("Живых зову. Мертвых оплакиваю. Зарницу укрощаю").

Папулярнасць завода была яшчэ ў тым, што яго ўладальнікі прызначалі даступныя ў па­раўнанні з іншымі заводамі цэны. Пры заказе званоў вагой больш за 500 пудоў давалі льготныя ўмовы. Мабыць, гэта і было галоўным козырам пры выбары завода нашымі продкамі.

Адлівалі званы найчасцей з так званай звановай бронзы (падобна, што з такога сплаву зроблены і клюшчанскія званы), радзей – з жалеза, чыгуну, срэбра, каменя, тэракоты і нават са шкла.

З 1870 года, калі ў Расіі пачалося актыўнае будаўніцтва чыгунак, попыт на фурманскія званочкі ўпаў – і Усачовы хутка перапрафіліраваліся, зра­біўшы асноўнай прадукцыяй царкоўныя званы: храмаў у Расіі было шмат і званы патрабаваліся ўсім. А яшчэ, ідучы ў нагу з часам,  сталі адліваць званы для чыгуначных станцый.

У 1895 годзе, пасля смерці Пелагеі Іванаўны, завод пе­райшоў у агульную ўласнасць чатырох яе сыноў і стаў называцца "Завод братьев Николая и Якова Усачевых", потым проста стаў заводам Усачовых. У 1906 годзе ад братоў аддзяліўся Аляксей і заснаваў непадалёк свой звоналітны завод, асноўнай асаблівасцю якога  зрабіў практыку падбору званоў па камертону. А яшчэ стаў абслугоўваць стараабрадчыя абшчыны.

Слава заводаў братоў Усачовых пашыралася і галасамі шматлікіх звонаў разносілася па ўсёй Расіі і за яе межы. На горла іх трыумфальнай песні наступіла Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года: званы былі прызнаны шкоднымі, іх знішчалі, пераплаўлялі на метал. У 1929 – 1930 гадах быў закрыты апошні рускі звоналітны завод.

Так, рэвалюцыя 1917 года абарвала славутую гісторыю валдайскіх звоналітных заво­даў і дынастыі Усачовых. А праз сто гадоў, у 2017 годзе, скончылася славутая гісторыя клюшчанскага касцёла і яго галасістых званоў, якія нашы продкі, верныя хрысціянскім традыцыям, прывезлі з далёкага Валдая ў дар сваім нашчадкам. 

Ксёндз Анатоль Заха­рэў­скі, пробашч клюшчанскага касцёла, мае ў планах дастойна ўвекавечыць рэшткі званоў, якія на працягу амаль двух стагоддзяў служылі клюшчанскаму касцёлу і ўсёй  парафіі.

Паводле "Астравецкая праўда" 

 

Рэдагавана: 01 Сакавіка 2018