Вялікі пост стварае асаблівую нагоду, каб задумацца над веліччу і глыбінёй Хрыстовага крыжа. “У крыжы цярпенне, у крыжы збаўленне, у крыжы любові навука...”, – спяваем падчас бягучага літургічнага перыяду.
Адмысловая шыбеніца першых стагоддзяў хрысціянства становіцца прадметам глыбокай пашаны, таму што “вісіць на крыжы Пан, Стварыцель неба”, “Валадара ўзносяцца знамёны, таямніца крыжа блізка”. Мы з глыбокай пашанай ставімся да гэтай прылады катавання: “крыж Хрыстовы, будзь жа пахвалёны”, “крыж святы, з усяго – дрэва найкаштоўнейшае”. Крыж Езуса – крыніца збаўлення – становіцца знакам нашай веры, своеасаблівым гербам прыналежнасці да Хрыстовай супольнасці.
На пачатку абраду хрысціянскай ініцыяцыі – падчас удзялення сакраманту хросту – святар крэсліць на лбе таго, хто мае быць ахрышчаны, знак крыжа. Пазней ён будзе спадарожнічаць хрысціяніну да канца зямной вандроўкі. Вернік будзе рабіць яго на сваім целе незлічоную колькасць разоў: “У імя Айца і Сына, і Духа Святога”. Шматкроць раскаяўшыся перад Богам, атрымае адпушчэнне грахоў праз знак крыжа, учынены далонню святара ў таямніцы паяднання (споведзі). Распяцце ўкрыжаванага Збаўцы знойдзе пачэснае месца на сцяне роднага дома. У многіх гарадах і вёсках будзе вітаць прыезджых, пастаўленае на скрыжаванні дарог; вітаць і абвяшчаць: “Тут жывуць вызнаўцы Езуса, тут жывуць католікі”.
На беларускай зямлі крыж сведчыць аб Хрыстовых каранях яе жыхароў, таму што гэты край засяляюць у пераважнай большасці вызнаўцы Езуса: праваслаўныя, католікі і пратэстанты. З часоў так званай “перастройкі” побач з праваслаўнымі прыдарожнымі крыжамі пачалі з’яўляцца шматлікія каталіцкія. Для пазбаўленых уласнай Айчыны, герба, часта нават тоеснасці прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей ён стаў знакам і бачным доказам ідэнтычнасці, асновай веры, патрыятызму, дадаваў сіл і ўпэўненасці ў перамогу дабра над злом. Паколькі “хто крыж разгадае, той не ўпадзе... Калі цябе пакрыўдзілі або паранілі, [...] не ўпадай у роспач, а маліся, прабачай, няхай крыж табе стане гербам...”.
Да сёння жыве пераказ вернікаў в. Дуброўнікі (Ваўкавыскі дэканат) пра падзею, якая адбылася праз некалькі гадоў пасля ІІ Сусветнай вайны. Аднойчы туды прыбыў савецкі салдат, які, насміхаючыся з веры мясцовых жыхароў, пачаў страляць па фігуры ўкрыжаванага Хрыста. Затым у нейкай нялюдскай эйфарыі ён выбег на дарогу. Далёка адысці не паспеў: наступіў на ваенны снарад і быў разарваны на маленькія кавалкі.
У 1950-70-я гады адбываўся паўсюдны пераслед вернікаў і планавая сістэматычная атэізацыя. Было разбурана мноства святынь: як каталіцкіх, так і праваслаўных. Некаторыя з іх былі перароблены ў музеі, склады і збожжасховішчы, што знеслаўляла іх сакральны характар. Разгарэлася барацьба і з Хрыстовым крыжом. Адпаведна падрыхтаваным групам былі даручаны злачынныя задачы, між іншым, знішчаць крыжы на могілках і скрыжаваннях, не пускаць дзяцей і моладзь да 18-ці гадоў у нешматлікія адкрытыя святыні і г. д. Некаторыя крыжы з таго часу засталіся дзякуючы таму, што былі схаваны вернікамі побач з разгалістымі дрэвамі, кроны якіх сталі своеасаблівым “ахоўным парасонам”.
Можна прыводзіць шмат прыкладаў цудам ацалелых крыжоў і тых, што займаюць годнае месца ў шматлікіх кутках Беларусі. Гонарам і надзеяй напаўняе трыумф распяцця, якое так ахвотна носіць ля сэрца беларуская моладзь. Гэта сведчыць аб тым, што знак укрыжаванага Збаўцы глыбока ўкаранёны ў душы вернікаў. І здаецца, словы песні, якую так ахвотна спявае моладзь у Польшчы, – “Не здыму крыжа з маёй душы, не вырву з сумлення яго, бо крыж д’ябла ўшчэнт разбівае” – тут, у Беларусі, становяцца рэчаіснасцю.
а. Ян Банькоўскі OFMcap