Skip to main content

"Цуда-шопка" або крыху з гісторыі гродзенскай францішканскай батлейкі

batlejka4Неад’емнай часткай дэкору кожнага касцёла падчас каляднага перыяду з’яўляецца шопка – яслі з фігуркамі Святой сям’і, пастушкоў і трох каралёў. У нашай дыяцэзіі асаблівую каштоўнасць прадстаўляе стаенка гродзенскага францішканскага касцёла ў выглядзе тэатра-батлейкі – найстарэйшая ў горадзе.

Вакол яслей рухаюцца лялькі, якія сімвалізуюць людзей розных нацыянальнасцей і саслоўяў, прыбыўшых, каб ушанаваць народжанага Хрыста. Менавіта на гэтыя фігуркі 25 гадоў таму натыкнуўся былы закрыстыянін францішканскага касцёла спадар Антоній. Прыбіраючы на паддашшу святыні, ён заўважыў драўляныя даўбешкі і распазнаў у іх лялькі з батлейкі, на якую прыходзіў паглядзець, будучы дзіцём. Фігуркі знаходзіліся ў пашкоджаным стане: частка з іх была сгнілай, частка – паломанай. Яно і зразумела: лялькі праляжалі на гарышчы амаль паўвека. Іх для батлейкі стварыў у 1960-х гадах былы пробашч парафіі а. Аркадзь Вальтас.

batlejka7

batlejka8

Першапачатковы выгляд батлейкі, 1960-ыя гг.

Святар прымусіў фігуркі рухацца з дапамогай многаўзроўневага механізму. І калі ўсталяваў цуда-шопку ў касцёле, паглядзець на яе прыходзілі не толькі парафіяне, але і няверуючыя людзі. Святыня штодзень была перапоўнена, што не падабалася атэістычным савецкім уладам. “Каля выхадаў з касцёла «дзяжурылі» настаўнікі. І калі ў святыню хацелі трапіць дзеці, іх не пускалі. Праслізнуць удавалася толькі тым, хто прыходзіў з бацькамі”, – узгадвае спадар Антоній.

batlejka2

batlejka5

Рухомая батлейка цешыла жыхароў горада нядоўга. Праз няпоўных два тыдні па загадзе аблвыканкама механізм батлейкі адключылі, а пасля – шопку ўвогуле дэмантавалі.

Адрэстаўраваная, яна зноў заняла сваё месца ў касцёле толькі напрыканцы 1990 гадоў. Арыгінальнымі ў ёй засталіся матор і лялькі. Вярнуць першапачатковы выгляд строяў, якія мелі на сабе фігуркі, было амаль немагчыма. Сучасная вопратка на ляльках з’явілася дзякуючы фантазіі і старанням сясцёр, якія служаць у парафіі.

batlejka1

batlejka3

Пасля аднаўлення ў батлейцы з’явілася возера з лебедзямі, неба і зорка, якая, па прыкладзе Бэтлеемскай, рухалася. Яна мацавалася на ядвабных празрыстых нітках, з-за чаго здавалася, нібы зорка перамяшчаецца самастойна.

Дадаць новыя элементы ў экспазіцыю батлейкі дэкаратары намагаюцца штогод. Такім чынам яны развіваюць наглядную евангелізацыю, прыцягваючы ўвагу вялікай колькасці гарадзенцаў і гасцей горада.

batlejka6

Даведка:

Першая ў гісторыі шопка з’явілася ў ІV стагоддзі ў Бэтлееме. Гэта былі мармуровыя яслі, размешчаныя ў гроце. З цягам часу там пачалі размяшчаць і фігуры Святой Сям’і. Пасля традыцыя распаўсюдзілася ў Рыме. Пераломным момантам з’яўляецца XIII ст., калі св. Францішак з Асізі пабудаваў стайню і, выкарыстоўваючы жывых жывёл, “уваскрасіў” падзеі памятнай ночы. У спектаклі, спалучаным са св. Імшой, прымалі ўдзел і вернікі. З таго часу звычай усталявання ясляў з фігуркай Дзіцятка Езуса ў акружэнні Марыі, св. Юзафа і жывёлаў атрымаў распаўсюджванне ў Еўропе. Паступова да шопкі пачалі дадаваць іншых герояў.

Тэкст: Ангеліна Марцішэўская

Фота: Ангеліна Пакачайла

Рэдагавана: 27 Снежня 2016