Персы верылі, што сусвет вылупіўся з яйка - бялок стаў сонцам, a жаўток - луной. У рымлян быў звычай у пачатку святочнай трапезы з'ядаць печанае яйка, што азначала паспяховы зачын новай справы. У егіпецкай міфалогіі можна сустрэць успамін пра тое, што менавіта з яйка паўстаў першы бог. Яно, як сімвал адраджэння, наглядна паказана таксама ў егіпецкай легендзе аб чароўным Феніксе. Птушка згарала пад прамянямі сонца ў дзень веснавога раўнадзенства і пакідала на месцы сваёй гібелі яйка, з якога зноў з'яўляўся малады і напоўнены энергіяй Фенікс. Увогуле яйка з’ўяляецца сімвалам прыходу вясны, пачатку жыцця і зараджэння сусвету ў шматлікіх старажытных народаў. У нашай жа хрысціянскай традыцыі яно сімвалізуе цудоўнае ўваскрасенне Езуса: першапачаткова знежывелае яйка з надыходам пэўнага тэрміну перараджаецца ў жывую істоту. Адкуль пайшла традыцыя фарбавання яек на Вялікдзень?
Найбольш распаўсюджанай гісторыяй, якая, магчыма, паклала пачатак традыцыі фарбавання яек, з'яўляецца гісторыя пра Марыю Магдалену і імператара. М. Магдалена прыйшла да імператара Тыберыя пасля ўкрыжавання Езуса. Паколькі ў яе не было нічога з сабой, акрамя яйка, менавіта яго яна і паднесла імператару са словамі “Хрыстос уваскрос!” Усумніўшыся ў сказаным, імператар адказаў, што як не можа курынае яйка зрабіцца чырвоным, так і чалавек не можа ўваскрэснуць. Не паспеў Тыберый гэта вымавіць, як яйка пачало мяняць колер.
Вядома яшчэ адна гісторыя пра Марыю Магдалену, якая спяшалася да магілы Езуса, дзе ёй паказаўся анёл, які расказаў ёй аб Уваскрасенні Пана. Калі жанчына вярнулася дамоў, то заўважыла, што схованыя ёю яйкі - чырвоныя. Яна іх раздала апосталам, абвяшчаючы ім вестку аб Уваскрасенні.
Другое паданне гаворыць, што прыгожа аздобленыя яйкі павінна была падарыць Пілату Божая Маці, просячы яго выратаваць свайго Сына ад пакутніцкай смерці.
Чарговая легенда расказвае, што кроплі крыві Езуса, замучанага на Галгофе, замяніліся ў фарбаваныя яйкі, а са слёзаў Марыі, якая цярпела пад крыжам, паўсталі пісанкі.
Яшчэ адно паданне сцвярджае, што менавіта Маці Божая, каб пацешыць немаўля Езуса, першая пачала фарбаваць яйкі.
Тэхніка фарбавання яек, якой карысталіся у мінулых стагоддзях
Сёння мы маем ужо гатовыя фарбавальнікі, але раней людзі выкарыстоўвалі толькі натуральныя, з якімі яйкі набывалі непаўторныя смакавыя адценні. Для таго, каб атрымаць жоўты колер, яйкі фарбавалі ў лушпайках цыбулі. Ярка-жоўты колер атрымлівалі з кары маладой яблыні і сушаных дзікіх люцікаў. Для таго, каб яйкі набылі зялёны колер, для іх рыхтавалі адвар крапівы, лісця фіялкі і маладога азімага жыта. Яйкі набывалі цёмна-бардовае адценне пры апусканні ў ваду, дзе гатавалася кара дуба. Фіялетавы колер атрымліваўся ў выніку гатавання яек у адвары з лісця цёмнай мальвы. Велікодныя яйкі чырвонага колеру атрымліваліся з адвару з чорнай бузіны, кары дуба, шышак і крокусаў. Чорны можна было атрымаць з дапамогай кары алешыны, шкарлупіны грэцкага арэха і лісця чорнага клёну. Да ўзгаданых фарбавальнікаў для трываласці колераў дадавалі каву, карыцу або воцат.
Кожна колер, у які афарбоўваюць яйкі, мае сваё значэнне. Фіялетавы і сіні сімвалізуюць канец посту або жалобы. Адценні, такія як жоўты, зялёны і ружовы - гэта радасць уваскрасення, а чырвоны - кроў, якую Хрыстос праліў на крыжы і царская годнасць Збавіцеля (на Усходзе ў старажытнасці чырвоны колер быў царскім).
Ангеліна Марцішэўская