Каля галоўнага храма нашага горада – каcцёла імя св. Францішка Ксаверыя - знаходзіцца на першы погляд нічым непрыкметны будынак, які, аднак, мае вельмі багатую гісторыю. Гэта найстарэйшая і адзіная на ўсю Беларусь аптэка-музей з езуіцкім мінулым, з якім нас пазнаёміць Вікторыя Ткачова, аўтар экспазіцыі.
У пісьмовых крыніцах гродзенская аптэка езуітаў упершыню ўзгадваецца ў 1687 годзе. У той час яна знаходзілася ў будынку старога езуіцкага калегіума і прызначалася для ўнутранга спажывання, бясплатна абслугоўвала настаўнікаў, вучняў, манахаў, дабрадзеяў ордэна і бедных. Аднак у 1709 годзе манахі на набытым у гарадскога магістрата ўчастку вырашылі пабудаваць новы асобны аднапавярховы будынак аптэкі для ўсіх грамадзян з выхадам на Рынак (цяпер Савецкая плошча)
.
Увогуле езуітаў у Гродна запрасіў Стэфан Баторый. Кароль вельмі паважаў гэтых манахаў за разнабаковасць іх дзейнасці і будаваў езуіцкія калегіумы ў шматлікіх гарадах ВКЛ. Дарэчы езуіты лічыліся лепшымі настаўнікамі ў Еўропе, у тым ліку і ў навучаннні фармацэўтычнаму мастацтву. Баторый заснаваў у нашым горадзе езуіцкі калегіум у 1585 г., але езуітаў не дачакаўся, сканаў у Гродне пры невядомых абставінах. Тут варта ўзгадаць адну цікавую рэч: хірургічныя інструменты, якія знаходзяцца ў езуіцкай экспазіцыі выставы, заўсёды прыцягваюць асноўную ўвагу наведвальнікаў.
Гэтыя інструменты, якія датуюцца канцом XVI века - ампутацыйная піла, абцугі і нож - зусім невыпадкова тут размешчаны. Яны адлюстроўваюць галоўную падзею ў гісторыі медыцыны, звязанаю са смерцю Баторыя, а менавіта з ускрыццём яго цела. Упершыню на тэрыторыі Усходняй Еўропы гэтымі інструментамі ўскрылі цела караля ў Гродне, на трэці дзень пасля яго смерці 14 снежня 1586 года. А езуіты прыбылі ў Гродна толькі ў 1622 годзе, праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля смерці караля.
Заснавальнікам аптэкі і яе першым фармацэўтам быў езуіт Ян Цішкевіч. Працавала ў нашай аптэцы 16 манахаў, якія часта сумяшчалі пасаду санітараў пры калегіуме. Увогуле езуіцкія аптэкі вельмі хутка развіваліся. Гэтаму спрыяў абмен прафесійнымі ведамі і сакрэтамі паміж аптэкарамі ўсяго ордэна. Яны мелі звычайна 2 братоў-памагатых і некалькіх прыслужнікаў з ліку свецкіх асоб. Прафесія аптэкара была вельмі рэдкай. Добрых спецыялістаў ведалі звычайна ва ўсёй акрузе. Цэлых 15 гадоў працаваў у нашай аптэцы вядомы на ўсю Літву лекар Андрэй Юцэвіч. З 1724 па 1725 пасаду аптэкара займаў Юрый Зыман, вядомы фармацэўт родам з Нясвіжа. Апошнім аптэкарам перад ліквідацыяй ордэна езуітаў быў Юзэф Эдар. Менавіта на яго сродкі ў 1763 г. быў пабудаваны другі паверх аптэкі.
Усе манахі, якія працавалі ў аптэцы, мелі велізарныя веды і ўсё жыццё іх удасканальвалі. Гэта была рэдкая прафесія ў ордэне езуітаў і патрабавала вялікай сканцэнтраванасці і ўменняў. Да рэчы ў ХVIII ст. аптэкі былі шматпрофільнымі. У іх выраблялі незвычайныя для нас сёння лекавыя формы ў выглядзе кандытарскіх вырабаў: цукеркі, шакалад, пернікі. Гатавалі лекавыя свечкі, якімі асвятлялі памяшкані. Гатавалі ўсё спіртное - пунш, наліўку, лікёр, віно і г. д. Спецыялізаваліся ў вытворчасці парфюмерыі. Калі казаць пра езуітаў, то вялікай папулярнасцю цешыліся гатаваныя імі складныя лекі з 80 інгрэдыентаў, якія адрозніваліся сваёй незвычайнасцю: у іх склад маглі уваходзіць корань мандрагоры, пяро фенікса або рог аднарога. У Гродзенскай аптэцы, як і ва ўсіх аптэках таго часу, можна было таксама купіць лекавыя сродкі, зробленыя на аснове мясцовых траваў, для вырошчвання якіх на тэрыторыі езуіцкага кляштара меўся сад з аптэчным агародам.
Падчас эпідэмій вучні і манахі выязджалі за горад, а ў Гродне заставалася толькі некалькі езуітаў на чале з аптэкарам, якія займаліся выключна лячэннем хворых і доглядам за паміраючымі. Да рэчы ў XVII ст. езуіцкая аптэка славілася сваім супрацьмалярыйным сродкам, т.зв. "Езуіцкім парашком". Яго выраблялі з кары хіннага дрэва, пра лячэбныя ўласцівасці якога езуіты даведаліся ў Паўднёвай Амерыцы.
У 1773 годзе дзейнасць гэтых манахаў на тэрыторыі Гродна завяршаецца. Папа Клемент XIV выдае буллу, на моцы якой ліквідуе ордэн езуітаў, а ўся яго маёмасць пераходзіць ў каралеўскую казну.
Напрыканцы варта сказаць некалькі слоў пра нашу езуіцкую экспазіцыю.
Яе экспанаты з’яўляюцца самымі каштоўнымі ва ўсёй выставе, таму што яны самыя старыя. Ёсць у нашай экспазіцыі езуіцкі медальон з канца XVIII ст.,на аверсе якога выяўлены заснавальнік ордэна езуітаў Ігнацы Лаёла, а на рэверсе – сузаснавальнік ордэну св. Францыск Ксаверый.
Прадстаўлены таксама архіўны дакумент - план 1-га паверха аптэкі першай паловы XVIII ст., ёсць аптэчны посуд, які, да рэчы, наведвальнікі часта блытаюць з жалобнымі ўрнамі. А ўсе ахвотныя бліжэй пазнаёміцца з экспазіцыяй музея шчыра запрашаюцца на экскурсію.
Падрыхтавала Ангеліна Марцішэўская