Без сумніву, кожны чуў шмат чорных плётак адносна інквізіцыйных працэсаў і саміх інквізітараў, якіх часта клічуць садыстамі. Напэўна, праўдай будзе з’яўляцца толькі той факт, што часам, сапраўды, сярод інквізітараў сустракаліся людзі, якія злоўжывалі сваімі паўнамоцтвамі адносна ерэтыкоў. Калі ж чуткі пра такую практыку даходзілі да Апостальскай Сталіцы, звычайна сам Папа браўся ўрэгуляваць справу.
Сярод іншых, вядомым з’яўляеца выпадак інквізітара Роберта ля Буржэ, які за злоўжыванне паўнамоцтвамі, страціў пасаду інквізітара і быў прыгавораны Папам да турэмнага зняволення.
Кажучы пра інквізіцыйныя працэсы, трэба адзначыць некалькі наступных момантаў. Па першае, інквізіцыйныя трыбуналы, выносячы прысуд, абапіраліся не толькі на словы сведкаў, але насуперак паўсюднаму меркванню, абавязкова давалі права голасу падсуднаму, які, ў выпадку прызнання ў ерасі, адразу ж вызваляўся з-пад варты і пазбягаў пакарання.
Па другое, падсудны меў магчымасць самастойна скласці так званы interrogatoria - cпіс пытанняў, якія інквізітары будуць задаваць сведкам падчас працэсу. У выпадку, калі інквізітар з-за асабістых прычын адчуваў непрыхільнасць да падсуднага, апошні меў магчымасць прасіць вышэйшую інстанцыю аб замене суддзі. Нават сучасная судовая сістэма такога не прадугледжвае. Увогуле шмат элементаў, якія можна назваць паслабленнямі адносна падсудных, было запазычана свецкім заканадаўствам ад Інквізіцыйных Трыбуналаў, а менавіта: хатні арышт, звальненне за высокую плату і паручальніцтва якога-небудзь аўтарытэта або блізкай асобы.
Заўсёды выклікаюць эмоцыі даныя адносна колькасці ахвяр інквізіцыі. Звычайна, можна пачуць абсурдальна розныя лічбы ад сотняў тысяч, да сотняў мільёнаў чалавек спаленых на кастрах. У прадстаўленні такіх дадзеных ёсць пэўная памылка, хутчэй нават пэўнае спрашчэнне, дапушчанае гісторыкамі, якія прыгавор інквізіцыі атаясамляюць з пакараннем смерцю. Насамрэч, у большасці выпадкаў слова “прыгавор” у архівальных дакументах інквізіцыі азначае толькі кананічнае пакаранне. Кананічнае пакаранне адносна ератыкоў у сваю чаргу азначала штодзённае чытанне псалмоў, рэгулярную споведзь, ізаляцыю ў манастыры або пілігрымку ў месца культу (часам нават пілігрымку да Святой Зямлі, якая патрабавала ад асуджанага шмат высілку і вялікіх выдаткаў). Зразумела, што прыраўноўванне такога роду пакаранняў да кары смерці моцна скажае дзейнасць інквізіцыі. Да месца таксама будзе дадаць, што шмат звычайных злачынцаў неаднаразова ахвотней прызнавалася ва ўяўнай ерасі, каб іх судзілі менавіта Інквізіцыйныя Трыбуналы Веры, а не свецкія суды.
Вядомым, таксама, з’яўляецца выпадак главы Ордэна Тампліераў Якуба дэ Молэя, які ў 1307 годзе звярнуўся да Папы Клеменса V з просьбай аб замене свецкага судоўнага працэсу на інквізіцыйны, спадзяючыся тым самым на справядлівы прыгавор. Дарэчы, Інквізіцыя была першай інстытуцыяй, якая ўвяла пасаду грамадскага абаронцы для кожнага падсуднага.
Нельга адмаўляць таго факту, што Святая Інквізіцыя забірала чалавечыя жыцці і аддала вогнішчу кастроў не аднаго абвінавачанага ў ерасі; і дзякуй Богу за Папу Яна Паўла II, які адважыўся ўзяць на сабе адказнасць за дапушчаныя Касцёлам памылкі і папрасіць прабачэння за страчаных інквізіцыяй людзей. Але, хацелася б яшчэ раз засяродзіць увагу на тым, што не надай Касцёл арганізаванагу характару барацьбе з ерасю, магчыма, ахвяр з прычыны свецкіх самасудаў было б куды больш. Таму давайце мы, людзі XXI стагоддзя, будзем вучыцца цярпімасці на ўжо дапушчаных памылках і адначасова спрабаваць успрымаць інквізіцыю, як натуральнае і паступовае тварэнне патрэбаў і паняццяў таго часу.
Крыніца: “Абараняючы Святую Інквізіцыю” Рамана Коніка; “Спадар Інквізітар” Хуліо Каро Бароя
Падрыхтавала Ангеліна Марцішэўская