Сёння ў Беларусі дейнічаюць дзве духоўныя семінарыі: у Гродне і Пінску. Значная частка святароў, якія працуюць у нашай краіне скончыла менавіта гэтыя навучальныя ўстановы. Аднак, якім было мінулае такіх навучальных устаноў? І ці існавалі яны ўвогуле на нашых землях? У сённяшняй нататцы хацелася б распавесці пра старэйшую па часе заснавання духоўную навучальную ўстанову – Брэсцкую духоўную семінарыю. Яе гісторыя і дзейнасць з’яўляецца практычна недаследаванай.
Cемінарыя была заснавана пры Брэсцкім парафіяльным касцёле ў 1723 г. луцкім і брэсцкім біскупам Стэфанам Рупнеўскім. Семінарыя належала да біскупскага тыпу фундацыі з дадаткам прыватных капіталаў, якія з цягам часу надаваліся заможнай шляхтай і духавенствам. Першапачатковы фундуш раўняўся 1 500 срэбных рублёў на ўтрыманне 2 семінарыстаў пры Брэсцкім касцёле. Луцкі капітул забяспечыў гэтую суму на фальварку Пажэжын а сам фальварак дапоўніў фундуш Брэсцкай плябаніі. У 1773 г. брэсцкі плябан кс. Пётр Шпанемберг, таксама ахвяраваў суму 2 100 срэбных рублёў на ўтрыманне прафесара. Гэтая сума знаходзілася ў масе агульнага капіталу Брэсцкага прабоства, і была распісаная фундатарам на розныя мэты. Такім чынам фундуш Брэсцкай семінарыі, складаўся як з зямельных, так і грашовых уладанняў. Штогадовы даход з іх быў роўны 210 срэбным рублям. З азначанага фундушу пры Брэсцкім касцёле заўсёды ўтрымлівалася 2 клерыкі, якім, акрамя навукі, даваўся супольны з плябанам і вікарыямі стол, а таксама пакой для пражывання і дровы.
Брэсцкая семінарыя не мела асобнага будынка. Навучальная ўстанова размяшчалася ў драўлянай плябаніі Брэсцкага парафіяльнага касцёла. Асноўнымі выдаткамі, якія павінны былі аплачывацца кіраўніцтвам семінарыі, былі наступныя: заработная плата для рэгенса і выкладчыкаў, забеспячэнне будынка дровамі, асвятленнем (свечкі), аплата слугаў, якія працавалі пры семінарыі, лекара, цырульніка, набыццё кнігаў у бібліятэку, вопраткі і бялізны для клерыкаў, харчаванне. Апошняе, пры наяўнасці фундушавага маёнтка і ўласнай гаспадаркі, вымагала найменьшых затратаў.
Першапачаткова Брэст уваходзіў у склад ў Луцкай дыяцэзіі, таму семінарыя да 1795 г. рыхтавала святароў для гэтай дыяцэзіі. Пасля ІІІ падзелу Рэчы Паспалітай і ўключэння заходнебеларускіх і ўкраінскіх зямель у склад Расійскай імперыі імператрыцай Кацярынай ІІ была праведзена рэарганізацыя межаў каталіцкіх епархій. Луцкая дыяцэзія была скасавана, а Брэст быў уключаны ў межы Віленскай рымска-каталіцкай дыяцэзіі. Ад гэтага моманту выпускнікі семінарыі размяркоўваліся на працу ў Віленскай дыяцэзіі.
Ролю кіраўніка (дырэктара альбо рэгенса) семінарыі спаўняў пробашч Брэсцкага парафіяльнага касцёла. Дырэктар практычна не ўмешваўся ў адукацыйна-выхаваўчы працэс. Як кіраўнік семінарыі ён высылаў справаздачы аб дзейнасці семінарыі ў Вільню, а таксама знаёміў выкладчыкаў і алюмнаў з пастанаўленнямі і распараджэннямі курыі. Сярод вядомых дырэктараў семінарыі ксяндзы: Збароўскі Ігнацы (да 1786 г.), Складоўскі Людвік (1786 г.), Маліноўскі Стэфан (1795 г.), Касакоўскі Войцех (1798 – 1820 гг.), Саковіч Казімір (1821 – 1832 гг.). На пасадах выкладчыкаў семінарыі працавалі дыяцэзіяльныя святары – вікарыі парафіі. Колькасць выкладчыкаў была пастаяннай – 2 чалавекі. Навуковая падрыхтоўка выкладчыцкага саставу не была высокай, зрэшты, у той час гэта было характэрна не толькі для семінарыяў на беларускіх землях. Частай з’явай было прызначэнне на пасады выкладчыкаў у семінарыю непасрэдна пасля яе заканчэння. Спецыялізацыя таксама адсутнічала.
Колькасць навучэнцаў у семінарыі была стабільнай: два чалавекі. Адметнай рысай Брэсцкай семінарыі было тое, што ў яе дастаткова часта пераводзіліся алюмны з іншых семінарый для працягу і заканчэння навучання на фундушы. Так, напрыклад, у 1815 г. у Брэст з Тыкоцінскай семінарыі перавёўся Казімір Рашкоўскі, у 1818 г. з семінырыі ў Янаве Падляскім Якуб Гадлеўскі і Гжэгаж Пануфнік.
Асноўныя прадметы, якім навучалі ў семінарыі, можна падзяліць на 3 групы: філасофскія, тэалагічныя і практычна-літургічныя. Спачатку вывучаўся блок філасофскіх прадметаў, пасля – тэалагічных. Паралельна абодвум блокам вывучаліся практычна-літургічныя прадметы. У ХІХ ст. у праграме навучання семінарыяў выдзялялася група прадметаў, якія называлі “неабавязковымі”, альбо “дадатковымі”. У групу філасофскіх прадметаў уваходзілі розныя галіны філасофіі, такія, як логіка, метафізіка, этыка. Тэалагічныя прадметы былі прадстаўлены дагматычнай і маральнай тэалогіяй, гісторыяй касцёла, кананічным правам, Бібліяй (герменеўтыка і экзэгеза), пастаральнай тэалогіяй. Трэці блок прадметаў, практычна-літургічныя, ўключаў ў сябе рубрум (інакш – рубрыцыстыка, рубрыкі, рубрыкі брэвіярыя і імшала), справаванне сакрамэнтаў, спеў (інакш – кант). Існавалі і “дадатковыя” прадметы. Да іх належалі мовы (лацінская, руская). Раз на тыдзень адбываўся супольны спеў – для падрыхтоўкі нядзельнага афіцыўма ў Брэсцкім парафіяльным касцёле.
Брэсцкая семінарыя мела самую вузкую праграму навучання сярод усіх семінарыяў на беларуска-літоўскіх землях. Праграма ахоплівала дагматычную і маральную тэалогію, вымову, рубрум і касцёльны спеў. У 1820 г. у семінарыі колькасць вучэбных гадзін на тыдзень складала 22, з іх на маральную тэалогію прызначалася 9 гадзін, на дагматычную – 6, на вымову – 4, на спеў – 2, на рубрум – 1. Значная колькасць гадзін, прызначаных на маральную і дагматычную тэалогію тлумачыцца тым, што ў рамках азначаных прадметаў вывучаліся і іншыя, напрыклад, гісторыя касцёла, Біблія і г.д.
Праграмы падрыхтоўкі духавенства былі дастаткова агульнымі, а перыяд навучання кароткім, чаго вымагалі душпастырскія патрэбы. Менавіта кіруючыся апошнімі, у праграмах навучання пераважалі практычныя прадметы. Нізкі ўзровень падрыхтоўкі ў Брэсцкай семінарыі прызнавалася і ўладамі Віленскай дыяцэзіі. У сувязі з гэтым больш здольныя алюмны з Брэста, па прапанове Камітэту семінарыяў Віленскай дыяцэзіі пачынаючы з 1821 г. накіроўваліся для завяршэння адукацыі ў Віленскую дыяцэзіяльную семінарыю. Па прыблізных падліках, за ўвесь перыяд дзейнасці навучальная ўстанова падрыхтавала каля 200 святароў, якія працавалі на беларуска-літоўскіх і ўкраінскіх землях.
У некаторых семінарыях уводзіліся падрыхтоўчыя курсы, падчас якіх выкладалася лацінская і польская мовы і катэхізіс, але такі курс наведвалі толькі самыя маладыя і абсалютна непадрыхтаваныя семінарысты, а старэйшыя адразу паступалі на першы курс, дзе слухалі лекцыі па лацінску і па-лацінску ж павінны былі адказваць на пытанні. У Брэсцкай семінарыі пачатковы перыяд навучання таксама прызначаўся на вывучэнне лацінскай мовы.
Лекцыі ў Брэсцкай семінарыі адбываліся наступным чынам: “Кожны прафесар на сваёй лекцыі матэрыял тлумачыць зразумела, да асэнсавання яго вучнямі. Тое, што было сказана на лекцыі семінарысты прыватна паўтараюць, і стараюцца запомніць, а на наступным занятку прафесар пытаецца па пройдзеным матэрыяле вучняў. Калі штосьці незразумела – тлумачыць, і далей распачынае выкладане новага матэрыялу (пераклад з польск. – аўт.)”.
Неадпаведнасць узроўню падрыхтоўкі брэсцкіх семінарыстаў агульным патрабаванням прызнаваўся ўладамі Віленскай дыяцэзіі. Менавіта таму ў 1833 г. было вырашана аб’яднаць Брэсцкую семінарыю з Віленскай дыяцэзіяльнай. Ад таго часу Брэсцкая семінарыя, як асобная духоўная навучальная ўстанова, спыніла сваё існаванне.
Крыніцы: Зянюк Р. Рымска-каталіцкая духоўная семіннарыя ў Брэсце: кароткі гістарычны нарыс // Брестчина: история и современность. Сборник материалов Республиканской научно-практической конференции: Брест, 29-30 июня 2012 г. – Брест : БрГУ им. А.С. Пушкина, 2012. – С. 78 – 82
Падрыхтавала Раіса Зянюк