Непадалёк ад гандлёвага дома "Нёман" калісьці месціліся касцёл і манастырскі шпіталь. Не кожны жыхар Гродна ведае пра тое, што на вуліцы Савецкай, у доме №14 калісьці знаходзіліся касцёл (у асобныя перыяды - капліца) і бальніца манастыра Святога Духа.
Пасля шматлікіх перабудоў гэта звычайны двупавярховы будынак, якіх на гэтай вуліцы вялікая колькасць. Здзіўленне могуць выклікаць толькі тоўстыя сцены гэтага дома. Касцёл і піталь Святога Духа былі пабудаваныя на сродкі, якія ахвяравала каралева Бона 9 кастрычніка 1551 года. Манастыр двойчы атрымліваў каралеўскія прывілеі: ад Жыгімонта Аўгуста ў 1553 і Стэфана Баторыя ў 1584 годзе.
Паводле даследаванняў гісторыка І. Слюнькова, у рэвізіі Гродна 1680 года згадваецца, што касцёл быў каменным. Пры кляштары дзейнічала бальніца для бедных, разлічаная на 24 чалавекі. У 1816 годзе яна налічвала 30 хворых, апеку над якімі ўзяло на сябе Віленскае дабрачыннае таварыства.
Свята-Духавы храм па памерах быў невялікі і ўяўляў сабой аднанефную базіліку. Фасад упрыгожвалі чатыры круглыя калоны. Яны не захаваліся, але страчаныя элементы можна ўбачыць на малюнку Напалеона Орды, зробленым у 60-я гады 19 стагоддзя. На ім намаляваная перспектыва вуліцы з домам Рамера, а справа бачныя фрагменты галоўнага фасада Свята-Духава касцёла.
Першапачаткова, у 16-17 стагоддзях, прымыкаючыя да гэтага касцёла крылы, у якіх знаходзіўся манастырскі шпіталь, былі аднапавярховымі, аднак у 1786 - 1792 гадах, на сродкі віленскага біскупа Ігната Массальскага над імі быў надбудаваны другі паверх. Комплекс зноў перабудоўваўся ў 1802, 1817, 1843 і 1890 гадах.
Пасля паўстання 1863-1864, будынак забралі дзяржаўныя ўлады. Яго набыў купец А. Тарлоўскі. У хуткім часе, у 1885 годзе адбыўся пажар, пасля чаго ўладальнік адмовіўся аднаўляць будынак і яго прадаў. Новым уласнікам стаў І. Хазэ.
Яшчэ да пачатку 40- х гадоў мінулага стагоддзя былы касцёл меў апсіду, якая была канчаткова згубленая ў гады Другой сусветнай вайны. Сёння - гэта двухпавярховы, Т-вобразны дом. Паверхі аддзеленыя фрызамі, цэнтральная частка выдзелена чатырма пілястрамі, завершана трохкутным франтонам. Бакавыя часткі выдзелены здвоенымі пілястрамі, паміж якімі размешчаны парныя вокны, якія завершаны паўкруглымі франтонамі.
У канцы 90- х гадоў 19 стагоддзя сын І. Хазэ перабудаваў будынак, і ў былым манастыры Святога Духа адкрыўся гатэль "Славянскі". У 1939 годзе ў гатэлі налічвалася 14 нумароў кошт якіх вагаўся ад 3 да 5 злотых.
У 1898 годзе ў сутарэннях будынка адкрыўся аднайменны рэстаран "Славянскі". Гэтая ўстанова паспяхова працавала да акупацыі горада кайзераўскімі войскамі. У газеце “Наша раніца” за 19 студзеня 1919 г. новыя гаспадары - "Зянько і Ко " - паведамілі гродзенцам пра тое, што 21 студзеня адбудзецца адкрыццё новага рэстарана на Саборнай вуліцы ў доме І. Хазэ пад гасцініцай "Славянскай": "Штодня сняданкі, абеды, вячэры, чай, кава, піва, лікёры, розныя віна па самых нізкіх коштах. Кухня кіруецца самымі гаспадарамі, як спецыялістамі". У 20- я гады ў падвалах былога касцёла і кляштара таксама існаваў рэстаран, які належаў ўжо новаму ўладальніку - Г. Лепунскаму.
З пасляваенных гадоў у гэтым будынку знаходзяцца органы гарадскога кіравання і адміністрацыі. На плане касцёла і шпіталю Святога Духа, складзеным у 1817 годзе, паказаны шырокія падзямеллі. Яны мелі скляпеністыя перакрыцці. Відаць, што два паралельных доўгіх склепа цягнуліся па абедзвюх баках ад будынка касцёла – як пад правым, так і пад левым крыламі манастыра. У іх захоўваліся збожжа, гародніна, бочкі з квасам і півам, іншыя прадукты і матэрыяльныя каштоўнасці.
Разглядаючы чарцяжы, здаецца, што сутарэнні пад касцёлам маюць роўны столь, на самай справе там былі пабудаваныя працяглыя скляпеністыя склепы, проста яны размяшчаюцца паралельна вуліцы. Хутчэй за ўсё , гэтыя падзямелля ўяўляюць сабой дзве паралельныя галерэі, звязаныя праёмам і злучаюцца ў тарцах з перпендыкулярна размешчанымі скляпенчатымі склепамі, якія ляжаць пад прымыкаючым правым і левым крыламі манастыра. Такім чынам, усё падзямелле ўтварае адзіны мудрагелісты лабірынт, пазней адрамантаваны і які выкарыстоўваўся пад патрэбы рэстарана "Славянскі".
Ужо ў наш час у правым крыле будынка адкрылася аптэка. Сёння кожны жадаючы можа здзейсніць невялікую экскурсію, каб азнаёміцца з часткай Свята-Духаўскіх падзямелляў. Дарэчы, праект рамонту памяшкання аптэкі быў складзены такім чынам, каб кліенты маглі аглядзець яе інтэр'ер – фрагменты падмуркаў гэтага старажытнага будынка.
На завяршэнне можна, як і ў многіх іншых выпадках, канстатаваць, што падзямеллі касцёла і кляштара Святога Духа яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў.
Аляксандр Сявенка, Віктар Саяпін
Матэрыял прыведзены з некаторымі скарачэннямі паводле "Гродзенская праўда"