Гродзенскі Пабрыгідскі манастырскі комплекс хаваў і магчыма хавае ў сабе вялікую колькасць таямніцаў. Пра адкрыццё каштоўных гістарычных артэфактаў, якія знайшлі яшчэ ў мінулым стагоддзі мало хто ведае. Прапануем Вашай увазе змястоўны матэрыял гісторыкаў Аляксандра Сявенкі і Віктара Саяпіна.
Сярод экспанатаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі бачнае месца займаюць партрэты сям'і Весялоўскіх, вядомых магнатаў Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Гэта перш за ўсё партрэт Кшыштафа Весялоўскага – маршалка ВКЛ (з 1635) і гродзенскага эканома (з 1636), чыё імя захавалася ў гісторыі горада дзякуючы актыўнай грамадскай дзейнасці. Побач знаходзіцца партрэт яго жонкі, Аляксандры Марыянны Весялоўскай (у дзявоцтве Сабескай) – стрыечнай сястры польскага караля Яна III Сабескага. І, нарэшце, на трэцім партрэце намаляваная іх прыёмная дачка Грызельда Сапега – жонка Яна Станіслава Сапегі, маршалка ВКЛ. Дадзеныя палотны самыя па сабе з’яўляюцца ўнікальнай з'явай у айчынным жывапісе першай паловы XVII стагоддзя і прадстаўляюць багатую спадчыну беларускага народа. Мала хто ведае, што гісторыя гэтых бясцэнных шэдэўраў непарыўна звязана з ёмістымі гродзенскімі сутарэннямі, а менавіта, з крыптай касцёла Звеставання Панны Марыі, які раней ўваходзіў у комплекс брыгідскага манастыра.
Яшчэ паўстагоддзя таму, партрэты Весялоўскіх лічыліся згубленымі. Было вядома, што знаходзіліся яны ў будынку касцёла, а затым у абедзеннай зале манастыра. У 1923 годзе выстаўляліся ў Гродзенскім краязнаўчым музеі. Падчас Другой сусветнай вайны палотны зніклі. Іх знаходка стала сенсацыяй. Гэта адбылося ў 1966 годзе, падчас восьмай экспедыцыі Дзяржаўнага мастацкага музея БССР (цяпер – Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь), якой кіравала яго дырэктар і член праўлення Саюза мастакоў БССР Алена Аладава. Яна, дарэчы, была ўраджэнкай Гродзеншчыны (нарадзілася 1907 г. у сям'і настаўнікаў).
“Калі мы адкрылі драўляную створку ў цэнтральнай частцы падлогі касцёла, убачылі, што ўваход у склеп вельмі моцна забіты смеццем”, – успамінала ў 1982 годзе Алена Васільеўна – “з ліхтарыкам у руках я спусцілася ў непрыемна пахнучую глыбіню склепа. Там, за шэрагам перавернутых трунаў, каля зчарнелай ад вільгаці сцяны, відаць было нешта падобнае на карціны...”.
Як скарбы мастацтва апынуліся ў падзямеллях? Ёсць мяркаванне, што ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны партрэты Весялоўскіх схавала там адна з сясцёр-назарэтанак, якія жылі ў той час у манастыры. Стан выяўленых трох жывапісных палотнаў выклікала трывогу. Пачаўся пошук вопытных рэстаўратараў. Знаходкамі зацікавіўся адзін з лепшых на той час спецыялістаў мастак-рэстаўратар вышэйшай кваліфікацыі Ананій Брындараў, які працаваў у Ленінградзе.
“Неспрыяльныя, вільготныя ўмовы ў падзямеллі, амаль што знішчыў мастацкія шэдэўры” – успамінаў пазней жывапісец. “Дошкі разваліліся на складовыя часткі, расклеіліся, запляснелі. Потым гэтая цвіль перайшла ў палатно. Я стаў гэта ўсё прыводзіць у парадак...”.
Палотны былі вялікіх памераў, вышынёй больш чым два метры кожнае. Пасля вялікіх прац ў сценах Дзяржаўнага Рускага музея, рэстаўрацыя паспяхова завяршылася ў 1970 годзе, творы занялі ганаровае месца ў ліку партрэтных шэдэўраў, створаных на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Іх нават выдзелілі ў асобную – Гродзенскую школу жывапісу. Імя мастака, які іх пісаў, дагэтуль невядома, аднак прынята лічыць гэтыя партрэты працай аднаго з гродзенскіх майстроў.
У зацішных месцах касцёла пабрыгіцкага манастыра ў падчас восьмай экспедыцыі Дзяржаўнага мастацкага музея БССР былі знойдзеныя і шэсць карцін пэндзля таленавітага мастака Якуба (Якава) з Цікацін, напісаныя ў 1642-1649 гадах (памеры да 75х85 см, дошка, алей): “Пакланенне вешчуноў”, “Грамніцы”, “Абразанне”, “Уцёкі ў Егіпет”, “Хрыстос, Марыя, Юзаф, якія ідуць у Ерусалім”, “Хрыстос у Іерусалімскім храме”. Усе яны былі рэстаўраваны ў 1990-1992 гадах і сёння знаходзяцца побач з партрэтамі сям'і Весялоўскіх ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.
Склепы, саркафагі і падземны ход
Палотны з выявамі вядомых магнатаў невыпадкова апынуліся ў манастырскім касцёле. Гродзенскі жаночы манастыр ордэна Святой Брыгіты быў зафундаваны менавіта гэтымі людзьмі: Кшыштафам Весялоўскім і яго жонкай, ва ўспамін сваёй прыёмнай дачкі Грызельды, якая рана пайшла з жыцця. Гэта здарылася ў 1634 годзе, а праз два гады па запрашэнні сям'і Весялоўскіх 8 прадстаўніц ордэна святой Брыгіты прыбылі ў Гродна з польскага Любліна. Першай настаяцельніцай манастыра стала родная сястра Аляксандры Весялоўскай – Ганна Сабеская. У 1642 годзе пачалося будаўніцтва касцёла, і ў 1651 віленскі біскуп Юрый Тышкевіч асвяціў новы велічны храм, які атрымаў імя Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі.
Двор манастыра ўяўляў сабой велізарны прастакутнік, які займаў цэлы квартал старадаўняга Гродна, і быў абнесены магутнымі і высокімі каменнымі сценамі з чатырма брамамі. Па вуглах двара былі ўзведзены шматгранныя вежы, дзве з якіх захаваліся да гэтага часу. У XIX стагоддзі царскія ўлады выкарыстоўвалі гэты будынак ў якасці турмы. У 1827 годзе сюды саслалі ўдзельніц руху дзекабрыстаў Карнэлію і Ксаверыя Рукевіч, сясцёр вядомага філамата і члена таварыства “Ваенныя сябры” Міхал Рукевіча.
Некропальная камера, у якой знайшлі партрэты сям'і Весялоўскіх, не адзіная ў манастыры. Касцёл меў шырокі склепы, дзе некалькі сотняў гадоў хавалі манахінь, і, магчыма, вядомых гараджан. Паводле ксяндза Антонія Грэмзы, манахіні брыгіцкага манастыра мелі прывілей, якога не было ў манахінь іншых ордэнаў. Памерлых брыгітак хавалі не на могілках, а ў сутарэннях касцёла. Саркафагі з памерлымі апускалі праз спецыяльныя праёмы ў падлозе храма, якія былі зачыненыя вялікімі каменнымі плітамі.
Падземная частка касцёла падзелена на чатыры часткі. Першая знаходзіцца пад галоўным уваходам у касцёл. Склеп ўяўляе сабой доўгі нешырокі пакой з прамой столлю вышынёй каля 2,5-3 метры. У гэтым памяшканні, як і ў наступным, сёння захоўваюцца экспанаты музея брыгіцкага манастыра, а калісьці там стаялі саркафагі. Тры іншых памяшканні маюць скляпеністыя столі ў выглядзе цыліндраў. Сярэдні з іх – галоўны, памерамі большы, чым астатнія. З самага апошняга памяшкання, што пад алтарнай часткай касцёла, знаходзіцца бакавы выхад на двор кляштарнага комплексу.
Сцены і столі ўсіх чатырох склепоў на актуальны стан атынкаваны і пабелены, падлогі выкладзеныя каменнымі мазаічнымі плітамі.
Завяршаючы апісанне падзямелляў касцёла, варта нагадаць, што калісьці існаваў падземны ход ці, дакладней, пераход з падвалаў храма да высокай званіцы, якая размяшчалася праз дарогу ад манастыра, на другім баку цяперашняй вуліцы Карла Маркса. Вежа званіцы да нашага часу не захавалася, яна была разабраная ў канцы 1962 года. Яе падмуркі ў 90- я гады мінулага стагоддзя былі выкрытыя і закансерваваны.
Дзеці сутарэнняў
Яшчэ да рэвалюцыі сясцёр-брыгітак змянілі сёстры-назарэтанкі, якія ўпісаліся ў новыя старонкі старажытнай гісторыі манастыра. У 1950 годзе, пастановай гарвыканкама, манаская пляцоўка была зачынена, і архітэктурны комплекс быў перададзены для размяшчэння дзіцячага садка № 7, абласной бальніцы, псіханеўралагічнага дыспансера, а таксама ў якасці складскіх памяшканняў. Парэшткі людзей пахаваных у некропальных камер касцёла, былі пагружаныя на грузавыя аўтамабілі і вывезеныя ў невядомым кірунку. Сярод жаночых костак былі знойдзеныя і парэшткі дзяцей. Гэта былі, без сумніву, парэшткі памерлых наследнікаў знакамітых прыхаджан і фундатараў храма з ліку гараджан і навакольнай шляхты. Акрамя таго, дакладна вядома, што ў манастыр прымалі на выхаванне дзяўчынак-сірот рознага ўзросту...
У 1990 годзе храм быў вернуты вернікам, неўзабаве аднавіўся і манастыр. Намаганнямі сясцёр Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэта, а таксама пробашча касцёла і натарыуса курыі Гродзенскай дыяцэзіі Рыма- Каталіцкага Касцёла ксяндза Антонія Грэмзы ў падвальных памяшканнях касцёла быў праведзены рамонт і створаны музей. Цяпер у ім выстаўлены рэліквіі святых, а таксама каля 30 старадаўніх абразоў і карцін (некаторыя з якіх датуюцца XVII і XVIII стагоддзямі), харугвы і розная касцёльныя рэчы, літургічнае адзенне, антыкварныя кнігі, прадметы побыту і інтэр'еру, фатаграфіі. Ёсць там і даваенны тэлефон, а таксама рарытэтная друкаваная машынка “Ундервуд” і многія іншыя цікавыя экспанаты. Глыбокія скляпеністыя склепы ствараюць сапраўдную атмасферу старажытнасці, а наведвальнікі, спускаючыся ў старадаўнія сутарэнні для агляду экспазіцыі, адчуваюць невымоўнае пачуццё датычнасці да гісторыі мінулых стагоддзяў.
Аляксандр Сявенка і Віктар Саяпін
Паводле газеты "Гродзенская праўда"