Зварот касцёла каталікам. Адбудова і рэкансэкрацыя
Пасля 40 гадоў бальшавізму парафія прачнулася ад летаргічнага сну. Жыхары Дзярэчына з вялікай адданасцю прыклалі намаганні, каб адбудаваць свой касцёл. Яны атрымалі ад тагачасных улад дазвол на будаўніцтва, узяліся за ўпарадкаванне руін святыні і прылягаючай тэрыторыі, нават пачалі збіраць першыя будаўнічыя матэрыялы, што ў той час было дастаткова складана. Аднак вялікія выдаткі, звязаныя з такім праектам, перараслі магчымасці мясцовых жыхароў.
“Для Бога няма нічога немагчымага” (параўн. Лк 1, 37). У гэты ж час Божы Провід прывёў у Дзярэчын Жана Керхнера. Яго памерлая ў 1989 г. жонка Ірына паходзіла з гэтых зямель. У часе нямецкай акупацыі яна была перавезена ў Германію. Пасля Другой сусветнай вайны трапіла ў Францыю, дзе і пазнаёмілася са сваім будучым мужам Жанам. Калі ў 1989 г. Жан аўдавеў, ён паехаў у Беларусь у родную вёску Ірыны, каб адшукаць тут яе сляды. У Дзярэчыне ён натрапіў на разбураны касцёл, у якім Ірына калісьці была ахрышчана, пасля таксама прыняла Першую св. Камунію і па якім пры жыцці заўсёды сумавала.
І тады Жан Керхнер прымае рашэнне аб адбудове роднага касцёла сваёй любімай прыгажуні-жонкі, каб такім чынам ушанаваць яе памяць, а таксама на Божую хвалу. Дзякуючы яго вялікай зацікаўленасці і мудрай шчодрасці, у супрацоўніцтве з а. Вітольдам Жэльветра, разбураная святыня ўваскросла – была цалкам адбудавана і вернута парафіяльнай супольнасці. 14 жніўня 1993 г. ардынарый Гродзенскі кс. бп Аляксандр Кашкевіч урачыста асвяціў касцёл.
Фундатар святыні не затрымаўся толькі на адбудове, яго жаданнем было стварыць умовы для адраджэння ў Дзярэчыне духоўнага жыцця супольнасці, сярод якой вырасла яго жонка. Трэба было пабудаваць плябанію, стварыць усе неабходныя ўмовы, падтрымаць душпастыра, зрабіць магчымым вяртанне да традыцый. Парафія бурліць жыццём, грамадзіць вернікаў, моладзь, выпраменьвае веру і дабрыню на ўсю ваколіцу.
У ліпені 1994 г. парафію прымае супольнасць самарытанаў на чале з пробашчам і настаяцелем бр. Юзафам Файлерам, які паходзіць з Германіі. У Дзярэчын прыязджаюць таксама сёстры самарытанкі, для якіх дзякуючы Жану Керхнеру быў пабудаваны дом-кляштар. Пры касцёле адкрыўся пункт “Карытас”, які служыў матэрыяльнай дапамогай ад каталікоў з Германіі. Акрамя таго, арганізаваліся канікулы для дзяцей з парафій Гродзенскай дыяцэзіі. У іх штогод удзельнічалі 150 – 330 дзяцей. Абслугоўвалася 3 касцёла: Дзярэчын, Старая Весь (пабудаваны ў 1995-1997 гг.) і Луконіца.
21 верасня 2003 г. у парафіі адбылася вялікая ўрачыстасць, якая сабрала шмат гасцей. Вернікі прымалі ўдзел у юбілейнай св. Імшы падзякі за 90 год пабудовы касцёла (1913 г.) і 10 год заканчэння яго аднаўлення (1993 г.). Мясцовая моладзь у нацыянальных касцюмах вітала хлебам і соллю ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі кс. б-па Аляксандра Кашкевіча, рэктара Польскай каталіцкай місіі ў Францыі кс. прэл. Станіслава Ежа, дзекана а. Вітольда Жэльветра, які садзейнічаў аднаўленню святыні, кс. Анджэя Міхалэка – Генеральнага настаяцеля самарытанаў, супольнасці, якая прыслала ў Дзярэчын братоў: Юзафа Файлера і Альбіна Кеслера, якія па чарзе служылі ў тутэйшай супольнасці, Генеральную маці самарытанак с. Марыю Петру Захер. Святую Імшу ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі абп Іван Юрковіч, а прысутнічалі таксама пасол Францыі ў Мінску з жонкай і Генеральны консул РП. Аднак найважнейшым госцем урачыстасці быў, канешне, сам фундатар касцёла і новага дома для сясцёр – Жан Керхнер.
Амаль 6 гадоў абавязкі пробашча выконвае кс. Аляксандр Брэйва (2004-2010 гг.). У 2009 г. быў заменены дах на касцёле і ўзмоцнена касцёльная вежа. Дзярэчынскі пробашч абслугоўвае касцёл у Луконіцы і каплічку ў Старым Сяле.
У маі 2010 г. дэкрэтам ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі новым пробашчам у Дзярэчын прызначаны кс. Яўген Учкуроніс, які нарадзіўся 02.12.1979 г. у Доцішках Воранаўскага раёна. Святарскія пасвечанні атрымаў 29 мая 2004 г. з рук Я. Э. кс. б-па Аляксандра Кашкевіча.
У 2011 г. былі арганізаваны 2 Ружанцовыя колы: Маці Божай Вастрабрамскай і Святой Сям’і. 16 лістапада 2011 г., ва Урачыстасць Маці Божай Вастрабрамскай, адбылася сустрэча святароў аднакурснікаў ксяндза-пробашча. У Імшы падзякі за дар святарства ўдзельнічалі 7 святароў і многія вернікі.
Летам 2012 г., дзякуючы шчодрасці вернікаў і людзей добрай волі, быў адрамантаваны інтэр’ер касцёла. У ліпені гэтага ж года парафію наведваюць госці з Аўстрыі на чале з бр. Юзафам Файлерам. 19-21 красавіка 2012 г. у касцёле адбываецца перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага. Такія словы былі запісаны ў парафіяльнай хроніцы: “На працягу трох дзён мы з вялікай набожнасцю аддавалі пашану Езусу Міласэрнаму, дзякавалі за 20 год нашай дыяцэзіі і біскупскай сакры нашага Ардынарыя. Святыя Імшы аб Божай Міласэрнасці з адпаведнымі літургічнымі навукамі, святая Камунія, адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, гадзіна Міласэрнасці, споведзь, прыватная малітва, акт адданя нашай парафіі Божай Міласэрнасці – за гэтыя вялікія дары Богу Айцу міласэрнаму хвала і падзяка”.
25-26 ліпеня 2013 г. адбылася перэгрынацыя рэліквій св. Тэрезы ад Дзіцятка Езус. У супольных малітвах прынялі ўдзел не толькі каталікі, але і праваслаўныя. Падчас святой Імшы выслухалі цудоўную гамілію пра жыццё і шлях да святасці св. Тэрэзы.
Ад пачатку 2013 г. трывае падрыхтоўка да вялікага юбілею 100-годдзя касцёла i 20-годдзя кансэкрацыі і аднаўлення рэлігійнага жыцця ў парафіі.
Дзякуем ксяндзу-пробашчу Яўгену Учкуронісу за дасланыя матэрыялы