Каталіцкая парафія пры падамініканскім касцёле – 1833-1905 г.
Фармуліроўка “пры касцёле” павінна дапамагчы зразумець, што рашэнне аб ліквідацыі парафіі, навязанае царскай адміністрацыяй касцёльным уладам, не было правамоцным, і нягледзечы на запіс (пасля 1835 г.) каталікоў у праваслаўную царкву, на гэтай тэрыторыі заўсёды існавала група вернікаў, якія карысталіся паслугаю ў суседніх гарадах (напр. Слонім, Ваўкавыск, Масты).
Надышоў год 1832. У выніку рэпрэсій, якія праводзілі царскія ўлады ў адказ на лістападаўскае паўстанне, кляштар дамініканцаў быў ліквідаваны, а манахі вымушаны былі выехаць з Дзярэчына. Парафію прыняў дыяцэзіяльны святар.
24 мая 1861 г. у дзярэчынскім касцёле ўрачыстая памінальная св. Імша за Яўстахія Севярына Сапегу сабрала 10 духоўных, у тым ліку з кляштара Бернардзінцаў у Слоніме.
Дзень 18 жніўня 1866 г. быў вельмі трагічным для парафіяльнай супольнасці. Касцёл быў знішчаны пажарам. Вялікі алтар згарэў дашчэнту, а астатнія былі моцна пашкоджаны. Рэканструкцыя ці ўзвядзенне новага касцёла былі немагчымыя, бо ўлады эфектыўна прадухілялі ініцыятывы такога тыпу.
Праз сем месяцаў пасля пажару Міністэрства ўнутраных спраў выдала дазвол на адпраўленне св. Імшы толькі ў час Вялікага посту, прычым не ў касцёле, а ў капліцы на могілках. Дазвол гэты быў атрыманы дзякуючы намаганням дзярэчынскага пробашча кс. Станіслава Любатынскага (1859-1867). У той час парафія налічвала 1200 каталікоў.
Каталікі без парафіі – 1867-1905 г.Паводле рашэння цара, з 22 чэрвеня 1867 г. касцёл у Дзярэчыне быў зачынены, а вернікі былі аднесены да парафіі ў Слоніме і іншых “суседніх” касцёлаў. У хуткім часе цэгла, якая засталася ад згарэлага касцёла, была папрадавана на аўкцыёне як будаўнічы матэрыял. Вернікам давялося чакаць новага касцёла амаль 40 доўгіх гадоў.
“Святыня наша, святая і ўзнёслая, у якой хвалілі Цябе нашыя продкі, стала пастваю агню, і ўсё, што мы любілі, ператварылася ў попел”.
Неагатычная святыня – 1905-2013 г.
Пасля выдання царом талеранцыйнага загаду пачынаецца рэлігійнае адраджэнне парафіі. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў парафіяне стараліся атрымаць дазвол на пабудову новага касцёла. Нарэшце ў 1904 г. справаю заняўся афіцэр царскіх войскаў, якія размяшчаліся ў той час у Дзярэчыне, Дамінік Тарасевіч. Палкоўнік шмат месяцаў цярпліва складаў прашэнні ўсюды: пачынаючы ад начальніка паліцыі, аж да цара Мікалая ІІ. У гэты час яго “кампаньён” гвардыян францішканцаў а. Мельхіёр Фордон узносіў у гэтай справе малітвы да Бога і не спыняўся, пакуль цар не даў згоды на будаўніцтва святыні. Працы можна было распачынаць. Ужо ў 1905 г. рэгулярна адбываліся набажэнствы ў драўлянай могілкавай капліцы, асвечанай пробашчам са Слоніма. У хуткім часе (у 1906 г.) намінацыю на пробашча ў Дзярэчыне атрымаў малады святар Адам Абрамовіч.
Адам Абрамовіч нарадзіўся 2 лютага 1881 г. у мястэчку Жосле на Літве. Яго бацька Марцін працаваў на чыгунцы, а маці Цэцылія з роду Сонгіных займалася хатняй гаспадаркай.
Адам спачатку вучыўся ў мясцовай школе, а пасля ў тэхнічнай школе ў Новых Троках. У Паўлаградзе ў Расіі здаў экзамен за 4 класы гімназіі і ў 1899 г. паступіў у Духоўную семінарыю ў Вільне. У 1905 г. атрымаў святарскія пасвячэнні. Год працаваў вікарыем у Слоніме, а ў 1906 г. прыняў функцыі пробашча ўваскрослай пасля ліквідацыі царскімі ўладамі парафіі ў Дзярэчыне. Кс. Адам хутка пабудаваў мураваны касцёл і плябанію. Арганізаваў пры парафіі патаемныя “польскія школкі” і ў хуткім часе быў абвінавачаны царскімі ўладамі ў незаконнай адукацыйнай дзейнасці і прыняцці ў Касцёла праваслаўных. Па гэтай прычыне быў вывезены з Дзярэчына і пасяліўся ў кляштары францішканцаў у Гродне. Там правёў два месяцы.
Пасля таго як кс. Адам пакінуў кляштар, пасля двух гадоў блуканняў яму ўдалося выехаць за мяжу. Большасць часу ён правёў у Рыме, дзе як вольны слухач наведваў універсітэт “Angelicum”.
У 1914 г. вяртаецца ў Польшчу і атрымлівае намінацыю на вікарыя парафіі св. Рафала ў Вільні, а трохі пазней становіцца вікарыем у Сухаволі. Адтуль у 1917 г. пераходзіць пробашчам у Вухава, дзе заканчвае будаўніцтва касцёла.
У 1921 г. становіцца пробашчам парафіі ў Ганёндзы. Там кс. Абрамовіч прыступае да будаўніцтва касцёла, які запраектаваў яму архітэктар Оскар Сасноўскі.
9 лютага 1925 г. біскуп намінаваў кс. Абрамовіча пробашчам парафіі св. Роха, якую ён прымае 1 мая гэтага ж года. 20 мая біскуп Матулевіч выдаў эрэкцыйны дакумент для парафіі св. Роха ў Беластоку. Там была пабудавана святыня, якую ў 1946 г. ва ўрачыстасць св. Роха кансэкраваў абп Рамуальд Ялбжыкоўскі.
Як капелан Арміі Краёвай за сваю дзейнасць быў адзначаны Крыжам Незалежнасці з Мячамі і Крыжам Доблесных.
Кс. Абрамовіч да 1950 г. быў дырэктарам архідыяцэзіяльнай “Caritas”. Памёр 4 чэрвеня 1969 г. і пахаваны пры касцёле св. Роха.
Вось словы, якія запісаў у сваім дзённіку кс. Адам, калі прыехаў на сваю першую парафію: “У Дзярэчыне я знайшоў 780 парафіян і ані касцёла, ані плябаніі, трохі зямлі і Божы Провід. Дзякуючы веры ў гэты Провід я з энтузіязмам прыступіў да будаўніцтва касцёла. Спачатку трэба было сабраць грошы. Ад сваёй “парафійкі” немагчыма было штосьці атрымаць. Я пачаў шукаць у суседзяў, і нават някепска ўдалося. Адважыўся на больш далёкае падарожжа – не толькі ў Слонім, дзе мяне ўсе ведалі, а ў глыб краіны, а нават у Расію. Так за пару гадоў я аб’ехаў некалькі дзясяткаў каталіцкіх парафій... такім чынам мы купілі кавалак зямлі каля могілак і пабудавалі навес – плябанія чакае. Планы ўжо ёсць – неагатычны касцёл!”
Абшар парафіі быў вельмі вялікі. Н. Роўба ў сваёй кніжцы апісваў прастор парафіі, якая ў радыусе дасягала ад 18 да 24 вёрст: “Толькі ў Дзярэчыне і ў вёсцы Старавесь жывуць каталікі”. Ён таксама тлумачыць, што ў многіх месцах пераважала беларускае насельніцтва праваслаўнага веравызнання, а тыя, хто прызнаваў сябе каталікамі, гэта сем’і асаднікаў, якія прыязджалі сюды са ўсёй краіны, шукаючы працы ў час росквіту рэзідэнцыі Сапегаў.
Трывала падрыхтоўка да будаўніцтва касцёла, была пабудавана драўляная капліца, але месца пад пабудову павінна было быць зусім новым, бо нягледзячы на просьбы, царскія ўлады не дазволілі будаваць на даўнейшых фундаментах кляштарнага касцёла. Зацвярджэнне праекта адбылося 24.06.1906 г. Актыўная дзейнасць маладога пробашча не вельмі падабалася царскім уладам. Таму ў 1910 г. кс. Адам быў арыштаваны. Адбыўся суд. Кс. Абрамовіч успамінае: “Суд адбыўся ў Кобрыне ў 1910 годзе, калі я быў ужо пробашчам у Дзярэчыне Слонімскага павета. Мяне апраўдалі, але на працягу доўгіх гадоў я падвяргаўся адміністрацыйным рэпрэсіям. Я быў пазбаўлены сваёй парафіі ў Дзярэчыне і асуджаны на блуканне, якое трывала да 1917 г., калі я стаў пробашчам у Вухаве пад Лапамі”.
Новым пробашчам стаў кс. Адольф Рамецкі, які далей працягнуў будаўніцтва. Ён спатыкае шмат цяжкасцей, бо не хапала сродкаў на далейшыя працы. Шмат грошай на пабудову новай святыні перадае Віленская курыя. Дзень 22 чэрвеня 1913 г. быў вельмі важны для ўсёй парафіі ў Дзярэчыне. З касцёла ў Слоніме быў урачыста перададзены звон для новага касцёла. Гісторыя гэтага звона вельмі цікавая. Спачатку ён вісеў на вежы дамініканскага касцёла ў Дзярэчыне. Пасля ліквідацыі, паводле распараджэння царскай улады, парафіі ў Дзярэчыне ён апынуўся ў слонімскай парафіі і знаходзіўся там амаль сорак гадоў. Вось надпіс на звоне: “Fudit me Joannes S. Tomaszewicz. + Chwałę Bogu daję, budzę Kapłanów – niech wstają, ludziom zbawienie przynoszę, za zmarłych Pana Boga proszę. R. 1717” (“Выліў мяне Ян С. Тамашэвіч. + Хвалу Богу аддаю, буджу Ксяндзоў – няхай устаюць, людзям збаўленне прыношу, за памерлых Бога прашу”).
Не толькі звон прыгадвае аб дамініканскім касцёле. Маладыя парафіяне Аліна Навіцкая разам са сваім братам Ляонам (дзеці ўрача Вацлава Навіцкага) сабралі некалькі цэглаў з руін падамініканскага касцёла – іх умуравалі ў сцену новага касцёла ў форме крыжа. Таксама знайшлася і аздоба галоўнага алтара са срэбнымі анёламі, акая знаходзілася ў касцёле дамініканцаў і была схавана мясцовымі жыхарамі ў Дзярэчыне, падобна як харугвы і іншыя ліургічныя рэчы. У падлогу касцёла з правага боку была ўмуравана эпітафійная дошка Казіміра Леона, Юзафа Станіслава і Міхала Антонія Сапегаў, зробленая Аляксандрам Сапегам у 1772 г. і прысвечананая памяці яго бацькі і двух дзядзькаў. Дошка была прыгожа выканана ў разьбянай мармуровай рамцы, якая складалася з атрыбутаў годнасці пералічаных асоб. Першапачаткова эпітафій быў змешчаны ў касцёле дамініканцаў, разабраным у 1867 г. На жаль, у час рамонту касцёла ў 1991 г. дошка была замуравана, калі клалі новую падлогу.
Надпіс на пліце, прынесенай з дамініканскага касцёла: “Казіміру Сапегу, пану найлепшаму і знакамітаму паручніку войска ВКЛ, бацьку найлепшаму; Юзафу Сапегу, дыяцэзіяльнаму каадзьютару Віленскага біскупа, рэферэнту ВКЛ, роднаму дзядзьку продка вялікая пашана; Міхалу Сапегу, падканцлеру ВКЛ, любімаму дзядзьку, сэрца якога тут спачывае; кавалерам Белага Арла, найбольш упрыгожанымі ўсялякімі цнотамі за Айчыну і Дом свой князь Аляксандр Сапега, граф у Чарэі, Высокім, Дзярэчыне, ваявода полацкі і палявы гетман ВКЛ, кавалер ордэна Белага Арла і Святога Станіслава паставіў гэты помнік у 1772 г.”.
Прыйшла нарэшце тая доўгачаканая ўсімі парафіянамі хвіліна... 20 кастрычніка 1913 г. касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі быў асвечаны ксяндзом легатам Віленскага біскупа Браніславам Сароска. Ва ўрачыстасці ўдзельнічала амаль уся парафія, якая налічвала 1449 вернікаў. Прыбыло таксама шмат святароў на чале са слонімскім дзеканам.
Наступным пробашчам быў кс. Барталамей Ясяк (1914-1917), аб якім не засталося ніякай інфармацыі.
Затым працаваў кс. Антоній Пянткоўскі (1919-1922). Яго магіла знаходзіцца каля касцёла. Ён застаўся ў памяці вернікаў як апякун хворых і ўбогіх.
На працягу чатырох гадоў пробашчам быў кс. Зыгмунд Мілкоўскі (1922-1926). У час яго паслугі парафія налічвала 1800 вернікаў. Упершыню быў складзены інвентарны спіс, у якім чытаем: “Касцёл Унебаўзяцця НПМ пабудаваны з чырвонай цэглы ў гатычным стылі і асвечаны 20 кастрычніка 1913 г. Памеры касцёла наступныя: даўжыня 16, шырыня 7 і вышыня 5 сажняў. Вежа – каля 22 сажняў. Касцёл пакрыты чарапіцай, вежа – цынкавай бляхай. На вежы змешчаны жалезны крыж. Звонку касцёл звычайнага цаглянага колеру, ад фундамента на паўметра каменны. Унутры ўвесь касцёл абтынкаваны. Столь драўляная, а пад хорамі, на вежы і ў закрыстыях – цагляная, таксама абтынкаваная. Вокнаў у галоўнай вежы 6, у прэзбітэрыум 3, усе з рознакалярвага шкла. Амбон драўляны. З аднаго і другога боку прэзбітэрыума знаходзяцца дзве закрыстыі, у іх па тры акна з жалезнымі рамамі. Прэзбітэрыум ад касцёла аддзелены драўлянай балюстрадай. Падлога ў касцёле і адной закрыстыі з цэменту, у другой – драўляная. Дзверы на жалезных завесах з унутранымі замкамі. Драўляныя хоры змешчаны на чатырох жалезных рэльсах. На хорах замест аргана знаходзіцца фісгармонія. У званіцы знаходзіцца звон вагой каля 60 пудоў, пад прэзбітэрыумам – сігнатурка. З правага боку ад увахода ў касцёл над закрыстыяй размешчана галерэя з трыма вокнамі. У касцёле зроблены галоўны алтар і два бакавых. Над галоўным алтаром размешчаны вялікі абраз Маці Божай Вастрабрамскай. Па баках абразы: Сэрца Езуса ў пазалочанай раме, навокал выкладзены плюшам, Маці Божай Чанстахоўскай, 2 абразы Маці Божай і св. Юзафа. Над бакавымі алтарамі змешчаны: над адным – абраз Маці Божай Чанстахоўскай, над другім – Сэрца Езуса”. Далей пералічаны розныя літургічныя рэчы, таксама са срэбра і золата. Можна зрабіць выснову, што касцёл быў добра забяспечаны.
Да парафіі належалі наступныя вёскі: Дзярэчын, Старая Весь, Алексічы, Котчын, В. Азёркі, Пяскоўскія Сліжы, Мілевічы, Родзішкі, Букштава, Лобзава, Валкевічы, Савічы; маёнткі: Лобзаў, Котчын, Вайніловічы, Крупаў, фальварак Цагельня. Дзярэчынская парафія межавала з зэльвенскай, крамяніцкай, луконіцкай, скрундзёўскай, дзятлаўскай і жалудоцкай парафіямі.
У 1924 г. згарэлі ўсе гаспадарчыя пабудовы, якія затым адбудаваў наступны пробашч. З 1925 г. дзярэчынская парафія належала да Віленскай архідыяцэзіі. Наступныя 10 гадоў душпастырам парафіі быў кс. Юрый Пачобут-Адляніцкі (1926-1936). Нарадзіўся ў 1892 г. Святарскія пасвячэнні атрымаў у 1920 г. быў душпастырам у парафіях: Крамяніца, Ваўкавыск, Дзярэчын і Чорная Весь, дзе 7 верасня 1936 г. быў забіты. У часопісе “Jutrzenka Białostocka” ад 1936 г. №10 пахвала працы ў Дзярэчыне: “Заслужыў сімпатыю і павагу не толькі сваіх парафіян, але і іншаверцаў. (...) Дзякуючы яму ў Дзярэчыне паўстае спажывецкая пляцоўка, накшталт беластоцкага «Аб’яднання». Дата прыбыцця – 17.09.1926 г.”.
У 1929 г. у парафіі налічвалася 1800 вернікаў. У гэтым жа годзе адбыліся парафіяльныя місіі, якія праводзілі ксяндзы місіянеры. Дзейнічае капліца ў Лобзаве. У жніўні 1931 г. была асвечана памятная дошка ў знак пашаны будаўніку святыні кс. Адаму Абрамовічу. К. Юрый Пачобут-Адляніцкі быў сапраўды руплівым святаром. З 1928 г. у парафіі працавалі сёстры Святой Сям’і Марыі, а ў 1934 г. быў арганізаваны ІІІ Францішканскі ордэн. У час біскупскай візітацыі (30 жніўня 1935 г.) парафія налічвала 2026 каталікоў, а сакрамант канфірмацыі прынялі 168 асоб.
Наступнымі душпастырамі былі: кс. Пётр Бруквіцкі (1936 г.) і кс. Уладзіслаў Кашыц (1936-1939). Яшчэ ў 1938 г. на гарадскім рынку можна было заўважыць добра захаваныя фрагменты гадзіннікавай вежы з даўнейшага дамініканскага кляштара.
Апошнім пробашчам перад знішчэннем касцёла быў кс. Антоній Дзічканец – слонімскі дзекан. Ён прыйшоў у парафію ў 1939 г., калі супольнасць вернікаў налічвала 2030 асоб. У гэтым годзе мястэчка Дзярэчын было занята савецкімі войскамі. Пачаліся першыя рэпрэсіі на вернікаў і пробашча. Кс. Антонію было абсалютна забаронена хадзіць у сутане. Прыйшлі цяжкія ваенныя часы. Шмат польскіх сем’яў было дэпартавана ў СССР (у тым ліку і ў Сібір). 23 чэрвеня 1942 г. гітлераўцамі і беларускай паліцыяй былі забіты жыхары яўрэйскага гетта. Некаторых з іх уратаваў кс. Антоній. Пасля ІІ Сусветнай вайны шматлікія каталіцкія сем’і былі таксама вывезены. Кс. Антоній цяжка хварэе, а ў душпастырстве яму дапамагае кс. Ян Мяноўскі з Зэльвы.
Наступіў сумны дзень для парафіі – 5 жніўня 1951 г. памірае кс. пробашч Антоній. На трэці дзень малітвы пры памерлым пробашчы парафіяне пахавалі яго цела каля касцёла. Не прайшло і 2 месяцаў, як камуністычныя ўлады зачынілі святыню ў Дзярэчыне. Касцёл стаў склепам, а пасля выкарыстання яго ў 1960 г. калхозам быў зусім знішчаны.
Амаль 40 гадоў парафіяне не маюць касцёла. Святыя сакраманты прымаюць у касцёлах у Ваўкавыску, Крамяніцы, Слоніме (там яшчэ заставаліся святары).
Дзякуем ксяндзу-пробашчу Яўгену Учкуронісу за дасланыя матэрыялы