Кляштар дамініканцаў і каталіцкая парафія з касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі – 1629-1832 г.
Ад 15 стагоддзя (1416 г.) вёска Дзярэчын належыць да роду Капачаў. У 1609 г. уладальнікам вёскі быў Палубінскі. Першую святыню ў Дзярэчыне зафундавалі ў 1618 г. князі Канстанцін і Зоф’я з роду Сапегаў Палубінскія і перадалі дамініканцам. У 1633 г. першую візітацыю правёў біскуп Каспер Заліўскі. У 1690 г. манахі правялі рэканструкцыю першапачатковага касцёла. Са сродкаў уласнага бюджэту канвента святыня была вымуравана з цэглы, патынкавана і пакрыта чарапіцай. З архітэктурнага пункту гледжання яна прадстаўляла сабой дарычны стыль.
Даўжынёю ў 50 і шырынёю ў 42 локці, з 2 паасобнымі вежамі і 2 капліцамі, спалучанымі са сценамі касцёла. У 1741 г. біскуп Міхал Зенковіч кансэкраваў святыню, надаўшы ёй тытул Унебаўзяцця НПМ. У 1772 г. душпастарскую працу вядуць 29 манахаў (13 святароў). З таго часу захаваліся таксама друкаваныя гаміліі. Пры парафіі манахі ўтрымлівалі шпіталь, школу і філасафічныя курсы. Касцёл і кляштар у Дзярэчыне сталі цэнтрам рэлігійна-культурнага жыцця.
Уваход у касцёл складаўся з пяці драўляных ступеняў. Інтэр’ер касцёла ахоўвалі падвойныя дзверы на жалезных завесах, умацаваныя вісячым замком. Над імі было гатычнае акно, якое выражала імя Марыі. Далей да касцёла вёў вестыбюль, аддзелены дзвюма бакавымі дзвярыма і цэнтральнымі дзвярыма, вялікімі, рассоўнымі. У касцёле і капліцах было 19 вокнаў, а ў купалах капліц – 16. Былі таксама даволі вялікія арганныя хоры. Унутры касцёла размяшчалася 5 каплічак: 3 большыя і 2 меншыя. Падлога ў большай частцы была з мармуру, а ў дзвюх каплічках – з цэглы. Пад падлогай знаходзілася 8 склепаў з добразахаванымі старажытнымі грабніцамі. З правага боку знаходзілася закрыстыя, якая агравалася печкай, з левага – склад касцёльных рэчаў. Святыню асвятлялі галоўным чынам 8 вялікіх жырандоляў з 60-цю ліхтарыкамі і шкляны жырандоль з 8-мю ліхтарыкамі.
У касцёле было 8 алтароў. Галоўны алтар прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі Унебаўзятай з вялікім абразом, які паказвае гэтую таямніцу. Сам алтар быў увесь драўляны, пафарбаваны ў белы колер і пазалочаны ў многіх месцах. Увагі заслугоўвала шырма па ободвух баках алтара, таксама прыгожай разбярскай работы, з дзвюма дзвярыма, якія вялі за алтар. У верхняй частцы шырмы знаходзілася 6 бюстаў з рэліквіямі. У дзярэчынскім касцёле былі таксама рэліквіі Святога Крыжа. Падлога прэзбітэрыя была “ўсцелена” праз сярэдзіну мармурам і цаглянымі кафлямі, пад сценамі з абодвух бакоў стаялі прыгожыя лавы. Другі алтар – з абразом, які адлюстроўваў сцэну Бічавання Пана Езуса – знаходзіўся злева і быў увесь мураваны. Трэці алтар размяшчаўся ў капліцы св. Дамініка, у ім знаходзілася выява гэтага святога, уваскрашаючага мёртвага маладога чалавека; намаляваны на сцяне. У капліцы св. Тамаша Аквінскага быў чацвёрты алтар, таксама намаляваны на сцяне, з абразом гэтага ж святога, паглыбленага ў роздум. У гэтай капліцы была таксама хрысцільня. Алтар св. Антонія са старым абразом таксама знаходзіўся ў асобнай капліцы. Алтар у капліцы Анёла-ахоўніка меў новы абраз, які паказваў Нябеснага Апекуна, што вядзе нявінных дзяцей. Сёмы алтар – св. Вінцэнта з яго выявай, апраўлены ў пазалочаныя рамы – быў намаляваны на сцяне. Восьмы алтар, прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі, быў увесь мураваны. Абраз Багародзіцы прыкрыты сярэбранай шатай. Алтары Маці Божай і Пана Езуса былі аздоблены густоўнымі гіпсавымі ўпрыгожаннямі. Усе алтары забяспечаны дастатковай колькасцю падсвечнікаў са свечкамі, на кожным алтары быў крыж. Вялікі алтар меў найбольшую колькасць падсвечнікаў: 4 сярэбраных анёла і 2 драўляных трымалі падсвечнікі са свечкамі, дадаткова яшчэ было 6 сярэбраных і 10 алавяных падсвечнікаў.
Святыня была вельмі добра забяспечана касцёльнымі начыннямі: 7 набораў вышываных арнатаў з капамі, далматыкамі і дзвюма стуламі, трыма маніпулярыямі і келіховай бялізнай; чатыры такія наборы без капаў; паасобных арнатаў было 14, чырвоных 9, зялёных 11, 6 пакутных. На жаль, больш за палову з іх патрабавалі рамонту. Алтарная бялізна была ў дастатковай колькасці і ўтрымана ў добрым стане. Дастаткова было таксама літургічных начынняў, вырабленых з каштоўных металаў: манстранцыі, рэлікварыі, цыборыумы, келіхі, патэны, кароны абраза св. Антонія, шаты абраза Маці Божай, падсвечнікі, дошкі з гербамі заснавальнікаў. У касцёле знаходзіўся драўляны амбон, пафарбаваны ў белы колер і пазалочаны ў некаторых месцах, а насупраць яго стаяў разьбяны, мармуровы помнік князёў Сапегаў.
Удзяляючы сакрамант паяднання, дамініканцы маглі служыць у сямі канфесіяналах. Пасярэдзіне касцёла стаяла 12 дубовых лавак, а ў капліцы св. Тамаша 2 вялікія і 6 малых. З драўляных хораў грунтоўнай сталярскай работы, упрыгожаных прыгожымі роспісамі, можна было пачуць ігру 24-галоснага аргана з трыма клавіятурамі, узбагачанымі дадатковым басам. Звонку, у пярэдняй частцы касцёла, стаялі дзве мураваныя вежы, пакрытыя ліставой меддзю, з жалезнымі крыжамі зверху. На адной з вежаў віселі тры званы вагой у 60, 30, 20 фунтаў, на другой вісеў гадзіннік, які адбіваў гадзіны і чвэрці гадзін. У пярэдняй частцы касцёла стаяла таксама вялікая мураваная брама з цэглы.
Падчас візітацыі 1830 г. касцёл вельмі добра падтрымліваўся са сродкаў канвента. Апошнія рамонтныя і рэстаўрацыйныя працы, фінансаваныя Сапегамі, праводзіліся даўно: у 1760 г. сцены і столь былі распісаны за кошт князя Міхала Сапегі, а ў 1800 г. Аляксандр Сапега дапамог пабудаваць адну вежу. Манахі не былі ў стане самастойна фінансаваць рамонт касцёла, не было таксама ніводнага дакумента, які б абавязваў спадчыннікаў Дзярэчына дапамагаць касцёлу. Цяжкасці, звязаныя з недахопам рэсурсаў ва ўмовах усё больш неабходнага рамонту касцёла, былі не адзінай пагрозай для святыні.
Дзякуем ксяндзу-пробашчу Яўгену Учкуронісу за дасланыя матэрыялы