Каталіцкі касцёл і яго духавенства на працягу ўсёй сваёй гісторыі адыгрывалі важную ролю ў сферы адукацыі. У канцы XVIII – XIX ст. у Гродне ў справу пачатковай адукацыі было заангажавана пераважна манаскае духавенства. Адукацыя моладзі ў большасці выпадкаў выступала як элемент дабрачыннай дзейнасці манахаў. Пры кожным кляштары пастаянна пражывала некалькі дзяцей, якім за нескладаную працу манахі давалі вопратку, харчаванне і навуку. На пачатку ХІХ ст. такая з’ява назіралася пры кляштарах кармелітаў босых, францысканцаў і бернардзінцаў.
Так, францысканцы давалі стол і навуку трох-пяці хлопцам штогод. Першыя звесткі пра гэты асяродак адносяцца да 1782 г., калі там навучаліся два шляхціцы і чатыры сыны сялян. Кармеліты босыя і бернардзінцы штогод утрымлівалі трох сіротаў, якім таксама давалі адукацыю. Ян Курчэўскі ў сваёй працы, прысвечанай гісторыі Віленскай дыяцэзіі, адзначае наяўнасць арганізаванага навучання і пры бернардзінскім кляштары, дзе ў 1804 і 1805 гг. жылі і вучыліся тры хлопцы, што пацвярджаюць і даследчыкі гісторыі ордэна бернардзінцаў.
Адукацыйная дзейнасць такога роду насіла нерэгулярны характар. Эпідэміі, пажары і выкліканая імі разруха; неўраджаі, асабістае стаўленне настаяцеляў, войны і паўстанні на некаторы час спынялі адукацыйную актыўнасць канкрэтнага кляштара альбо касцёла.
Жаночыя кляштары таксама былі заангажаваны ў педагагічную дзейнасць. У Гродне дзейнічалі два жаночыя манастыры: брыгітак і бернардзінак. Пры кожным з іх пастаянна пражывалі дзяўчаты, якім даваліся адукацыя і выхаванне. У брыгітак, падобна як у кармелітаў, францысканцаў і бернардзінцаў, навучанне выступала як элемент дабрачыннай дзейнасці. Па адзначэнні візітатара, “панны Брыгіткі не займаюцца адукацыяй свецкіх паненак, гэта запісана і ў іх статуце, і фундатарка кляштара выразна гэта забараніла”. Нягледзячы на гэта, пры кляштары пастаянна пражывалі дзяўчаты-сіроты, якім давалася адукацыя і выхаванне. Колькасць іх была сталай: 12 чалавек.
Бернардзінкі, у сваю чаргу, займаліся арганізаваным навучаннем дзяўчат. Колькасць вучаніц была большай, чым у брыгітак, і дасягала 26 чалавек (у 1804 – 1805 гг.). Адукацыйную дзейнасць манахіні расцэньвалі таксама як сродак атрымання даходаў: у 1828 г. з 12 вучаніц толькі тры (Аўгуста Маеўская, Разалія і Францішка Ардзелеўскія) утрымліваліся коштам кляштара. Дзевяць дзяўчынкак (Юзэфа Паўлоўская, Катарына Мірановіч, Ганна Раўтушкевіч, Францішка Дабрасельска, Юзэфа Зелянкоўска, Юлія і Багуміла Афратавы, Юзэфа Смалінская, Тэкля Сабалеўская) навучаліся платна. Адукацыя дзяўчат пры абодвух кляштарах абмяжоўвалася пачатковымі навукамі: катэхізісам, чытаннем, пісьмом і жаночымі работамі. Можна казаць аб тым, што навучанне дзяўчат пры каталіцкіх манастырах было папулярным сярод жыхароў Гродна. Пры кляштарах брыгітак і бернардзінак у першай палове ХІХ ст. навучалася такая самая колькасць дзяўчат, як і ў прыватных пансіёнах горада.
Да 1773 г. у адукацыйнай сферы Гродна актыўна дзейнічалі езуіты. Аднак 16 жніўня 1773 г. булай папы Клеменса XIV Dominus ac Redemptor ордэн езуітаў быў скасаваны. У той жа час на землях Рэчы Паспалітай распачала сваю дзейнасць Адукацыйная камісія, якая распараджалася паезуіцкай спадчынай, прызначаючы яе на падтрымку дзейнасці школаў рознага ўзроўню. Камісіяй былі створаны дзевяць навучальных акругаў. Горад Гродна стаў цэнтрам Літоўскай акругі. У сувязі з гэтым у горадзе на месцы былой езуіцкай была створана акруговая школа, якой падпарадкоўваліся ўсе навучальныя ўстановы ў акрузе. Пасля Другога і Трэцяга падзелаў Рэчы Паспалітай, у канцы XVIII ст. імператар Павел І накіраваў Віленскаму біскупу Яну Касакоўскаму ліст, у якім прапаноўваў перадаць школы былой Адукацыйнай камісіі ў веданне манаскім ордэнам і на іх поўнае ўтрыманне. У выніку, указам Паўла І Гродзенская акруговая школа спыняла сваю дзейнасць, а на яе месцы 29 верасня 1797 г. было адкрыта Гродзенскае павятовае вучылішча, якое перадалі ў веданне манахаў-дамініканцаў.
Перадаючы школу на ўтрыманне каталіцкага манаскага духавенства ўлады пазбаўлялі сябе неабходнасці яе фінансавання. Да таго ж навучалі моладзь дамініканцы бясплатна, дзякуючы фондам на ўтрыманне навучальнай установы. Непасрэдна на дамініканскую школу ахвяравалі сродкі айцец Ян Стрыпейка, першы прэфект дамініканскай школы, ксяндзы Гейн і Галянскі і іншыя асобы, з фондаў якіх школа атрымлівала штогадовыя працэнты. Пазней за навучанне стала брацца плата ў памеры адзін срэбраны рубель.
Першапачаткова вучылішча размяшчалася ў двухпавярховым флігелі, спецыяльна пабудаваным для гэтых мэтаў у 1797 г. Пасля скасавання кляштара дамініканцаў у Гродне і перадачы гімназіі пад уладу дырэкцыі вучылішчаў Гродзенскай губерні гімназію перавялі ў будынак кляштара, будаўніцтва якога распачаў у 1737 г. тагачасны прыёр а. Тамаш Ганусевіч.
Ад 1803 года вучылішча было падпарадкавана Віленскаму універсітэту. Першапачаткова школа знаходзілася на ступені павятовага вучылішча, пазней, ў 1825 г., атрымала статус гімназіі. Ад гэтага моманту вучылішча падзялялася на непасрэдна гімназію і павятовае вучылішча. Абедзве навучальныя ўстановы мелі па тры класы.
Кіравалі вучылішчам дамініканцы, яны ж займалі ў ім пераважную большасць настаўніцкіх пасадаў. Лічба настаўнікаў у школе была пастаяннай, з 10 чалавек два выкладалі ў двух малодшых класах, а восем – у старэйшых. Напрыканцы існавання дамініканскай гімназіі колькасць настаўнікаў павялічылася да 14 чалавек (восем – у гімназіі, шэсць – у вучылішчы). Нагрузка педагогаў складала ад 16 да 20 вучэбных гадзін на тыдзень. Прэфектаў прызначаў правінцыял ордэна. З 1803 г. кандыдатуру прэфекта зацвярджала кіраўніцтва Віленскага ўніверсітэта. Першым прэфектам школы быў а. Ян Стрыпейка, з 1803 г. – а. Мікалай Ждановіч, да 1827 г. – а. Караль Чапліц, пасля яго кароткі час – а. Станіслаў Снарскі, прызначаны правінцыялам ордэна на гэтую пасаду без дазволу Віленскага ўніверсітэта. Гэта выклікала незадавальненне ўніверсітэцкага кіраўніцтва, у сувязі з чым замест дамініканца пасаду прэфекта гімназіі заняў свецкі чалавек – выпускнік Віленскага ўніверсітэта, магістр філасофіі Вінсэнт Наксяновіч. Дзейнасць апошняга палягала на напісанні справаздачаў, якія ў большай ступені мелі характар даносаў аб дзейнасці школы дырэктару вучылішчаў Гродзенскай губерні. У іх прэфект даводзіў да ведама начальства, што аніводзін з выкладчыкаў гімназіі і вучылішча “несостоятелен” для таго, каб навучаць моладзь, паколькі ўсе яны маюць недастатковую адукацыю. Акрамя гэтага да справаздачаў дадаваліся падрабязныя звесткі адносна маральнага (а, дакладней, амаральнага) жыцця манахаў.
Як адзначалася, практычна ўсе настаўніцкія пасады ў вучылішчы займалі дамініканцы. Так, у 1803 г. сярод 11 выкладчыкаў было 10 дамініканцаў і адзін свецкі – Тэафіл Стэнцлер, выкладчык нямецкай мовы. У 1828 г. настаўнікаў у дамініканскай школе налічвалася 11, сярод іх адзін праваслаўны святар, адзін свецкі выкладчык і дзевяць дамініканцаў. У 1831 г. з 14 выкладчыкаў гімназіі і павятовага вучылішча пры ёй 13 належала да ордэну дамініканцаў. Закон Божы для вучняў праваслаўнага веравызнання, а таксама “расійскую і славянскую мовы” выкладаў праваслаўны святар – пратаярэй Васіль Папоў.
Вялікую ўвагу дзейнасці гэтага вучылішча надаваў правінцыял Літоўскай правінцыі ордэна дамініканцаў Фаўстын Цяцерскі, які знаходзіўся на пасадзе ў 1818 – 1824 гг. Гродзенскую школу ён вылучаў з усіх астатніх. Для кабінетаў школы ён прывёз розныя машыны і механізмы з замежжа. Ад яго школа атрымала ў дар некалькі манет у нумізматычную калекцыю і кнігі для бібліятэкі. Ужо пасля заканчэння сваёй другой кадэнцыі на пасадзе правінцыяла, ў 1826 г., будучы візітатарам школаў і прыёрам дамініканскага кляштара, а. Фаўстын пераказаў Гродзенскай школе 150 польскіх злотых.
У павятовым вучылішчы ад моманту заснавання і да 1818 г. дамініканцы навучалі наступным прадметам: у першым класе – чытанне і пісьмо на лаціне, пачаткі арыфметыкі і геаграфіі, катэхізіс; у другім класе – працяг вывучэння пачаткаў лаціны, катэхізіс, арыфметыка, геаграфія, чыстапісанне; у трэцім класе – граматыка лацінскай мовы, гісторыя, геаграфія, пачаткі матэматыкі і прыродазнаўства, маральная навука; у чацвёртым класе – тэарэтычная і прыкладная матэматыка, гісторыя, пачаткі фізікі, прыродазнаўства, рыторыка, правілы вершаскладання; у пятым класе (двухгадовы курс) – фізіка, алгебра, паліталогія, прыродазнаўства, рыторыка і паэзія; у шостым класе – права народаў, сусветная гісторыя, прыродазнаўства, логіка, рыторыка, паэтыка. Акрамя гэтага, існаваў і сёмы клас – падрыхтоўчы. Навучанне ўсім прадметам праводзілася на польскай мове.
Неабавязковымі для вывучэння з’яўляліся наступныя прадметы: руская, французская, нямецкая мовы і маляванне. Асобы, якія вывучалі замежныя мовы (руская ўваходзіла ў лік замежных) дзяліліся на 4 групы: дзве – пачынаючых, адна – паспяваючых, адна – заканчваючых. Закон Божы вывучалі на працягу адной гадзіны ў нядзельныя і святочныя дні да 1834 г., пасля – колькасць павялічылася да двух гадзін у кожным класе. Урокі абавязковых прадметаў працягваліся па дзве гадзіны, раніцай ад 8-9 да 10-11, і пасля абеда ад 14 да 16 гадзіны. Неабавязковыя прадметы вывучаліся па-за вучэбнымі гадзінамі два разы на тыдзень.
У 1823 г. Віленскім універсітэтам было вырашана правесці рэфармаванне Гродзенскай дамініканскай школы: было спынена выкладанне некаторых прадметаў паліталагічнага цыкла і ўзмоцнена выкладанне моваў: лацінскай, грэцкай, а таксама рускай, якая да той пары не з’яўлялася абавязковай. Тады ж была рэарганізавана і колькасць класаў – з сямі (разам з падрыхтоўчым) яна скарацілася да пяці. Прыкладна ў той жа час (1826 г.) справаводства навучальнай установы, якое дагэтуль вялося па-польску, было пераведзена на рускую мову. Распараджэннем Міністра народнай асветы 14 верасня 1825 г. Гродзенскае павятовае вучылішча было перайменавана ў дамініканскую гімназію.
Колькасць вучняў у школе вагалася ад 84 (у 1807 г.) да 307 (у 1831 г.) Іх канфесійная прыналежнасць была разнастайнай: у школе навучаліся каталікі, уніяты, праваслаўныя; па саслоўнай прыналежнасці – шляхта, дзеці уніяцкага духавенства, мяшчане, разначынцы і сяляне. Наяўнасць невялікай колькасці праваслаўных навучэнцаў, а таксама, па адзначэнні В. Наксяновіча, “совращение воспитанников из православия в католицизм” сталіся аднымі з першых прычын незадавальнення ўрадам дзейнасцю гімназіі. Асноўнай прычынай, па якой дамініканская гімназія перастала існаваць, стала абвінавачанне дамініканцаў у палітычнай дзейнасці. У выніку, дамініканцам было загадана перадаць навучальную установу прадстаўнікам свецкай улады, што і было зроблена.
Варта адзначыць, што акрамя настаўніцкай працы ва ўласных школах каталіцкае духавенства працавала на настаўніцкіх пасадах ў прыватных і дзяржаўных навучальных установах. Так, у 1828 г. у пансіёне Яна Фіжана пасаду выкладчыка Закону Божага займаў дамініканец Тамаш Лук’яновіч, а у 1830 г. дамініканец а. Алоізы Садкоўскі. У пансіёне Ганны Друц на пасадзе выкладчыка Божага ў 1830 г. знаходзіўся дамініканец а. Пётр Карны. Акрамя непасрэдна адукацыйнай дзейнасці, святары дбалі аб рэлігійным выхаванні дзяўчат – па адзначэнні візітатара дзяўчаты чатыры разы на год прыступалі да сакрамантаў. Пасля таго, як дамініканская гімназія стала губернскай, на пасадах выкладчыкаў Закону Божага знаходзіліся ксяндзы Заленскі (у 1834 г.) і Гітэр (у 1856 – 1865 гг.).
Акрамя гэтага, рымска-каталіцкае духавенства горада прадпрымала спробы займацца адукацыйна-выхаваўчай дзейнасцю выключна на дабрачынных асновах. Так, у канцы 50-х – пачатку 60-х гг. ХІХ ст. ксёндз Гінтаўт, які працаваў у гродзенскім пабернардзінскім касцёле, выкладаў бедным дзецям катэхізіс. Заняткі адбываліся ў доме святара. Дзейнасць гэтая, аднак, працягвалася нядоўга. Страх расійскіх уладаў перад любымі выпадкамі навучання, якія немагчыма было кантраляваць, прывёў да забароны выкладчыцкай дзейнасці ксяндза. “Вследствие представления Вашего превосходительства от 27 истёкшего октября (1861 г. – аўт.), о дозволении Гродненскому Декану кс. Гинтовту собирать у себя детей бедных родителей и сирот для ближайшего и точнейшего объяснения им догматов христианской веры, - имею честь уведомить Вас, для объявления сказанному Гинтовту, что догматы веры должны быть преподаваемы в учреждённых правительством школах, под наблюдением училищного начальства, а не частно, в квартире его Гинтовта, где таковое наблюдение совершенно невозможно”.
Падсумоўваючы, адзначым, што роля каталіцкага касцёла ў сферы адукацыі значна зменшылася пасля падаўлення паўстання 1830 – 1831 гг., калі на беларуска-літоўскіх землях было скасавана больш за палову існуючых кляштараў. Адпаведна спынялі сваю дзейнасць і школы, якія пры іх існавалі. Касацыя кляштараў узмацнілася ў 40-я гг. ХІХ ст. Тады ж было забаронена і выхаванне дзяўчат пры кляштарах. Аднак, на працягу ўсяго ХІХ ст. каталіцкія святары працягвалі працаваць на пасадах выкладчыкаў Закону Божага ў гімназіях і прыватных пансіёнах.
Поўная версія артыкулу: Зянюк Р. Адукацыйная дзейнасць рымска-каталіцкага духавенства ў Гродне ў канцы XVIII – XIX ст. // Гарадзенскі палімпсест. – Мінск, 2012, с. 195 – 207
Выявы: www.radzima.org
Падрыхтавала Раіса Зянюк