На Беларусі няшмат месцаў могуць пахваліцца такой колькасцю легендаў і паданняў аб сваім мінулым, як Гальшаны. Замураваная ў сценах кляштару дзяўчына, якая стала гальшанскай Белай Дамай, гальшанскія скарбы, горад, які існаваў на месцы мястэчка і праваліўся пад зямлю, Чорная Дама Гальшанскага замку…. Але не аднымі легендамі славіцца мястэчка. Да сённяшняга дня Гальшаны захавалі сваю гістарычную планіроўку, архітэктурныя помнікі – рэшткі замку, кляштар, касцёл.
Гісторыя касцёла і кляштара францысканцаў у Гальшанах налічвае ўжо амаль 400 год. Варта адзначыць, што першы каталіцкі храм у Гальшанах, па сведчаннях гісторыкаў, з’явіўся яшчэ ў канцы XV ст. і быў пабудаваны ў цэнтры мястэчка. Фундатарамі, хутчэй за ўсё, выступілі тагачасныя ўладары мястэчка – князі Гальшанскія. Невялікі па памерах драўляны касцёл быў аcвечаны ў гонар св. Яна Хрысціцеля.
Заснаванне касцёлу і кляштару францысканцаў у Гальшанах адносіцца да 1596 г. Фундатарам выступіў Павел Сапега, якому ў той час належала мястэчка. Будаўніцтва комплексу скончылася ў 1618 г. Касцёл і кляштар з’яўляліся цэльным комплексам: да будынку касцёла з левага боку прымыкаў двухпавярховы будынак кляштару, пабудаваны ў форме літары П з невялікім унутраным дворыкам. Уваход з кляштара ў касцёл ажыццяўляўся не праз закрыстыю, як гэта звычайна рабілі, а праз дзверы ў бакавым нефе касцёла. Мураваны храм быў асвечаны 6 жніўня 1618 г. віленскім біскупам Яўстахам Валовічам у гонар св. Яна Хрысціцеля і св.Яна Евангеліста. Ад моманту заснавання касцёл францысканцаў у Гальшанах спаўняў функцыі парафіяльнага.
Храм у стылі барока прадстаўляе сабой каменную трохнефавую бяскупальную базіліку. Першапачаткова храм меў дзве вежы. Сучасны (бязвежавы) выгляд касцёл набыў пасля перабудовы ў 1774 г. Асаблівую мастацкую каштоўнасць мае алтар. Роспісы на плоскай алтарнай сцяне выкананы ў тэхніцы галаграмы, што стварае ілюзію аб’ёму. Роспісы ў алтарнай частцы з’явіліся ў касцёле ў канцы XVIII ст. па замове гвардыяна а. Казіміра Храпавіцкага. У касцёле знаходзілася шэсць бакавых алтароў: Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганна зачатай, св. Францыска Асізскага, св. Антонія Падуанскага, св. Юзафа Купертынскага, св. Ганны і св. Юды Тадэвуша.
Ля галоўнага алтара знаходзіліся дзве капліцы – св. Францыска і капліца-пахавальня, дзе пасля смерці (19 ліпеня 1635 г.) быў пахаваны Павел Сапега. Яго чацвёртая жонка замовіла для мужа і трох першых жонак фундатара мармуровы надгробны помнік, які да 1970 г. знаходзіўся ў касцёле.
У 70-80 гг. XVIII ст. будынак касцёла быў адрамантаваны, і набыў сучасны выгляд. У ХІХ ст. касцёл двойчы гарэў (у 1821 і 1828 гг.). Францысканцы працавалі ў касцёле да сярэдзіны ХІХ ст., пасля, да сярэдзіны ХХ ст., іх замянялі дыяцэзіяльныя святары. Набажэнствы адбываліся ў касцёле да 1951 г. У 1956 г. касцёл закрылі. Яго маёмасць, а таксама крыпту пад касцёлам знішчылі і разрабавалі. У будынку касцёла размясцілі склад.
Будынак кляштару, як ужо адзначалася, быў узведзены адначасова з касцёлам. Доўгі час гальшанскі кляштар лічыўся адным з самых багатых у правінцыі. Па інвентарным вопісе канца XVIII ст. кляштар выглядаў наступным чынам: двухпавярховы будынак на 28 келляў, часткова пакрыты саломай, а часткова дахоўкай. У будынку, акрамя келляў і рэфектарыя, знаходзіліся гаспадарчыя памяшканні (кухня, кладоўка). Мелася тут і бібліятэка з колькасцю кніг каля 250.
Значныя штогадовыя даходы рабілі магчымым утрыманне пры кляштары вялікай колькасці рабочых і слугаў. Так, па стане на 1830 год у касцёле і кляштары працавалі арганіст, закрыстыянін, кухар, кухцік, сталяр, лакей, цырульнік і 2 асобы прыслугі. Першапачаткова ў кляштары пражывала 15 манахаў, аднак з цягам часу іх лічба змяншалася. Сярод першых вядомых нам францысканцаў з Гальшанскага кляштару можна ўзгадаць айца Банавентуру Ракаўскага і айца Яўхіма.
У 1801 г. у кляштары адзначаліся наступныя манахі: Антоні Лунеўскі (гвардыян), Амяльян Гжыбоўскі (вікарый), Стэфан Алендскі, Эрык Капчынскі (прапаведнік), Мікалай Жэра (спавяднік), Антоній Зенкевіч, Марцін Гняздоўскі, Марцэлій Казакевіч, Сымон Твароўскі. Дакументы адзначаюць цікавую і досыць рэдкую ў той час з’яву – сярод францысканцаў, якія мелі шляхецкае паходжанне, у Гальшанах працаваў і адзін святар сялянскага паходжання (Антоній Зенкевіч). У 1810 г. дакументы адзначаюць наступных святароў: гвардыян а. Раймунд Казлоўскі, айцы Казімір Храпавіцкі, Казімір Твароўскі (прапаведнік), Давід Ніцікоўскі (закрыстыянін), Амброзій Бейнеровіч (спавяднік), Марцэлій Урбовіч (спавяднік).
Пры кляштары ў Гальшанах існаваў адзін з самых старажытных шпіталяў, фундуш на які быў нададзены яшчэ Паўлам Сапегам. Для шпіталя быў вызначаны асобны драўляны будынак непадалёк ад кляштара. У розныя часы там знаходзілася да 10 чалавек.
Традыцыйна, пры францысканскіх касцёлах і кляштарах дзейнічалі брацтвы. У Гальшанах існавала брацтва св. Ганны.
Кляштар францысканцаў ў Гальшанах быў скасаваны ў 1832 г. У той час там знаходзіліся пяць святароў. Для працы ў касцёле ўлады дазволілі пакінуць аднаго святара, а. Антонія Кавалеўскага. Ён працаваў ў Гальшанах 10 год, пасля чаго, да 1848г., яго змяніў а. Францішак Унгурэвіч. Ад 1848 г. Гальшаны больш чым на паўтары стагоддзі засталіся без духоўнай паслугі францысканцаў.
У савецкія часы ў будынку кляштару дзейнічалі дом дзіцяці (1947-1962), школа-інтэрнат (з 1962 г.). Да нядаўняга часу частку кляштару займаў музей.
Францысканцы вярнуліся ў мястэчка ў 90-х гг ХХ ст., калі на хвалі агульнага адраджэнне рэлігійнага жыцця будынкі касцёла і кляштара былі вернутыя касцёлу. Сёння ўвесь будынак кляштару перададзены францысканцам.
Пры падрыхтоўцы выкарыстаны:
Матэрыялы Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіва
Makarczyk, J. Kustodia Grodzieńska zakonu braci mniejszych konwentualnych w latach 1687 – 1832. Гродна, 2006
Makarczyk, J. Prowincja litewsko-białoruska zakonu braci mniejszych konwentualnych w latach 1687 – 1845. Grodno, 2012
Корзун Э.С., Николаев Ю.И. Гольшаны. Минск, 2005
Фотаздымкі: А.Маруноў, Т.Лаўрыновіч, www.radzima.org, T. Wiśniewski, www.szukamypolski.com
Падрыхтавала Раіса Зянюк