Закапанскі стыль як асобны накірунак у архітэктуры пачаў распаўсюджвацца ў канцы ХІХ ст. Стваральнікам і ідэйным натхняльнікам стылю з'яўляецца Станіслаў Віткевіч. Архітэктар імкнуўся да стварэння нацыянальнай архітэктуры на падставе народных мастацкіх здабыткаў жыхароў Татраў і Карпатаў. Першыя праекты Віткевіч рэалізаваў у будаўніцтве загарадных дамоў і вілаў ў курортным горадзе Закапанэ. У хуткім часе новамодныя тэндэнцыі падхапілі іншыя архітэктары.
Галоўнымі асаблівасцымі стылю з'яўляюцца падмуркі з колатага каменю, высокі гонтавы дах, вялікая колькасць дэкаратыўных элементаў з расліннай тэматыкай, выявы сонца з промнямі на франтонах і дзвярах. У якасці будаўнічага матэрыялу выкарыстоўвалася выключна дрэва.
На пачатку ХХ ст. прыходзіцца сапраўдны бум закапанскага стылю у архітэктуры: будуюцца прыватныя дамы, палацы, гатэлі. Не абмінуў гэты стыль і культавае будаўніцтва.
На тэрыторыі нашага краю закапанскі стыль у культавым дойлідстве першапачаткова праявіўся ў сінтэзе з панаваўшым у тыя часы неагатычным стылем. З элементамі закапанскага стылю быў перабудаваны ў 1899 г. па праекце варшаўскага архітэктара К. Вайцяхоўскага неагатычны касцёл св. Юрыя ў в. Паланэчка (Баранавіцкі р-н):
Дэкаратыўныя закапанскія элементы ў выглядзе сонца з промнямі былі выкарыстаны падчас перабудовы ў 1903 г. касцёла св. Яўхіма ў Клюшчанах (Астравецкі р-н):
Яскравым прыкладам закапанскага стылю па праву можна лічыць касцёл Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў в. Канвелішкі (Воранаўскі р-н). Касцёл будаваўся на працягу 1916-1925 гг. пад кіраўніцтвам ксяндза Юзафа Дубеціса. У будынку святыні па-мастацку спалучаныя архітэктурныя элементы стыляў закарпацкага і неаготыкі. Франтоны і завяршэнні вежаў касцёла ўпрыгожаныя салярнай сімволікай, што надае яму рысы "народнага" дойлідства:
У міжваенны час закапанскі стыль атрымаў новае развіццё. Адбыўся своеасаблівы сінтэз стылю з рэгіянальнай архітэктурай, у выніку чаго паўстаў новазакапанскі стыль. Пачынаючы з 1920-х гг., пад уплывам новазакапанскага стылю пачалося будаўніцтва новых і адбудова зруйнаваных каталіцкіх святыняў. Так, у 1923-24 гг. у Лідзе на вайсковых могілках была пабудавана драўляная капліца ў новазакапанскім стылі. Праўда, праіснавала яна нядоўга: была знішчана пасля Другой сусветнай вайны.
У 1924 г. пад кіраўніцтвам кс. Люцыяна Жаландкоўскага быў пабудаваны прыгожы касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах. Касцёл увабраў у сабе рысы неабарока і закапанскага стылю:
Касцёл св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску. Збудаваны ў 2-й пал.1920-х гг., не захаваўся:
Закапанскі стыль натхніў архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага ў стварэнні беларускага нацыянальнага стылю. У новазакапанскіх традыцыях паводле яго праекта быў пабудаваны ў 1927-28 гг. Пётра-Паўлаўскі касцёл у Дрысвятах (Браслаўскі р-н):
У 1928 г. быў узведзены касцёл у в. Дайлідкі (Астравецкі р-н). Будынак увабраў у сябе рысы неабарока і новазакапанскага стылю:
1935 г. капліца ў в. Цвермы (Лідскі р-н). Пабудавана па праекце лідскага павятовага архітэктара Вацлава Гаўліка. Знішчана ў 1960 г.
У 1930-х гг. была пабудавана мініяцюрная каплічка ў в. Мохавічы (Лідскі р-н):
У 1931 г. быў пабудаваны прыгожы касцёл у новазакапанскім стылі ў Бярозаўцы (былы Навагрудскі павет, зараз тэрыторыя Лідскага р-на). Працамі кіраваў кс. Пётр Байкевіч. Касцёл быў разбураны ў 1954 г.
Па матэрыяле Мечыслава Яна Супрона на supron-licvin.livejournal.com