Сёння в. Канюхі, што ў Ваўкавыскім раёне, наўрад ці вас чымсьці здзівіць. Звычайная вёска, якіх шмат: школа, дзіцячы садок, пошта, крама, драўляныя хаткі. Так выглядае большасць вёсак. Аднак вёска гэтая мае свае таямніцы. Калісьці ў гэтай маленькай вёсцы існаваў касцёл і кляштар ордэна прапаведнікаў.
З’яўленне дамініканцаў у Канюхах звязана з нашчадкамі італьянскага роду Сцыпіёнаў, якія з’явіліся на землях ВКЛ яшчэ ў часы каралевы Боны. Кляштар быў заснаваны менавіта іх нашчадкам, Янам Сцыпіёнам, ў 1738 г. у вёсцы, якая дасталася яму ў спадчыну ад маці (Элеаноры Сухадольскай).
Канюхоўскі кляштар, а больш дакладна – рэзідэнцыя, з’яўляўся адной з апошніх па часе фундацый для ордэна прапаведнікаў на беларускіх землях. Да сярэдзіны XVIII ст. дамініканцы ўжо мелі свае кляштары ў Астраўцы, Астроўне, Ашмянах, Беліцы, Брэсце, Валеўцы, Віцебску, Васілішках, Гродне, Дзярэчыне і яшчэ 36 іншых мясцовасцях ў межах сённяшняй Беларусі. Добра адукаваныя, выдатныя прапаведнікі – бадай што гэта і абумовіла выбар Сцыпіёнаў на карысць дамініканцаў.
Спачатку ў Канюхах быў пабудаваны будынак кляштару: мураваны, аднапавярховы, у форме літары Г. Да кляштарнай тэрыторыі з аднаго боку прымыкалі могілкі, з другога – сад. У двары размяшчаўся шэраг гаспадарчых пабудоваў: стайня на 5-6 коняў, вазоўня, склеп для прадуктаў, студня, гарод, сад, пасека на 18 вулляў.
Драўляны касцёл пры кляштары збудавалі ў 1739 г. Будынак храму быў прамавугольны, двух’ярусны, даўжынёй 57 локцяў (1 локаць роўны 45-47 см.), шырынёй – 15 локцяў. Па абодвух баках нефу знаходзіліся 2 капліцы. Ля прэзбітэрыя з аднаго боку размяшчалася сакрыстыя, а з другога – скарбец. Дах быў пакрыты гонтам, а падлога зроблена з цэглы. Ля фасаду ўздымаліся 2 невялікія вежы, у левай віселі два званы. Над уваходам знаходзіўся хор з 5-галосным арганам.
У галоўным алтары быў размешчаны абраз Маці Божай. Ля яго, з левага боку, - алтар св. Юзафа і і св. Казіміра, а з правага – св. Яна Хрысціцеля і св. Тэрэзы. Акрамя пералічаных, у касцёле знаходзіліся абразы св. Антонія, св. Вінсэнта Ферэра, св. Тадэвуша і св. Дамініка. Ля выхаду з правай капліцы ў дакументах згадваецца алтар Маці Божай Рускай. На розных алтарах знаходзілася 29 ватыўных таблічак. Пад касцёлам былі закладзены 3 мураваныя склепы.
Лічба дамініканцаў у кляштары была невялікай – 2-4 чалавекі. У сувязі з гэтым ён меў характар рэзідэнцыі, а не кляштара ў поўным значэнні. Кляштар меў невялікую бібліятэку – каля 100 кніг. Пры касцёле дзейнічала ружанцовае брацтва.
У выніку паўстання 1830-1831 гг. расійскім урадам у заходніх губернях было скасавана 199 кляштараў. Сярод іх быў і кляштар дамініканцаў у Канюхах.
Праз 173 гады дамініканцы ў Канюхі вярнуліся – праўда, не назаўсёды. У 2005 г. браты з Кракаўскага кляштара разам са свецкімі гісторыкамі і археолагамі зладзілі ў Канюхах гістарычны летнік. Мэтай яго быў пошук месцазнаходжання кляштара і касцёла, а таксама высвятленне, наколькі ў памяці людзей захавалася памяць аб ім. Падчас летніку ўдалося даведацца аб месцазнаходжанні святыні, а таксама аб тым, што у 1928 г. падчас археалагічных раскопак, якія праводзіліся польскімі археолагамі на месцы касцёлу і кляштару былі знойдзены абразы, аднак сучаснае іх месцазнаходжанне застаецца невядомым.
Здымкі з летніка глядзіце ў фотагалерэі
Пры падрыхтоўцы выкарыстана: