Сёння месца знаходжання былога касцёла і кляштара кармелітаў босых у Гродне вам падкажа будынак Прыёрбанку насупраць бернардзінскага касцёла. Да сённяшняга дня абрысы фасаду нагадваюць пра шыкоўную святыню ў стылі барока, якая калісьці ўпрыгожвала горад.
Кармеліты босыя на землях Беларусі мелі ўсяго 3 кляштары – у Глыбокім, Гродне і Гудагаі. Гісторыя кармелітаў босых у Гродне ад моманту іх з'яўлення да касацыі кляштару ў 1845 г. налічвала больш за два з паловай стагоддзі. Фундатарамі кляштару і касцёлу Узвышэння святога Крыжа выступіла сям'я Катовічаў – Андрэй і Цэцылія (Барбара?). Новая фундацыя была прынятая на правінцыяльным капітуле ў Віснічы, які адбыўся ў 1673 г., а зацверджанне атрымала на сейме ў 1676 г.
Для будаўніцтва новых касцёла і кляштара ў Гродна з Варшавы прыбыў айцец Язафат (Тышкевіч). Першыя манастыр і касцёл былі пабудаваны з дрэва. Аднак, пажар які адбыўся ў 30-х гг. XVIII ст., знішчыў іх, і ў 1736 г. кармеліты за кошт фундушу распачалі будаўніцтва новых мураваных касцёла і кляштара ў стылі барока. Будаўніцтва было скончана ў 1752 г. Новыя будынкі знаходзіўся насупраць старых, на вуліцы Маставой. У 1852 г., калі яшчэ ішла будоўля, адзначалася “Новы касцёл кармелітаў будзе вельмі прыгожым”. Новы храм меў тры нефы. У галоўным алтары знаходзілася вялікае ўкрыжаванне, пад ім – абраз Маці Божай. Да алтарнай часткі прымыкалі 2 сакрыстыі: “летняя і зімовая”. Над уваходам традыцыйна размяшчаліся хоры з арганам.
З цягам часу ля новых мураваных касцёла і кляштара дабудоўваліся і іншыя аб’екты – званіца, гаспадарчыя пабудовы. Месца ж, дзе стаялі старыя драўляныя будынкі, працягвалі называць “старым кляштарам”.
Кляштар Узвышэння св. Крыжа кармелітаў босых у Гродне першапачаткова ўваходзіў у склад Польскай правінцыі ордэна. У 1734 г., пасля падзелу Польскай правінцыі на дзве: Польскую і Літоўскую, кляштар гродзенскіх кармелітаў увайшоў у межы апошняй. Ад таго моманту ў гродзенскім манастыры распачалі сваю дзейнасць студыі філасофіі, навучанне ў якіх працягвалася тры гады. Некаторы час у 20-х гг. ХІХ ст. тут дзейнічаў навіцыят.
Будынак кляштару прымыкаў да касцёла і сакрыстыі злева, меў тры паверхі, на якіх размяшчалася 26 келляў. Першапачаткова такія памеры манастыра былі запатрабаванымі – кляштар з 1682 г. з’яўляўся прыяратам, першым прыёрам у якім стаў айцец Барталамей ад Езуса. У XVIII ст. кляштар стаў домам студыяў філасофіі для маладых манахаў. Для дапамогі ў навучанні кляштар сабраў вялікую на той час бібліятэку, якая налічвала каля 1 000 кніг. Аднак ужо ў канцы ХVIII ст. колькасць манахаў у кляштары зменшылася, і на працягу XIX ст. іх налічвалася ўсяго 4 чалавекі. Змяншэнне колькасці манахаў паўплывала і на стан будынку кляштара, які поўнасцю не выкарыстоўваўся. У пачатку ХІХ ст. трэці паверх, на якім знаходзіліся келлі, ужо не меў вокнаў і дзвярэй, падлогі і печаў. Адрамантаваць будынак кармеліты, з-за недахопу сродкаў, не маглі. Зрэшты, нават калі б кармеліты мелі грошы на рамонт – паверх усё адно быў бы нежылым: для чатырох святароў хапала памяшканняў на першым і другім паверхах. На першым паверсе, акрамя келляў, размяшчаўся рэфектарый, а вакол кляштара туліліся гаспадарчыя пабудовы – стайня, вазоўня, бровар, склеп для прадуктаў.
Уласнай парафіі гарадзенская кармеліты не мелі, аднак, як адзначалі візітатары манахі “патрабуючым людзям духоўныя паслугі ўдзяляюць”. У буднія дні пачатку ХІХ ст. да кармелітаў можна было зайсці на імшу а 7-ай гадзіне раніцы. У нядзелі і ўрачыстасці – таксама а 7-ай, альбо на спяваную з казаннем а 10.30.
У традыцыі кожнага ордэна былі моцна ўпісаныя традыцыі дабрачыннасці. Кармеліты босыя ў Гродне больш за паўстагоддзі ўтрымлівалі шпіталь у будынку, які яны атрымалі ў спадчыну ад мяшчанкі Гушчынай. Дзейнічаў шпіталь з 1764 па 1816 г., калі дом, у якім ён размяшчаўся, загадам гарадской ўлады быў разабраны з-за старасці. Кармеліты ўтрымлівалі ў ім некалькі бедных асобаў, давалі ім вопратку, стол і начлег. Пры кляштары пастаянна пражывалі і хлопцы – сіроты шляхецкага паходжання, якім кляштар забяспечваў харчаванне, пражыванне і пачатковую адукацыю.
Першую хвалю касацыі, якая нахлынула на беларуска-літоўскія і ўкраінскія землі пасля паўстання 1830 – 1831 гг. гродзенскія кармеліты ператрывалі. Аднак лёс каталіцкіх кляштараў у імперыі быў прадвызначаны. 8 красавіка 1842 г. маёмасць касцёлаў і кляштараў была ліквідаваная. Кармелітам улады пакінулі 15 моргаў (1 морг = 5 754,64 м.) зямлі і 5 моргаў лугу. Але ўжо праз тры гады, 13(25) сакавіка царскім указам кляштар кармелітаў у Гродне быў скасаваны.
Пасля ліквідацыі будынкі касцёла і кляштара перадалі Гарадскому ўпраўленню. “Городское управление приспособило флигель костёла под воинские помещения (казармы – аўт.), а именно: под главную гауптвахту, лабораторию для 101 Пермского полка, хлебопекарни, цейхгаузы и проч. В здании костёла, находящемся в первобытном виде, размещен обоз 103 Петрозаводского полка, состоящий из 56 повозок и других хозяйственных принадлежностей, а каменный 3-этажный флигель в верхних своих частях хотя обветшалый, но в нижних двух этажах отделенных масивными сводами, как совершенно прочных (...) размещены: хлебопекарни Гродненского крепостного батальона (пять печей) с особыми при оных помещениями на муку и печеный хлеб, кроме того, школа барабанщиков и сигналистов 101 Пермского полка, оружейная мастерская 103 Петрозаводского полка 25 человек хлебопеков, 7 человек обозных и 13 человек мастеровых нижних чинов”.
У самым пачатку ХХ ст., у сувязі з выданнем закону аб спыненні высылкі ў Сібір арыштантаў, узнік праект аб размяшчэнні ў будынку касцёла турмы. Аднак, гэты праект не быў рэалізаваны, паколькі патрабаваў вялікіх фінансавых затрат. У маі 1903 г. пачалася паступовая разборка касцёла, а восенню – перабудова кляштара. Склеп пад касцёлам пакінулі без зменаў. У выніку ад будынку касцёлу засталіся толькі фундамент і невялікая частка сценаў. Казармы ля касцёла былі пабудаваныя наноў. Ужо праз год у іх размясціліся салдаты.
Ордэн кармелітаў быў зацверджаны папам Рымскім Ганорыем ІІІ у 1226 г. У выніку рэформаў другой паловы XVI ст. ордэн падзяліўся на дзве галіны. Нерэфармаваная галіна атрымала назву кармеліты старых правіл, хоць часцей іх называюць кармеліты абутыя (чаравічковыя). Рэфармаваная галіна, у сваю чаргу, атрымала назву кармелітаў босых. На беларускіх землях больш распаўсюджанымі былі кляштары кармелітаў старажытных правіл. Кармеліты босыя мелі ўсяго тры кляштары. Аднак сёння прадстаўнікі менавіта гэтай галіны вярнуліся на Беларусь і наноў распачалі сваю дзейнасць.
Пры падрыхтоўцы выкарыстаны:
1) Дакументы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (г. Гродна)
2)энцыклапедыя “Каталіцкія храмы Беларусі”, Мінск, 2008.
3) Wanat B.J. Zakon karmelitów bosych w Polsce. Klasztory karmelitów i karmelitanek bosych 1605 – 1975. Kraków, 1979
4) Слюнькова И.Н. Монастыри восточной и западной традиций. Наследие архитектуры Беларуси. Москва, 2002.
Выявы з: Слюнькова И.Н. op.cit, Wanat B.J. op.cit., www.radzima.org http://www.polona.pl
Падрыхтавала Раіса Зянюк