4 кастрычніка адзначаецца ўспамін святога Францішка – заснавальніка ордэна францішканаў. Сярод адгалінаванняў францішканскай сям’і – ордэн бернардынаў, адзін са старажытнейшых у нашай краіне.
Францішак, якога ў юнацтве цікавілі забавы і мары пра вайсковую кар’еру, стаў не толькі адным з найбольш шанаваных святых у Каталіцкім Касцёле, але і заснавальнікам ордэна францішканаў, які ўжо восем стагоддзяў нясе служэнне ў розных кутках свету.
З цягам часу ў францішканскай сям’і з’явіліся свае адгалінаванні, адным з якіх былі айцы бернардыны. Гэты ордэн шырока распаўсюджаны і з’яўляецца адным са старажытнейшых на тэрыторыі нашай краіны.
Не выключэннем у гэтым плане стала і іўеўская зямля. Ініцыятарам прыбыцця манахаў у Іўе ў пачатку XVII cт. быў яго ўладальнік Мікалай Кішка. Пабожны і дальнабачны ваявода разумеў, што духавенству парафіі будзе складана вярнуць людзей у каталіцкую веру пасля некалькіх дзесяцігоддзяў пратэстантызму, які шырока распаўсюдзіўся на нашых землях.
Пачаткам служэння айцоў бернардынаў у Іўі можна лічыць 1631 год, калі 29 кастрычніка Віленскі ардынарый біскуп Абрагам Война перадаў ім мураваны Петрапаўлаўскі касцёл. 10 чэрвеня 1633 г. Мікалай Кішка падпісаў акт фундацыі. Згодна з ім кляштар атрымаў 15 тысяч злотых, харчовыя прадукты, жывёл, лугі і азёры, бясплатны перамол збожжа ў млыне ў вёсцы Лукашына, 100 вазоў бярвення, двух падданых і аднаго стражніка. У канцы свайго фундуша Кішка зрабіў запіс: “Не патрабуючы нічога акрамя малітвы за продкаў і Яго самаго, у гэтыя часы Арыянства, які ў гэтых мясцінах распаўсюджваецца, каб садзейнічаць знішчэнню гэтай ерасі і пашырэнню веры каталіцкай, а таксама служэнню вернікам у аколіцах для таго каб знайсці дарогу Збаўлення”.
Аб дзейнасці манахаў у Іўі вядома няшмат. Ціхая, штодзённая праца айцоў не звяртала ўвагі на сябе. Але ў той жа час іх уклад жыцця, праца і ўзаемаадносіны з людзьмі пакінулі добры духоўны след. За больш чым два стагоддзі ў мястэчку з’явілася брацтва святой Ганны, Паска святога Антонія, праводзіліся рэкалекцыі для святароў. Бернардыны мелі бібліятэку, у якой налічвалася амаль паўтысячы кніг, духоўную школу, так званую школу рыторыкі. Была і школа для дзяцей.
Да таго ж адметнай рысай бернардынскага касцёла былі звязаныя з ім адпусты. Дазвол на іх правядзенне быў дадзены Папамі Бэнэдыктам XIV (11 лістапада 1745 г.), Піем VI (15 сакавіка 1785 г.), Кліментам XIV (24 студзеня 1774 г.) на святы святога Антонія, Маці Божай Анёльскай, святога Францішка, Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і святых апосталаў Пятра і Паўла. Амаль усе з іх парафія адзначае і па сённяшні дзень.
Таксама айцы былі добрай апораю і падтрымкай для святароў суседніх парафій: споведзь, адпусты, пахаванні, рэкалекцыі – на ўсё гэта яны заўсёды адгукаліся. Абслугоўвалі яны Дуды, Лаздуны, Ятаўтавічы і іншыя невялічкія касцёлы і капліцы.
Манахі пакінулі пасля сябе і багатую матэрыяльную спадчыну. Пабудаванаму для іх кляштару было наканавана перажыць часы разрухі, занядбання. На жаль, да нашых часоў захавалася толькі палова будынка, але на сённяшні дзень гэта галоўны напамін аб бернардынах. У самім касцёле з часоў манахаў засталіся абразы святога Францішка і Маці Божай Снежнай.
Варта падзякаваць бернардынам і за нараджэнне культу Маці Божай Дудскай. Абраз Маці Божай у Дудах з’яўляецца спісам іконы Маці Божай Сакальскай, якім па сённяшні дзень апякуюцца бернардыны.
Дзейнасць бернардынаў на Іўеўшчыне скончылася 16 чэрвеня 1857 года, аб гэтым сведчыць апошні запіс, зроблены імі ў метрычнай кнізе парафіі. Затым дзевяць манахаў пакінулі касцёл і накіраваліся праз Суботнікі ў напрамку Вільні.
Іўеўскі кляштар нічым не вызначыўся ў гісторыі францішканскага ордэна. Але духоўныя айцы, якія самааддана служылі Богу, да канца засталіся вернымі наказу Мікалая Кішкі, дапамагаючы вернікам знаходзіць дарогу да Збаўцы.
Раман Ярмош