Skip to main content

Як вырашыць праблему голаду на зямлі?

WORLD STARIN zel 1510 150DPУ дні, калі Бабіна лета змяняецца праўдзівай восенню, адзначаецца Сусветны дзень харчавання (16 кастрычніка), які прысвечаны ўстойлівым стратэгіям вытворчасці прадуктаў харчавання і накірваны на тое, каб прыцягнуць увагу да праблемы голаду, што застаецца актуальнай і сёння.

Праз пяцьдзесят гадоў пасля таго, як з дапамогай Нормана Борлауга пачалася сучасная эра сельскай гаспадаркі, якая выратавала мільёны жыццяў (так званая «зялёная рэвалюцыя»), мы сутыкаемся з суроваю рэальнасцю: 8000 дзяцей ва ўсім свеце па-ранейшаму паміраюць кожны дзень, з-за недахопу ежы. Амаль 1 міліярд жыхароў планеты галадае, а другія 2 міліярды недаядаюць. На жаль, большасць гэтых людзей засяроджана ў пэўным і без таго неспакойным рэгіёне. У Афрыцы на поўдзень ад Сахары ўзровень пастаяннага голаду на чвэрць перавышае сярэдні паказчык па ўсім свеце. Яшчэ больш трывожным з'яўляецца той факт, што, на працягу наступных трох дзесяцігоддзяў чакаецца рост насельніцтва зямлі з 7 млрд да больш чым 9 мільярдаў, прычым, палова новых жыхароў нашай планеты з'явіццам на свет менавіта ў Афрыцы.

Ёсць шмат прычын у існаванні голаду. Самыя відавочныя - гэта засуха, канфлікты, стыхійныя бедствы. Да менш важкіх можна аднесці рынкавыя спекуляцыі, карупцыю, павелічэнне колькасці харчовых адходаў. На жаль, ёсць яшчэ палітыкі, якія ахвяруюць харчовую бяспеку дзеля атрымання прыбыткаў ад экспарту. Лічачы, што сельскагаспадарчая вытворчасць, будзе ў стане задаволіць патрэбы будучыні, сучасная палітыка застаецца пад моцным уплывам сельскагаспадарчай індустрыі і біятэхналагічных рашэнняў. Гэта асабліва актуальна для Злучаных Штатаў, якія захоўваюць ўплыў на палітыку развіваючыхся краін, дзе і жыве большая частка галадючых. Адным з прыкладаў з'яўляецца рост колькасці генетычна мадыфікаваных культур.

Адміністрацыя Абамы актыўна садзейнічае харчовай бяспецы ў свеце, дзе сельская гаспадарка значна пацярпела ад наступстваў змены клімату. Але праверка эфектыўнасці праграм, такіх як, напрыклад, адміністрацыйная праграма "Накармі будучыню" будзе залежаць ад таго, на колькі добра ў іх рашэннях будуць улічвацца мясцовыя інтарэсы рэгіёнаў, што ляжаць на поўдзень ад Сахары, і якая частка рашэнняў будзе дыктавацца з хатніх офісаў сельскагаспадарчых кангламератаў на амерыканскім Сярэднім Захадзе. Магутныя амерыканскія сельскагаспадарчыя прамысловыя сілы спрабуюць перанесці зялёную рэвалюцыю ў Афрыку. Але ці будзе паўторнае стварэнне біятэхналагічнай сістэмы ЗША лепшым (або адзіным) варыянтам для Афрыкі?

Рынкавыя рэформы і прамая дапамога сусветных фермераў, якія да гэтага часу робяць вялікую частку цяжкай працы ў мясцовай вытворчасці прадуктаў харчавання, такія ж важныя, як і экспарт штамаў высокай ураджайнасці. Касцёл сцвярджае, што біятэхналагічныя стратэгіі, такія як увядзенне генетычна мадыфікаваных культур, маюць вялізную ролю ва ўрэгуляванні праблемы голаду. Але гэта не значыць, што сельскагаспадарчая навука павінна абмяжоўвацца такімі даследваннямі. Фермерам ў будучыні спатрэбіцца дапамога навукоўцаў для пошуку новых крыніц ежы, тым больш, што змяненне клімату можа азначаць сур'ёзныя змены ва ўмовах вырошчвання многіх культур ў самых багатых сельскагаспадарчых рэгіёнах свету.

На працягу гісторыі чалавек выкарыстоўваў у ежу тысячы розных відаў раслін; цяпер толькі каля 150 культывуюцца і толькі тры з іх забяспечваюць амаль 60 адсоткаў раслінных калорый і бялку. Харчовая і сельскагаспадарчая структуры Арганізацыі Аб'яднаных Нацый паведамляюць, што з пачатку 20-га стагоддзя, каля 75 адсоткаў генетычнай разнастайнасці сельскагаспадарчых культур было страчана. У нядаўнім артыкуле ў часопісы “Wired”, Хілары Розэн адзначае, што, нягледзячы на тое, што ў свеце ёсць ажно 18 тысяч відаў бабовых раслін «набітых бялком», людзі вырошчваюць менш, чым 50 з іх, а ў ежу выкарыстоўваюць толькі палову з гэтага.

«Цэлы свет забытых і неасвоенных варыянтаў харчавання ляжыць пад нашымі ногамі, але вытворчасць прадуктаў харчавання застаецца пад моцным уплывам індустрыі тэхнакратаў і пастаўшчыкоў, бо яны маюць непахісную ўладу. Гэта павінна змяніцца. Біяразнастайнасць і вынаходлівасць, а не адна-стайнасць ГМА, будуць найважнейшымі кампанентамі рацыянальнай і ўстойлівай сельскай гаспадаркі дваццаць першага стагоддзя, якая зможа пракарміць увесь свет.

Паводле usacatholic.org

Пераклад з ангельскай Любоў Сетак

Рэдагавана: 29 Снежня 2016