Skip to main content

Біблійнае разуменне падатку

bibleХоць Святое Пісанне засяроджвае сваю ўвагу на адносінах Бога з людзьмі, гаворыць таксама і аб зямных справах, асабліва ў іх маральным аспекце. Сюды адносіцца і дзяржава, а таксама падаткі, якія яна збірае з людзей. Негледзячы на тое, што Біблія пісалася ў зусім іншыя часы, яе словы застаюцца актуальнымі і сёння.

У Старым Запавеце можна знайсці пэўныя фрагменты, якія гавораць аб правільным спосабе кіравання. Адзін з іх: “Кароль узмацняе краіну справядлівасцю, а надмернымі падаткамі руйнуе яе” (Прып. 29,4). Адсюль зразумела, што дзяржава, якая кіруецца справядлівымі законамі, мацнейшая чым тая, якая кіруецца несправядліва. Таксама выразна бачна тое, што перш за ўсе патрабуюць людзі ад улады – справядлівасці.

Падобны тэкст можна знайсці ў 1-ай кнізе Самуэля 8, 11-18. Народ патрабуе караля для сябе, які б быў для іх суддзёй і правадыром. Хоць гэтае патрабаванне і здаецца зразумелым, Самуэль папярэджвае людзей, што кароль будзе іх выкарыстоўваць. Здзерства з боку ўлады мае выразнае сатырычнае адценне і гучыць вельмі актуальна, таму што на працягу ўсёй гісторыі свету паўсюдна сустракаюцца надмерныя падаткі і пастаянная незадаволенасць гэтым людзей.

Біблія не гаворыць, якімі канкрэтна павінны быць падаткі для дзяржавы, але перасцерагае перад іх надмернай велічынёй. Аднак успамінае пра рэлігійныя падаткі. Асноўным з іх з’яўлялася дзесяціна. Дзесятая частка плёну павінна была быць прызначанай на святыню і патрабуючых. З яе ўтрымліваліся святары і святыня. Аднак яна ішла таксама на грамадскія справы, напрыклад, суд, адукацыю, а таксама дапамогу бедным.

На святыню збіраўся дадатковы грашовы падатак. Пра яго ўспамінае таксама і Новы Запавет (Мц 17, 24-27). Яго плацілі дарослыя мужчыны. Велічыня яго складала два дынары, што адпавядала заробку працаўніка за два дні.

Добра вядомыя словы Езуса аб падатках (Мк 12, 13-17): І паслалі да Яго Езуса некаторых фарысеяў і прыхільнікаў Ірада, каб злавіць Яго на слове. Падышоўшы, яны спыталіся ў Яго: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на аблічча людзей, але праўдзіва шляху Божаму вучыш. Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не? Плаціць нам, ці не плаціць?» А Ён, ведаючы іх крывадушнасць, сказаў ім: «Чаму Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынар, каб паглядзець». Калі прынеслі Яму дынар, Ён запытаў іх: «Чыя гэта выява і надпіс?» Яны адказалі Яму: «Цэзара». Тады Езус сказаў ім: «Цэзарава аддавайце цэзару, а Божае Богу».

Гаворка ідзе пра падушны падатак, які быў сімвалам залежнасці ад рымскай улады. Быў ён невялікім, некалькі дынараў у год, што адпавядала такой жа колькасці заробкаў працаўніка за дзень. Езус наказаў плаціць падаткі. Сваімі словамі Ён прызнаў справядлівымі патрабаванні ўлады ў гэтай сферы. Аднак трэба памятаць, што тагачасныя рымскія падаткі не былі высокімі і прызначаліся на канкрэтныя дзяржаўныя мэты. Таму словы Езуса не азначаюць ацэнкі надмерных падаткаў. Так сама трэба разумець і словы св. Паўла з Паслання да Рымлянаў (13, 7): Аддавайце кожнаму тое, што яму належыць: каму падатак, падатак; каму мыта, мыта; каму боязь, боязь; каму пашану, пашану.

Агульная згода на падаткі неразрыўна звязана з крытыкай надужыванняў у гэтай сферы. Пра гэта нагадвае і Каталіцкі Касцёл. Леон XIII напрыканцы энцыклікі Rerum Novarum (1893) кажа, што высокія падаткі з’яўляюцца пагрозай для права ўласнасці. Са Святога Пісання і Традыцыі вынікае, што нізкія падаткі маральна лепшыя.

Улада павінна, як мага больш пакінуць працуючаму і не ўмешвацца ў яго справы. Пра гэта кажа таксама адзін з галоўных прынцыпаў сацыяльнага вучэння Касцёла: заданні, якія можа споўніць асоба, сям’я ці невялікая супольнасць, павінна застацца ў іх руках, а дзяржава павінна дапамагаць у іх рэалізацыі, а не пазбаўляць іх гэтых заданняў і ўласнасці.

Паводле opoka.org.pl

Рэдагавана: 29 Снежня 2016