Ці патрэбна чалавеку прыватная ўласнасць і якую ролю яна спаўняе ў яго жыцці? Адказваючы на гэтае пытанне, ў першую чаргу звернемся да гісторыі, якая паказвае, што ва ўсе часы існавала якая-небудзь форма ўласнасці. Гэта даказвае, што ўласнасць з’яўляецца выразам матэрыяльна-духоўнай натуры чалавека.
Леў XIII у энцыкліцы „Rerum Novarum” на доказ таго, што прыватная ўласнасць з’яўляецца натуральным правам чалавека прыводзіць некалькі рацыянальных аргументаў. Па-першае, чалавек адрозніваецца ад жывёлы тым, што мае розум, таму можа прадбачыць будучыню і задавальняць сваімі дзеяннямі будучыя патрэбы. Ён можа не толькі карыстацца плёнамі сваёй працы, але і валодаць тым, што дазваляе яму гэты плён атрымаць. Для гэтага яму патрэбная ўласнасць і права свабодна ёй карыстацца. Па-другое, чалавек і яго патрэбы важнейшыя, чым сама дзяржава, а таму супольнае дабро не можа быць процілеглым прыватнай ўласнасці, асабліва гэта можна заўважыць у выпадку сям’і, якая з’яўляецца натуральным правам кожнага чалавека – абавязак клопату пра дабрабыт сям’і патрабуе ўласнасці. Па-трэцяе, так як вынік належыць прычыне, так плён працы павінен належыць працаўніку.
Св.Тамаш, абгрунтоўваючы права на ўласнасць, карыстаўся рознымі аргументамі, напрыклад, гаспадарчым – чалавек больш клапоціцца пра сваё, чым пра чужое, а дзякуючы гэтаму, атрымлівае таксама супольнае дабро, або грамадска-арганізацыйным – грамадскі лад патрабуе таго, каб рэчы, абавязкі і заданні належалі каму-небудзь.
Права на прыватную ўласнасць трэба разумець у больш шырокім кантэксце правоў і абавязкаў чалавека, якія вынікаюць з яго натуры. Чалавек з’яўляецца грамадскай істотай, таму валоданне і карыстанне матэрыяльнымі каштоўнасцямі павінна служыць не толькі развіццю адзінкі, але ўсяго грамадства. Сацыяльнае вучэнне Касцёла падкрэслівае значэнне годнасці чалавека і яго працы, а маральнасць у гаспадарцы заключаецца ў такім яе дзеянні, якое не шкодзіла б іншым адзінкам, але і спрыяла бы памнажэнню супольнага дабра. Кожны чалавек мае права на ўласнасць і дзяржава не можа пазбавіць яго гэтага права, але тыя, хто яе мае, павінны карыстацца ёй не толькі на сваю карысць, але таксама на карысць іншых людзей.
Св. Тамаш сцвярджаў, што да граху першых людзей прыватная ўласнасць не існавала, аднак гэта не аслабляе яе сувязі з правам натуры, але яшчэ больш яе ўзмацняе, бо ў такім выпадку толькі для звышнатуральных патрэбаў можна ад яе адкінуць. Гэта значыць, што адмовіцца ад прыватнай ўласнасці можна толькі ідучы за выразным наказам Бога. Таму не можна, абапіраючыся на некаторыя фрагменты Евангелля, будаваць грамадскага ладу, заснаванага на адмове ад прыватнай ўласнасці – словы Езуса былі скіраваныя да канкрэтных вучняў, а не да ўсяго грамадства.
Кожнае абмежаванне права ўласнасці моцна ўплывае на жыццё і развіццё чалавека. Чалавек развіваецца менавіта дзякуючы карыстанню каштоўнасцямі, якія ён мае. З’яўляючыся цялесна-духовай істотай, патрабуе ён уласнасці для заспакаення сваіх патрэбаў, як цялесных, так і духоўных. І таму Касцёл у афіцыйнай навуцы абараняе права ўласнасці, бо яно адпавядае праўдзе аб натуры чалавека.
Паводле opoka.org.pl