Каталіцкі Касцёл заўсёды нагадваў, што нельга абцяжарваць грамадства надмернымі падаткамі. Так папа Леон XIII у энцыкліцы Rerum Novarum (у 1893 годзе, калі падаткі былі намнога меншыя чым цяпер) сцвярджаў, што высокія падаткі з’яўляюцца пагрозай для святога права ўласнасці.
У Старым Запавеце няма канкрэтных наказаў, якімі павінны быць падаткі, аднак, абапіраючыся на некаторыя фрагменты, можна паспрабаваць ацаніць сённяшнюю сітуацыю. “Аднолькава будзеш судзіць багатага і беднага” (Лев 19, 15). Гэты наказ дазваляе ўбачыць недасканаласць актуальнага заканадаўства, калі законы даюць прывілегіі буйным вытворцам, перашкаджаючы пры гэтым развівацца невялікім прадпрыемствам. Таксама заганнай з’яўляецца сітуацыя, калі вялікія прадпрыемствы атрымліваюць дапамогу ад дзяржавы коштам тых, хто плаціць падаткі. Аднак найбольш выразную крытыку несправядлівых падаткаў можна ўбачыць у Кнізе Самуэля: “Такое права цара, які мае над вамі валадарыць: ён возьме сыноў вашых і пасадзіць у калясніцы свае, і зробіць сабе коннікаў і аратых земляў сваіх, і жняцоў пасеваў і кавалёў зброі і калясніц сваіх. А дачок вашых зробіць сабе прадаўшчыцамі духмянасцей, і кухаркамі, і пекаркамі. І забярэ ён найлепшыя вашыя землі, вінаграднікі і падарыць слугам сваім. Але і пасевы вашыя і прыбыткі з вінаграднікаў абкладзе дзесяцінай. Абложыць ён дзесяцінай статкі вашыя і будзеце вы служыць яму. Будзеце наракаць на цара, якога самі выбралі, але Пан не выслухае вас” (1 Сам 8,11-18).
Для таго, каб дзяржава магла функцыянаваць, мы павінны частку сваіх даходаў перадаць на карысць грамадства. Каб зразумець, якія падаткі справядлівыя, а якія не, трэба перш за ўсё кіравацца розумам і логікай. Немагчыма не згаздзіцца з патрэбай фінансавання сістэмы адукацыі, аховы здароўя, арміі і г.д. Аднак людзі павінны ведаць куды накіроўваюцца іх грошы. Так напрыклад, толькі невялікі працэнт грошай, атрыманых з акцыза на паліва, ідзе на ўтрыманне і будаўніцтва дарог, куды ідзе астатняя частка невядома. Акрамя таго што мы непасрэдна плацім падаткі з даходаў, на кожным кроку мы сустракаемся з іх вялікай колькасцю, так як яны ўключаны ў цану тавараў, якія мы купляем штодня. Таксама сам падатак з дахода з’яўляецца немаральным, таму што з’яўляецца, як бы карай за працу. Чым больш мы працуем, тым больш мы павінны аддаць.
Найбольшую крывадушнасць можна назіраць у зборы акцыза на папяросы і алкаголь. На кожнай пачцы, або бутэльцы напісана, што яны шкодныя для здароўя. Аднак замест таго, каб зменшыць іх вытворчасць, дзяржава проста прызначае невялікую частку даходу на так званыя антынікатынавыя ці антыалкагольныя кампаніі, што амаль не прыносіць ніякай карысці. А ўсё таму, што дзяржава атрымлівае вялізны даход з продажу.
Прафесар маральнага багаслоўя М. Вайцяхоўскі ў адным з інтэрв’ю адзначыў: “Калі нашыя падаткі крадуць і марнуюць, або не прызначаюць на карысць грамадства, то не плацячы іх, мы можам лічыць сябе маральна апраўданымі. У большасці дзяржаў даволі малая частка падаткаў ідзе на неабходныя службы – праваахоўныя органы, армію, суды. Выдаткі на пенсіі, ахову здароўя, адукацыю таксама апраўданыя, але даволі часта ўлада неадпаведна выкарыстоўвае прызначаныя для гэтага сродкі. Не можна згаджацца з утрыманнем вялікай колькасці непатрэбных чыноўнікаў. Большая частка грошай крадзецца або дрэнна выкарыстоўваецца менавіта з-за надмернай бюракратыі. Таму нічога дзіўнага, што многія ўкрываюць свае даходы і плацяць толькі частку падаткаў.”
Паводле opoka.org.pl