Skip to main content

Якую сувязь мае тэалогія з гаспадаркай?

Не так лёгка канкрэтна акрэсліць, што гаворыць хрысціянства пра эканамічна-маральныя тэмы. Часта ўспамінаецца каталіцкае сацыяльнае вучэнне, аднак, чым яно насамрэч з’яўляецца і наколькі абавязвае чалавека?

 

 

"Каталіцкае сацыяльнае вучэнне" азначае новую тэалагічна-маральную навуку пра грамадскае жыццё, якая з’явілася ў XIX стагоддзі. Асноўнай яе крыніцай з’яўляецца афіцыйнае "сацыяльнае вучэнне Касцёла" -  савакупнасць выказванняў Папаў і біскупаў на тэму грамадскага жыцця, якія з’явіліся ў тым жа часе.

У каталіцызме крыніцай веры і маральных нормаў з’яўляецца Святое Пісанне і Традыцыя. “Традыцыя” ў гэтым выпадку азначае тое, што ў жыцці і навучанні Касцёла з’яўляецца пастаянным, тое што Касцёл нязменна робіць і прапаведуе. Сацыяльнае вучэнне Касцёла не адносіцца непасрэдна да гэтых крыніц, але да актуальнага, часта канкрэтнага навучання прадстаўнікоў Касцёла. Таму ў грамадскіх ці палітычных пытаннях яно не мае такой моцы, як дагматы веры. Гэта ўказанні, патрэбныя вернікам, магчыма найлепшыя, якія можна ў дадзены момант даць. Можна заўважыць пэўную праблему – гэта пытанне, наколькі такое вучэнне звязана з Бібліяй і Традыцыяй. У кнігах на гэтую тэму існуе малая колькасць спасылак на тэксты Святога Пісання. Тым больш на многія пытанні, якімі займаецца гэтая навука, вельмі цяжка знайсці канкрэтныя адказы ў Бібліі.

Маральныя і эканамічныя выказванні на тэму грамадскага і гаспадарчага жыцця абапіраюцца на двух нормах. Адныя з іх - маральныя праўды са Святога Пісання і Традыцыі. Іх змест, пры ўмове правільнай інтэрпрэтацыі крыніц, тэалогія можа ўпэўненна вызначыць. Другая - аналіз палітычных і гаспадарчых падзей. Гэта справа паліталогіі, сацыялогіі або эканамічных навук. Тэолаг звычайна не з’яўляецца спецыялістам у гэтых навуковых галінах, таму яго цвярджэнні могуць быць няправільнымі. Таму тэалагічная ацэнка эканамічнай ці палітычнай сітуацыі стаіць, як бы на двух нагах, адна з якіх стаіць цвёрда і трывала, а другая няўпэнена коўзаецца.

 


Указанні хрысціянскай этыкі на тэму гаспадарчага жыцця трэба выводзіць з навучання Бібліі, якое працягваецца ў Касцёле. Вывады з гэтай крыніцы стаяць на першым месцы. Так, на аснове запаведзі любові бліжняга мы разумеем, што гаспадарка павінна служыць чалавеку, а не шкодзіць ці падпарадкоўваць яго. Сярод дзесяці Божых запаведзяў больш за ўсё да гаспадаркі адносіцца “не крадзі”, якое наказвае абараняць уласнасць, з ёй таксама звязана дзесятая “не пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму”. Іншыя ставяць пэўныя граніцы ў гаспадарчай дзейнасці. Першыя тры вучаць, што не матэрыяльны дабрабыт, але сувязь з Богам стаіць на першым месцы. Чацвёртая, шостая і дзевятая паказваюць, што ўзаемаадносіны ў сям’і важнейшыя, чым эканамічная карысць.

Да гэтых наказаў можна дадаць шмат іншых, наўпрост звязаных з гаспадарчым жыццём, якія можна знайсці ў Бібліі, напрыклад, пра абавязак працы, асуджэнне несправядлівых законаў ці падаткаў, эксплуатацыі бедных і г.д. Затым неабходна звярнуць увагу на навучанне Настаўніцкага Інстытута, Айцоў Касцёла ці знакамітых тэолагаў. Усе гэтыя наказы вучаць прымаць правільныя рашэнні. Хрысціянства не стварае новую гаспадарчую сістэму, але ацэньвае паводле маральных ужо існуючых крытэрыяў, дзеля таго, каб энергію, з якой чалавек імкнецца задаволіць свае прагненні ці павялічыць свой дабрабыт, накіраваць у правільны бок. Маральнасць у гаспадарцы падобная да берагоў ракі, якія не дазваляюць ёй разліцца і нарабіць шкоды.

Паводле opoka.org.pl

Рэдагавана: 04 Снежня 2015