Часта можна пачуць з вуснаў палітыкаў, што найважнейшае – гэта гаспадарка. З гэтым можна спрачацца, бо прадукаванне матэрыяльных каштоўнасцей не з’яўляецца найбольшай вартасцю. Аднак яны неабходныя для жыцця, таму пэўная доля праўды ў гэтых словах ёсць. Можна задумацца над гэтым глыбей і задаць пытанне, а што найважнейшае ў гаспадарцы?
Галоўнай і абавязковай умовай яе існавання з’яўляецца ахова ўласнасці. Свабода таксама важная, але нават калі яе не было б зусім, гаспадарка магла б функцыянаваць. Але калі ўвесь плён працы раскрадваюць, яна губляе свой сэнс. Крадзеж нішчыць гаспадарку, таму сёмая запаведзь Дэкалога ў сферы гаспадаркі становіцца першай. Маральныя наказы, якім некалькі тысяч год, застаюцца актуальнымі і сёння.
“Не крадзі” з’яўляецца прынцыпам адначасова і натуральным і рэлігійным. Для большасці людзей забарона крадзежы і ахова ўласнасці з’яўляецца відавочнай. Гэтая запаведзь сустракаецца ў Бібліі спачатку ў Кнізе Зыходу (20, 15), а пасля шмат разоў паўтараецца ў Старым і Новым Запавеце, навучанні Касцёла.
“Не крадзі” мае форму забароны, але вынікае з маральнага наказу. Гаворка ідзе пра ахову права ўласнасці, так як запаведзь “не забівай” ахоўвае права на жыццё. З сёмай запаведдзю спалучаецца дзесятая, якая забараняе з пажадлівасцю глядзець на тое, што належыць іншаму. “Не крадзі”, ахоўвае натуральную сувязь чалавека з патрэбнымі яму матэрыяльнымі каштоўнасцямі і плёнам сваёй працы.
Біблія асуджае розныя спосабы крадзежы, напрыклад, перасоўванне камянёў на мяжы, прысвойванне знойдзеных рэчаў, затрыманне заробку працаўнікам, рабунак слабейшых і г. д. Красці можа і ўлада. Святое Пісанне гаворыць пра надмерныя падаткі, іншым прыкладам можа быць Набот, якога кароль несправядліва асудзіў на смерць, каб забраць сабе яго вінаграднік (1 Кар). Цікава, што першы з захаваных каментароў да Дэкалога, напісаны ў I ст. Філонам Александрыйскім, гаворыць менавіта аб крадзежы з боку ўлады. Сюды можна залічыць канфіскацыю маёмасці або даходу на карысць дзяржавы, што часта практыкуецца ў сацыялістычных дзяржавах, надмерныя або неабгрунтаваныя падаткі, манаполія дзяржавы на некаторыя тавары ці паслугі і г. д.
Часта дзяржава спрабуе дапамагаць людзям коштам іншых. Сацыяльная дапамога абапіраецца на прынцыпе, што можна даць аднаму, забіраючы гэта ў другога праз падаткі. Гэта можа прыводзіць да таго, што той хто атрымлівае дапамогу пачынае лічыць, што гэта яму належыць, калі яму штосці трэба, ён можна патрабаваць ад іншых, замест таго, каб зарабіць самому. Гэта таксама часта знішчае пачуццё ахвярнасці і міласэрнасці ў тых хто такія падаткі плаціць.
Усё гэта, а таксама недасканаласць закона, вядзе да павялічэння колькасці злачынстваў і росту карупцыі, а ў выніку да павольнага развіцця гаспадаркі і эканомікі. Каб усяго гэтага пазбегнуць, улада ў сваіх дзеяннях павінна кіравацца натуральным законам, а асабліва запаведдзю “не крадзі”.
Паводле opoka.org.pl