У свой час з-за аўдыёкнігі “Я – легенда. Урокі св. Юзафа Егіпецкага”, аўтарства а. Фабіяна Блашкевіча SI, у СМІ было шмат увагі. Якія тэмы закранае гэтая аўдыёкніга можна даведацца ў інтэрв'ю Славаміра Затвардніцкага.
Славамір Затвардніцкі: Аб чым гэтая аўдыёкніга?
а. Фабіян Блашкевіч: Гэтая аўдыёкніга ўяўляе сабой запіс канферэнцый, якія я прамаўляў для прадстаўнікоў адной з польскіх кампаній, у якой прадаюць так званыя фінансавыя інструменты. Навучанне аказалася настолькі ўніверсальным, што ўжо знаходзіць – у аўдыёзапісу – усё большую колькасць слухачоў. Тым больш, што падчас прэзентацыі гэтага альбома з'явіўся Раман Клюска – для многіх прадстаўнік вольнага прадпрымальніцтва ў Польшчы – і настойліва рэкамендаваў яго. Гэта павінна было зрабіць уражанне.
СЗ: Раман Клюска, былы ўладальнік Optimusа, гэта Юзэф “польскі”?
ФБ: Так, і ў вельмі многіх адносінах. Хто чуў яго сведчанне, верагодна, пагодзіцца з гэтым.
СЗ: У рэкламе Айцец сцвярджае, што гэта аўдыёкніга для ўсіх, хто перажывае крызісы. Якога характару?
ФБ: Усялякага. У гэтых канферэнцыях я аналізую старазапаветную гісторыю Юзэфа. Таго, хто быў прададзены сваімі братамі ў рабства і адправіўся ў Егіпет. Хто ведае гэтую гісторыю, ведае і тое, што ён перажыў і асабісты крызіс, крызіс сям'і, крызіс у адносінах з іншымі людзьмі і ў кіраванні бізнэсам, а таксама эканамічны крызіс у глабальным маштабе. У кожнай з гэтых сітуацый была стратэгія, якая дазволіла яму не толькі адхіліцца ад непрыемнасцяў , але і шмат чаму навучыцца і ... зарабіць.
СЗ: Ці сапраўды – я маю на ўвазе словы айца – калі хтосьці адчувае крызіс, дзякуючы яму можа адчуваць сябе лепш?
ФБ: Ён можа выкарыстаць яго ў сваіх інтарэсах. Можа развівацца, пашырыць свой светапогляд, знайсці новыя рашэнні і так паступова адчуваць сябе лепш. Так.
СЗ: Ці экзэгеты не глядзяць скоса на айца за такую трактоўку гісторыі Юзэфа, якую айцец прапаноўвае? Таму што, можа, лепш было б больш духоўна разумець Святое Пісанне?
ФБ: Духоўнасць, якая не мае практычнага прымянення ў паўсядзённым жыцці, гэта не духоўнасць. Біблія задумана Богам як падручнік жыцця на зямлі. Такога жыцця, якое пасля прывядзе нас да вечнага жыцця на нябёсах. Таму, напрыклад, канкрэтных парад на тэму малітвы мы сустракаем у Бібліі толькі каля дзясятка, а падрабязна апісаных прынцыпаў кіравання капіталам і фінансамі амаль тысячу!
СЗ: Я пытаюся сур'ёзна. Ці можна папярэднія 3600 гадоў гісторыі разумець як канкрэтныя ўказанні для сённяшніх прадпрымальнікаў? Так, нібыта з часоў "Егіпецкага" Юзэфа нічога не адбылося… ніякі Езус "з Назарэта"
ФБ: Усё Святое Пісанне, як гэтаму вучылі Айцы Касцёла, трэба чытаць, бачыць і разумець скрозь прызму Езуса. Я таксама так раблю. Паказваю гісторыю Юзэфа як запавет тых рашэнняў, якія ў канчатковым сэнсе былі рэалізаваныя Хрыстом. Мы разумеем усё, што здарылася з Юзэфам толькі таму, што мы ўжо знаем Добрую Навіну, якую Ён абвяшчаў і якой з’яўляўся. Яго навука была звязаная не толькі з падзеямі будучага, такіх, як смерць або выратаванне чалавека, але таксама яна закранала і зямныя справы. Дастаткова нават будзе прыгадаць прыпавесць пра таленты, пра занятасць рабочых у вінаградніку і інш., каб сцвярджаць, што нягледзячы на сімвалічны пласт, яны таксама ўтрымліваюць канкрэтныя рэкамендацыі для неадкладнага выкарыстання на практыцы ў паўсядзённым жыцці.
СЗ: Пераканайце мяне ў тым, што прапанаванае Айцом не з’яўляецца Евангеллем поспеху? На старонцы MO-Records ( http://www.mo-records.pl ) я прачытаў, што “а.Фабіян паказвае, як змяніць ( ... ) правалы на поспех, як стаць лідэрам, добрым гаспадаром, як паляпшаць свае таленты, і, нават, як зарабляць грошы”.
ФБ: Для мяне сутнасць Евангелля складаюць два сказы Езуса: “Я прыйшоў дзеля таго, каб мелі жыцьцё і мелі ў поўні” ( Я 10, 10) і “Гэта сказаў Я вам, каб радасць Мая ў вас заставалася і радасць вашая была поўная” (Я 15,11). Так, калі хто-небудзь разумее поспех, як “жыццё з лішкам” і “радасць у поўні” паводле волі Бога, тады я згодны. Прапаведую Евангелле поспеху. Але калі хто-небудзь разумее поспех выключна з пункту гледжання матэрыяльных каштоўнасцей і думае, што да такога роду навукі Езус заклікаў у сваім пытанні, разумее духоўнасць як прыладу для друку грошай з дапамогай Божага благаслаўлення, тады ў мяне з такім вобразам мыслення няма нічога супольнага. Радасць, якую я прапаведую, павінна радаваць Езуса, які Сам сказаў: “каб радасць Мая ў вас заставалася”. Жыццё ў багацці павінна быць жыццём, якое можа забяспечыць толькі Ён.
СЗ: Ці не мог бы айцец крыху растлумачыць гэты заклік: “Вы таксама можаце стаць легендай. Вы павінны. Гэта Божы план”. Што вы маеце на ўвазе?
ФБ: Кожны чалавек прыходзіць на гэты свет з волі і любові Бога. Па Яго волі кожны мае не толькі непаўторную асабовасць, але таксама і выключную місію для выканання. Яна не павінна быць місіяй, пра якую пасля будуць казаць у СМІ і пісаць у кнігах па гісторыі, таму што гэты свет і яго гісторыя пройдуць. Справа ў тым, ці я змагу выканаць закладзены ўва мне Святым Духам комплексны патэнцыял. На колькі я змагу памножыць давераныя мне Творцам таленты? Задача кожнага з нас жыць так, каб нашая легенда заззяла ў будучым, вечным жыцці. Гаворка ідзе пра гэтую легенду і Божы план.
СЗ: Згаданы раней Раман Клюска напісаў такім чынам пра аўдыё кнігу айца: “там прадстаўленыя такія каштоўнасці, да якіх я даходзіў шэсцьдзесят гадоў”. Як гэта магчыма, што Айцец дайшоў да гэтага ў такім маладым узросце?
ФБ: Па-першае, я не такі малады. Па-другое, і што больш важнае, я дзялюся сваім вопытам у гэтай аўдыёкнізе толькі часткова. Уся мудрасць зыходзіць непасрэдна з Бібліі. Пачуць такую рэкамендацыю ад Рамана Клюска гэта вялікі гонар, але трэба памятаць, што ён выхваляў праўды, якія я выяўляю, а не мяне або мой лад жыцця. Гэта толькі яшчэ адзін доказ таго, што Біблія мае вялікую моц над усім, што чалавечае і з чым нам прыходзіцца змагацца на гэтай зямлі.
СЗ: Няўжо гэты вопыт сапраўды дапамог бы у фінансавым поспеху, калі б Айцец не быў бы езуітам, а кіраўніком кампаніі?
ФБ: Канешне. Калі іншыя выкарыстоўваюць гэтыя прынцыпы ў жыцці і пераводзяць іх на канкрэтныя вынікі, тады і ў мяне гэта б атрымалася.
СЗ: Падчас адной з канферэнцый Айца я чуў, што, калі Бог даверыць каму-небудзь трохі грошай і той будзе добрасумленна і ў адпаведнасці з Божай воляй выкарыстоўваць іх, Бог даверыць яму большыя грошы. Фабіян Блашкевіч верыць у тое, што ён кажа? Гэта выглядае як просты рэцэпт для фінансавага поспеху ...
ФБ: Калі рэцэпт просты, гэта не азначае, што ён лёгкі. Па розных прычынах. Напрыклад, калі прарок Елісей прапанаваў хвораму на праказу Нааману просты спосаб лячэння і загадаў яму акунуцца сем разоў у Ярдане, ён сутыкнуўся з гвалтоўнай адмовай. Нааман не прыняў гэтай прастаты. Толькі служачыя звярнулі яго ўвагу на гэты парадокс: «Калі б незвычайныя рэчы сказаў табе прарок, ты, напэўна, зрабіў бы; тым больш, калі ён сказаў табе: "Памыйся і будзеш ачышчаны"» (2 Цар 5,13). Звярніце ўвагу: тое, што гучыць проста, не заўсёды лёгка выканаць.
СЗ: Вялікае дзякуй за інтэрв'ю.
Пераклад Бажэны Пацалуйка поводле ekonomia.opoka.org.pl