14 лістапада ў катэдральнай базіліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў святарскія пасвячэнні дыякану Дзмітрыю Мальцу. На наступны дзень новапрэзбітэр адправіў прыміцыйную св. Імшу ў сваёй роднай парафіі Святой Сям’і ў Лідзе і ўжо ў хуткім часе распачне паслугу ў дыяцэзіі.
Кс. Дзмітрый Малец нарадзіўся 18 чэрвеня 1996 года. Паходзіць з парафіі Святой Сям’і ў Лідзе. Пасля дыяканскага пасвячэння быў скіраваны на служэнне ў санктуарый Маці Божай Каралевы Нашых Сем’яў у Тракелях (дэканат Радунь). У апошні час служыў у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
Я асабліва ўдзячны за адкрыццё і развіццё майго паклікання…
Перш за ўсё, маім любімым бацькам – маме і тату. Дзякую ім за трывалую аснову, на якой сёння будую сваё сяброўства з Панам Богам. Удзячны ім таксама за дар жыцця і веры. Яны заўсёды клапаціліся і надалей клапоцяцца аб тым, каб я быў добрым чалавекам і добрым святаром.
Затым я ўдзячны святарам, якіх давялося сустрэць на сваім шляху. У рэшце рэшт, даўно вядома, што “словы вучаць, а прыклад прыцягвае”. Таму я маю на ўвазе, у першую чаргу, былога пробашча маёй роднай парафіі кс. каноніка Юзафа Ганчыца. На жаль, ён не дачакаўся дня майго пасвячэння, бо памёр за месяц да гэтай падзеі. Але пакінуў бачны след у сэрцы. Заўсёды вучыў мяне, як трэба любіць Бога і як трэба служыць Яму. Звяртаў увагу, што кожная асоба важная, таму заслугоўвае павагі і любові. Кс. Юзаф быў тым чалавекам, які нястомна клапаціўся, каб у нашым касцёле былі новыя святары, каб маладыя хлопцы ішлі ў семінарыю, каб распазнавалі сваё пакліканне. Сёння я сапраўды ўсведамляю, што шмат чым абавязаны пробашчу. Яго святарства было прыгожым, бо было насычана Богам.
Акрамя святароў, якіх я меў магчымасць сустрэць у роднай парафіі і парафіях, дзе праходзіў літургічна-душпастырскую практыку, удзячны ўсім людзям, якіх напаткаў на шляху да святарства. Кожны ўнёс нешта ў маё жыццё, узбагаціў сваім словам, учынкам, малітвай... Я заўсёды імкнуўся чэрпаць з досведу вернікаў і заўважаць іх чуласць і сэрца.
За асаблівых нябесных заступнікаў маёй святарскай працы лічу…
Святую Сям’ю – Езуса, Марыю і Юзафа. Гэта нябесныя апекуны маёй роднай парафіі, дзе я ўзрастаў да святарства.
На ўсе падзеі ў сваім жыцці, на ўсе выклікі і выпрабаванні Святая Сям’я глядзела па-божаму. Нават самыя жорсткія і пакутлівыя перажыванні, самыя цяжкія выпрабаванні лёсу, найвялікшыя мукі яна прымала з пакорай і верай, без скарг і нараканняў, без бунту і незадавальнення, без узаемных абвінавачванняў і біцця ў чужыя грудзі – але з перакананасцю, што кожная жыццёвая акалічнасць з’яўляецца выразам Божай волі, якая павінна быць выканана, нават калі з’яўляецца незразумелай.
Вось чаму для мяне пасланне Святой Сям’і па-ранейшаму актуальнае і жывое: прыняць Божую волю ў духу паслухмянасці, нават калі не заўсёды ў поўнай меры ўсведамляю, чаго Бог чакае ад мяне і што хоча зараз сказаць.
Перыяд навучання і фармацыі ў семінарыі быў для мяне…
Часам, калі я ішоў з Панам Езусам праз сваё жыццёвае Эмаус, каб пазнаць Яго, як вучні, “пры ламанні хлеба”. Гэта быў таксама час будавання супольнасці клерыкаў, што вельмі важна, як у семінарыі, так і пазней, у святарскім жыцці. Менавіта ў семінарыі я навучыўся важным рэчам, каб быць добрым святаром. Напрыклад, лепш пазнаў Святое Пісанне, якое змяшчае вельмі каштоўныя думкі і ўказанні.
Спадзяюся, што дзякуючы гэтаму буду добра здзяйсняць ролю душпастыра.
Рэлігійныя супольнасці і рухі, з якімі быў ці надалей звязаны, – гэта…
Найперш Літургічная служба алтара. Дар майго паклікання, несумненна, пачаў развівацца ў супольнасці міністрантаў, якая вельмі дынамічна дзейнічае пры маёй роднай парафіі. Дарэчы, трапіў у яе вельмі дзіўна. Пасля споведзі кс. Юрый Бяганскі, які ў той час служыў у парафіі вікарыем, прапанаваў мне служыць ля алтара. Так і пачалася гэтая прыгода. Усё тады было адкрыццём. Я ўспрымаў сваё служэнне як вялікую ласку. А потым пачаў думаць пра святарства.
Прыярытэтам у сваёй святарскай працы лічу…
Супрацоўніцтва з людзьмі. Хачу, каб мы разам пазнавалі таямніцу веры, бо, нягледзячы на тое, што я святар, не ведаю ўсяго. Думаю, што разам з людзьмі змагу яшчэ лепш усё зразумець, адчуць і дасведчыць уздзеянне Пана Бога ў сваім жыцці.
Паводле "Слова Жыцця", кс. Юрый Марціновіч