Кс. Сяргей Гоман – святар салезіянін з Гродзеншчыны, які ўжо больш за 19 гадоў нясе місіянерскую паслугу на афрыканскім кантыненце. На дадзены момант ксёндз знаходзіцца ў Сьера-Леонэ, дзе ў асноўным працуе з дзецьмі і падлеткамі, а таксама аказвае дапамогу ўсім, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі. У яго паўсядзённасці няма сафары, сустрэч з экзатычнымі жывёламі, маляўнічых плямёнаў, затое прысутнічаюць адкрытыя людзі, ад якіх можна навучыцца ўменню шчыра радавацца таму, што маеш, і дзякаваць Госпаду за кожны пражыты дзень.
Узгадваючы пачатак святарскага і місіянерскага шляху, кс. Сяргей вяртаецца ў думках на сваю малую радзіму – у Дзятлава, дзе скончыў школу, прафесійна-тэхнічнае вучылішча, адчуў святарскае пакліканне. А пасля распачаў навіцыят у Маскве.
“Калі я быў на практыцы, Генеральны настаяцель ордэна напісаў ліст да ўсіх інспекторый салезіянскага свету, у якім гаварылася аб тым, што ў юбілейным 2000 годзе трэба накіраваць па адным прадстаўніку на місіі, – распавядае святар. – Я задумаўся, ці не адгукнуцца на гэтую просьбу. Доўга разважаў, маліўся ў капліцы і ў выніку прыняў станоўчае рашэнне. Я ведаў, што гэта будзе вялікае выпрабаванне, але напісаў заяву. У сваім лісце адзначыў, што паеду ў любую краіну свету, толькі прашу не высылаць мяне туды, дзе гарачы клімат”.
У той год 65 чалавек выказалі сваё жаданне паехаць на місіі. Кс. Сяргея спачатку адправілі ў Ірландыю, дзе трэба было вывучаць англійскую мову. Затым на місіянерскія курсы ў Італію, пасля якіх уручылі місіянерскі крыж і накіравалі ў заходнюю Афрыку, а менавіта ў Гану, дзе… вельмі спякотна і вільготна.
“У той момант, калі даведаўся, дзе давядзецца несці сваё служэнне, мяне перапаўнялі вельмі розныя эмоцыі: і радасць, і здзіўленне, і сум з-за таго, што накіраваны ў гарачую краіну, а не ў Манголію ці Азербайджан. Але не было варыянтаў – мусіў з пакорай прыняць гэтае рашэнне, паколькі генеральны настаяцель ведае патрэбы і сам пастанаўляе, хто і куды павінен ехаць, – узгадвае місіянер. – У Гану я прыбыў у 2011 годзе і прабыў там 2 гады. Затым давялося працаваць у Эфіопіі, Кеніі, Угандзе, Танзаніі і, нарэшце, у Сьера-Леонэ”.
Кс. Сяргей распавядае, што першае знаёмства з Афрыкай яго шакіравала. І такая рэакцыя, у прынцыпе, нармальная: большасць людзей, якія трапляюць на гэты кантынент, перажываюць падобныя эмоцыі.
“Афрыканская культура вельмі моцна адрозніваецца ад еўрапейскай. Спачатку здзіўляе абсалютна ўсё: як людзі моляцца, як ядуць, якія ў іх узаемаадносіны, як паводзяць сябе ў грамадстве, – узгадвае місіянер. – Але паступова прызвычайваешся, адаптуешся да мясцовых нораваў. Таксама прымаеш мясцовую рэлігійную культуру, яе спецыфіку, калі, напрыклад, людзі размаўляюць з Богам выкарыстоўваючы гучную музыку, розныя музычныя інструменты, танцуюць, пляскаюць у ладкі. Для іх святыня з’яўляецца не толькі духоўным месцам, але і своеасаблівым сацыяльным цэнтрам, дзе можна цікава правесці час пасля набажэнства. Людзі прыходзяць на св. Імшу з цудоўным настроем і ў такіх прыгожых строях, што дзіву даешся, як такая вопратка магла з’явіцца ў той беднасці і нястачы, у якой яны жывуць”.
Святар падкрэслівае, што мясцовыя людзі вельмі адкрытыя для ўспрымання Евангелля. І гэта нягледзячы на тое, што 60% насельніцтва – мусульмане, 10% – прадстаўнікі этнічных веравызнанняў, а 30% – хрысціяне.
“Афрыканцы вельмі любяць і шануюць Бога, усяцэла Яму давяраюць. Калі сустракаеш чалавека на вуліцы і пытаешся, як справы, найчасцей пачуеш у адказ: «Дзякуй Богу, што яшчэ жывы!». Пагадзіцеся, гэта вельмі трапны выраз з глыбокім сэнсам, – гаворыць кс. Сяргей. – Канешне, хапае і нясталых у сваёй веры людзей. Аб гэтым можа сведчыць той факт, што кожны год да сакраманту хросту прыступае прыкладна 40-50 чалавек, але лічба тых, хто наведвае святыню, не павялічваецца прапарцыянальна. Тым не менш, хрысціянская супольнасць развіваецца. Таксама ёсць шмат пакліканняў сярод мясцовых вернікаў”.
Распавядаючы пра ўмовы жыцця на місіях, кс. Сяргей жартуе, што яны тут крыху іншыя, чым у Беларусі. Яму не раз давялося хварэць на малярыю. Святар вельмі пакутаваў, калі ўпершыню сутыкнуўся з гэтай хваробай. Таксама нямала страху прынесла з сабой успышка Эболы.
“Акурат у той момант я працаваў у цэнтры, дзе знаходзілі прытулак дзеці, родныя якіх памерлі ад гэтага страшнага віруса, – узгадвае місіянер. Асірацэлыя хлопчыкі і дзяўчынкі спачатку праходзілі каранцін у дзяржаўнай установе, а пасля іх накіроўвалі да нас, дзе мы стараліся псіхалагічна дапамагчы. Аднойчы я прывёз у цэнтр хлопчыка і дзяўчынку, а праз некаторы час мне патэлефанавалі з дзяржаўнай службы і паведамілі, што адбылася памылка: дзеці не прайшлі каранцін і павінны вярнуцца назад. Я іх адвёз, а пазней даведаўся, што яны былі інфіцыраваныя і памерлі. Вядома, крыху перажываў, паколькі цесна з імі кантактаваў, нават піў ваду з адной бутэлькі. Але ведаў, што кожны з нас у руках Божых. Я тады не захварэў і далей працягваў сваю працу. Таксама зазначу, што падчас той эпідэміі, калі выміралі цэлымі сем’ямі, у нашым салезіянскім цэнтры не было ніводнай смяротнай ахвяры”.
Святар гаворыць, што напрыканцы кожнага года падчас рэкалекцый стараецца падводзіць вынікі сваёй працы. Узгадвае ўсе перыпетыі і складанасці, з якімі давялося справіцца, а таксама радуецца поспехам людзей, якія знаходзяцца пад яго душпастырскай апекай.
“З упэўненасцю магу сказаць, што за 19 гадоў місіянерства я вельмі моцна паглыбіў сваю веру, шмат чаму навучыўся ў людзей, з якімі давялося працаваць. Св. Ян Боско казаў: «Вам будзе забяспечаны хлеб, праца і Неба». Сапраўды, так і ёсць у нашым салезіянскага свеце. Вось ужо колькі гадоў стараюся ажыццяўляць шматлікія задумкі і добрыя справы на карысць бліжніх. Заўсёды дзейнічаю згодна з Божым планам, паколькі ўпэўнены, што калі наканавана, то ўсё ажыццявіцца найлепшым чынам. Вядома, за гэты час моцна падарваў здароўе, але сілы пакуль ёсць, таму буду надалей прапаведаваць Хрыста і працаваць на карысць мясцовай хрысціянскай супольнасці”, – падсумоўвае кс. Сяргей.
Кс. Сяргей Гоман разам з іншымі салезіянамі ў цяперашні час працуе ў Фрытаўне – сталіцы Сьера-Леонэ з дзецьмі і моладдзю па 7-мі праграмах.
Першая праграма – “Дзеці вуліц” – накіравана на працу з дзецьмі, якія збеглі з-за хатняга гвалту ці ў пошуках лепшага жыцця накіраваліся з вёскі ў горад. З імі працуюць урачы, псіхолагі, педагогі. Задача спецыялістаў – дапамагчы дзецям вярнуцца ў сям’ю, у грамадства, даць магчымасць атрымаць адукацыю.
Другая праграма – “Сацыялізацыя маладых прастытутак (12–16 гадоў)”. Яна разлічана на тых, хто хацеў бы сысці з вуліцы і пачаць новае жыццё. У рамках праграмы аказваецца медыцынская і псіхалагічная дапамога. Тым, хто жадае, садзейнічаюць у атрыманні адукацыі і прафесіі, напрыклад, цырульніка, пекара, электрыка.
Трэцяя праграма – дапамога ахвярам гвалту і ранняга замужжа, а таксама дзецям з вёсак, якіх забіраюць у горад іх далёкія сваякі нібыта дзеля таго, каб маглі вучыцца ў школе, а на самой справе прымушаюць іх да вельмі цяжкай працы. Дзецям аказваецца медыцынская і псіхалагічная дапамога. Праводзіцца рэабілітацыя, трываюць пошукі сваякоў маладых людзей, якія гатовы іх прыняць. Пры гэтым робіцца ўсё магчымае, каб вінаватыя панеслі заслужанае пакаранне.
Чацвёртая праграма – “гарачая” тэлефонная лінія “323 Free Line” і псіхалагічная дапамога па тэлефоне “Don Bosco line”. Тэлефоны працуюць кругласутачна, нават у выхадныя і святочныя дні.
Пятая праграма – мабільная дапамога бяздомным. Гэта аўтобус, які курсіруе па вуліцах 5 дзён на тыдзень. Спецыялісты аказваюць патрабуючым медыцынскую і псіхалагічную дапамогу, раздаюць ежу і медыкаменты, прадметы першай неабходнасці і вопратку.
Шостая праграма – дапамога зняволеным. Гэта праца з тымі, хто знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі. Валанцёры выбіраюць самых слабых, кормяць іх, вучаць чытаць і пісаць. Для найбольш “прасунутых” ёсць праграма камп’ютэрнага навучання.
Сёмая праграма – грамадскі дом “Апошні шанс”. Яна адрасавана для тых, хто быў удзельнікам праграмы “Дзеці вуліц”, але па нейкіх прычынах зноў вярнуўся да ранейшага ладу жыцця. Гэта яшчэ адзін шанс наладзіць сваё жыццё.
Кінга Красіцкая, паводле "Слова Жыцця"