Мы не часта сустракаем на сваім шляху людзей з вялікім сэрцам, адданасцю і пакорай. Павінна вельмі пашанцаваць, каб паглядзець такой асобе ў вочы, каб, сустрэўшыся з ёю, спазнаць аўтэнтычнасць гэтых цнотаў і каштоўнасцей.
Многія вернікі з парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне асабіста знаёмы з а. Юзафам Гензам CSsR – чалавекам самаадданага служэння, выпраменьваючым радасць, адкрытым для іншых. Святар прываблівае пачуццём супакою, разважнасці, мудрасці.
Шлях да святарства
Паважаны юбіляр паходзіць з Тарноўскай дыяцэзіі (Польшча). Нарадзіўся недалёка ад Тухава, дзе знаходзяцца марыйны санктуарый і духоўная семінарыя айцоў рэдэмптарыстаў.
Хлопец выхоўваўся ў шматдзетнай сям’і. Акрамя яго, бацькі гадавалі яшчэ трох сыноў і пяць дачок. Маці пераважна займалася домам і гаспадаркай, а бацька быў пекарам.
– Каб трапіць у касцёл, трэба было пераадолець 3 кіламетры, але нас гэты кавалак дарогі не палохаў, – успамінае а. Юзаф. – Цэлай грамадой, разам з дзецьмі з суседніх дамоў мы ішлі на св. Імшу, на Ружанец, рараты. Я прыслужваў міністрантам. Часам гэта былі даволі складаныя часы як для мяне, так і для маіх бацькоў і пробашча, таму што парой я мог нарабіць клопату.
Калі юнак скончыў школу, здаў экзамены і быў прыняты ў ліцэй, маці спытала яго, ці не хацеў бы вучыцца ў айцоў рэдэмптарыстаў. Бацька ж, хоць і быў веруючым і набожным чалавекам, меў крыху іншае меркаванне.
– Паколькі я старэйшы сын у сям’і, тата бачыў маё жыццё інакш, – расказвае а. Юзаф. – Ён думаў, што я першым скончу навучанне, атрымаю прафесію і буду карысным для нашай вялікай сям’і. Але сталася так: я забраў дакументы з ліцэя і накіраваўся да айцоў рэдэмптарыстаў, дзе 4 гады вучыўся ў іх мужчынскай гімназіі з перспектывай у будучыні паступіць у семінарыю.
Пасля некалькіх гадоў навучання юнак сапраўды паступіў у навіцыят. Праз год яго прызвалі ў армію, дзе служыў танкістам. Гэта быў час сутычкі паміж касцёлам і камуністычнымі ўладамі, таму пасля набору, калі салдатам прызначаліся асобныя функцыі ў падраздзяленні, камандзір палка спытаў навіцыянта, ці збіраецца ён пасля вярнуцца ў семінарыю. Пачуўшы станоўчы адказ, малады чалавек быў накіраваны ў роту лінейных.
– Потым, між іншым, у мяне цікавіліся, асабліва пад канец службы, ці не хацеў бы вучыцца ў Акадэміі бранятанкавых войскаў у Познані. Але я падзякаваў і вярнуўся ў семінарыю.
А ўжо ў 1970 годзе быў пасвечаны, – адзначае а. Юзаф. – Памятаю, што ў той дзень было вельмі сонечна і перад св. Імшой я хадзіў па алеях побач з семінарыяй і паўтараў словы падзякі біскупу, якія меўся сказаць на заканчэнне ўрачыстасці. Асабліва ўзгадваю просьбу маліцца за нас, новапрэзбітэраў, бо “гэты скарб мы носім у гліняных посудах”, якія могуць разбіцца.
Яму трэба ўзрастаць, а мне станавіцца меншым (Ян 3, 30)
Гэтыя словы былі змешчаны на прыміцыйным абразку а. Юзафа, які на працягу ўсіх гадоў свайго служэння стараўся справіцца з пастаўленай мэтай. Адразу пасля семінарыі ён быў накіраваны ў Торунь, дзе займаўся катэхізацыяй моладзі. Потым вывучаў каталіцкую тэалогію ў Варшаве, а таксама праводзіў катэхезы для вучняў выпускных класаў і апекаваўся душпастырствам студэнтаў.
Вярнуўшыся ў Тухаў, займаўся манаскай моладдзю спачатку як прэфект пастулата, а потым як настаўнік (магістр) навіцыята.
– У семінарыі маёй задачай было, перш за ўсё, вядзенне лекцый, – успамінае юбіляр. – Шчыра кажучы, не меў вялікай ахвоты да гэтага, нават згадаў аб тым падчас размовы з правінцыялам. Аднойчы ўвечары ён пастукаўся ў мой пакой і спытаў, ці не хацеў бы паехаць у Беларусь. Я адказаў, што калі маю што там рабіць, чаму б і не? Таму быў накіраваны ў Гродна. Нясу тут паслугу ўжо 23 гады.
Кажучы пра сваё першае ўражанне пасля прыезду ў горад над Нёманам, а. Юзаф падкрэслівае, што мясцовае парафіяльнае жыццё было, у асноўным, падобна на тое, якое бачыў у Польшчы, толькі ўмовы адрозніваліся: малюсенькія пакоі, усюды шумна, бо ў адным месцы была і кватэра, і будоўля, і катэхетычныя класы.
– Тады пераканаўся, як шмат залежыць ад нашага стаўлення, – падкрэслівае суразмоўца. – Да гэтага часу я жыў у вялікіх супольнасцях, у манастыры, дзе ціха, спакойна, а цяпер у мяне былі зусім іншыя ўмовы. Калі тэлефанаваў альбо пісаў родным і сябрам, заўсёды жартаваў, што жыву нібы на Цэнтральным вакзале ў Варшаве, дзе ўвесь час рух, шум, гам. Раней, у Польшчы, калі хацеў нешта напісаць, нават гадзіннік мне перашкаджаў. І я хаваў яго ў шафу з бялізнай, каб не было чуваць. У той час як тут за адной сцяной нехта гучна смяяўся, за другой званіў тэлефон і інжынер вырашаў нейкія справы, а я спакойна сядзеў у пакоі і рабіў тое, што павінен быў. Проста прыняў новую рэчаіснасць, якой яна ёсць.
А. Юзаф таксама адзначае, што з пачатку свайго служэння ў Беларусі заўважыў адну з характэрных рыс мясцовых католікаў. Яна выяўляецца ў простай, пачуццёвай, надзвычай эмацыянальнай рэлігійнасці і адносінах да святара, які часам быццам бы “з іншага свету”. Пажылыя людзі, што многае перажылі, гатовыя стаць на калені перад ім ці пацалаваць руку. Ужо зусім іншы падыход у дзяцей і моладзі – для іх святар становіцца вельмі блізкім, становіцца сябрам.
– Колькі маладых сэрцаў прайшло міма мяне са школьнымі сумкамі ў руцэ, з запалам, з жыццёвымі ідэаламі, рэалізуючы свой шлях у будучыню? – задумваецца а. Юзаф. – З моманту прыезду ў Гродна і па гэты дзень я займаюся катэхізацыяй і вельмі рады гэтаму, бо ажыццявілася тое, чаго хацеў непасрэдна пасля пасвячэння – працаваць з дзецьмі. Часта падчас катэхезы мы ўздымаем тэмы жыццёвага паклікання. Я тлумачу, што з рэлігійнага пункту гледжання ў кожнага ёсць свой шлях, прызначаны Богам, і трэба толькі распазнаць яго, аналізуючы ўласныя схільнасці, магчымасці, здольнасці.
Трэба развіваць іх і тым самым не толькі ўзбагачацца, але і быць карыснымі для іншых. Гэта вельмі выразна падкрэсліваў св. Ян Павел II: тады, калі знаходзім сябе, мы становімся дарам для іншых. На жаль, часам людзі ў паўсядзённым жыцці зводзяць усё да таго, каб толькі мець, думаюць эгаістычна і забываюць, што мы становімся напоўненымі, калі адорваем іншых, адкрываемся ім. Гэтае дабро пазней вяртаецца да нас.
Святар з задавальненнем адзначае, што пры выкананні сваіх душпастырскіх і манаскіх абавязкаў заўсёды адчувае радасць. Да выключных момантаў адносіць працу ў душпастырстве студэнтаў і клопат пра супольнасць Хатняга Касцёла.
– Знаходзячыся ў Торуні, я апекаваўся некалькімі коламі гэтай супольнасці, а будучы ў Беларусі, шмат гадоў ездзіў у Польшчу праводзіць рэкалекцыі для сем’яў. Яны таксама часам прыязджалі ў Гродна, і ў нас былі сумесныя духоўныя сустрэчы. Гэта вельмі цікавы і глыбокі досвед: як сем’і, як свецкія людзі перажываюць штодзённасць, малітву і разуменне адносін з Касцёлам, – згадвае а. Юзаф. – Здараліся і дзівосныя моманты, калі дзеянне Бога праз мяне даходзіла да іншага чалавека, і ён знаходзіў свой шлях, разумеў свае жыццёвыя задачы. Часта перажываў гэта падчас рэкалекцый для сем’яў, у якіх звычайна ўдзельнічала каля 60-ці чалавек. Там існуе звычай у канцы сустрэчы дзяліцца самым важным, што выносіш з рэкалекцый. Я прамаўляў да ўсіх удзельнікаў аднолькава, але заўсёды здаралася, што нейкі мой сказ, думка была сказана быццам бы для аднаго канкрэтнага чалавека, які потым абавязкова перад усімі адзначаў: “Айцец казаў так, быццам ведаў мае перажыванні, мае праблемы. Дзякуй за тое, што я атрымаў адказы, якія доўга шукаў!”. Гэта заўсёды ўражвала.
А. Юзаф падкрэслівае, што юбілейны год, безумоўна, з’яўляецца часам ласкі, асаблівым этапам у жыцці святара, калі падводзяцца прамежкавыя вынікі паслугі. Святар глядзіць у будучыню з надзеяй, што з Божай дапамогай ён будзе працягваць служыць аддана і з любоўю да людзей, па прыкладзе Езуса Хрыста, які зрабіў яго рыбаком чалавечых сэрцаў.
Кінга Красіцкая, паводле "Слова Жыцця"