“Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі!”. Гэтым спевам анёлаў была абвешчана радасная навіна пра нараджэнне ў горадзе Давідавым, Бэтлееме, Божага Сына. Ён дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення зышоў з Неба, уцелавіўся ад Святога Духа з Панны Марыі і стаўся чалавекам.
Божае Нараджэнне – адно з самых светлых і прыгожых свят, напоўненае атмасферай усеагульнай згоды і любові. Аб тым, як належыць перажываць гэты асаблівы час, размаўляем з дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Юзафам Станеўскім.
– Ваша Эксцэленцыя, распавядзіце, калі ласка, якія традыцыі святкавання Божага Нараджэння існуюць у Вашай сям’і.
– Дзякаваць Богу, я з дзяцінства спазнаў традыцыю святкавання Божага Нараджэння ад сваіх родных, дзядулі і бацькі. Цяпер унукі і праўнукі сям’і Станеўскіх яе падтрымліваюць. Мы заўсёды стараемся перажываць гэтае свята разам. Сёння ўжо збіраемся ў складзе 4-ох пакаленняў. Едзем да мамы, у дом, што ў Заневічах. Мужчынская палова ставіць ялінку і стол. Праўнукі (старэйшай праўнучцы ўжо 14 гадоў) па-святочнаму ўпрыгожваюць дрэўца. Старэйшы брат прыносіць сена. На стол засцілаецца белы абрус, ставяцца на талерачцы аплаткі, запальваецца вігілійная свечка “Карытас”. Абавязкова пакідаецца месца для падарожніка (я не ўжываю выраз “пустая талерка”, бо пакладзеныя прыборы з любоўю чакаюць госця).
Калі на небе з’яўляецца першая зорка, і ўсе ўжо сабраліся, распачынаем малітву: адгаворваем 7 пацераў і кароткі катэхізіс, узгадваем памерлых. Затым чытаем Евангелле аб Нараджэнні Езуса Хрыста, дзелімся аплаткай, складваем пажаданні.
Пасля наступае спажыванне вячэры – 12 страў. Цяпер ужо праўнукі падлічваюць, каб сапраўды іх было не менш. Потым спяваем калядкі, дзеці і моладзь чытаюць вершы аб Божым Нараджэнні, і, канешне, адорваем адзін аднаго падарункамі. Затым едзем у касцёл на Пастэрку. Калі вяртаемся дадому, першымі ўваходзяць дзеці. Яны спяшаюцца адшукаць пад сенцам на стале цукеркі – падарунак ад св. Мікалая для самых паслухмяных.
Ужо больш за 20 гадоў у маёй роднай парафіі існуе цудоўная традыцыя: пасля Пастэркі дзеці чытаюць перад прысутнымі вершы, спяваюць калядкі, за што атрымліваюць ад старшыні касцёльнай рады салодкі пачастунак. Дарэчы, дзеці вельмі ахвотна прымаюць удзел у гэтых выступленнях. Нават прыезджыя хлопчыкі і дзяўчынкі з імпэтам імкнуцца прадэманстраваць перад мясцовымі парафіянамі свае здольнасці.
– Якое Божае Нараджэнне памятаеце найбольш яскрава?
– Гэтае свята такое ўрачыстае і такое прыгожае, што з кожнага года можна было б напісаць успамін. Калісьці за сямейным вігілійным сталом нас было 6 чалавек, цяпер – 30. Першай да нашай сям’і далучылася жонка брата Марыя. Потым – швагры Рамуальд і Станіслаў. Нарадзіліся першыя ўнукі, праўнукі… Для нас важна было захаваць хрысціянскую традыцыю. Дзякуючы згранасці ўдзельнікаў, пад зоркім вокам мамы вігілійная вячэра ў бацькоўскім доме адбываецца нязменна, пачынаючы з 1958 года. Калі я некалі запытаў у таты, як Вігілія праходзіла раней, калі мяне яшчэ не было, ён сказаў: “Як і сёння, толькі чакалі цябе!”. Цяпер жа, калі таты ўжо няма з намі фізічна, адчуваем яго духоўную прысутнасць, бо захоўваем традыцыю, якую ён на працягу гадоў падтрымліваў.
– Як мы, вернікі, павінны сустракаць Божае Нараджэнне? Якія абавязковыя складнікі плённага перажывання гэтага свята?
– Хрыстос нарадзіўся – Бог аб’явіўся. Так вітаем у святы адзін аднаго. Бог сярод нас. Варта прыняць дадзеную праўду з чыстым сэрцам і палаючай душой. Што датычыць складнікаў плённага перажывання свята, то Святы Айцец Францішак 1 снежня ў Грэча, што ў Італіі, падпісаў Апостальскі Ліст “Admirabile signum” аб цудоўным знаку бэтлеемкі. Менавіта ў ім можам знайсці падказку: “Дарагія! Давайце будзем атаясамліваць сябе з Марыяй, якая паклала свайго Сына ў яслі, бо не было для Іх месца ў доме. Разам з Ёй і са св. Юзафам, Яе Абраннікам, накіруйма свой позірк на Дзіцятка Езус. Яго ўсмешка, якая ззяе ўначы, няхай рассее абыякавасць і адкрые на радасць сэрцы тых, хто адчувае, што любімы Нябесным Айцом”.
– У сучасным свеце ёсць шмат людзей, якія страцілі Бога ці яшчэ не знайшлі дарогі да Яго, таксама ёсць тыя, хто свята прыйсця Хрыста ў свет будуць сустракаць у самоце. Якія словы маеце да іх скіраваць?
– Папа Бенедыкт XVI казаў: “Там, дзе любоў, прабачэнне і згода – там Божае Нараджэнне”. Дзіцятка Езус сёння сярод нас. Усемагутны дазваляе прытуліць сябе, каб ніхто больш не пачуваўся самотным і адкінутым. Хто не паверыць у гэта, застанецца замкнёным на сваім шляху да шчасця, адзін у абранай вандроўцы.
Калі не ведаеш, дзе мора, ідзі за патокам ракі, яна давядзе да мэты. Калі не ведаеш, дзе можна сустрэць сёння Бога, ідзі за тымі, хто Яго ўжо сустрэў і накіроўваецца насустрач нованароджанаму Дзіцяці. З пакорлівым даверам, а не з пыхлівай заўзятасцю: немагчыма, каб Бог стаў безабаронным. Як піша папа Францішак, Божае Нараджэнне, Батлейка – гэта нібы жывое Евангелле. Яно паказвае пяшчоту Створцы і тое, што Ён апускаецца да нашай мізэрнасці.
– Што сваім прыходам у свет гаворыць Божае Дзіця, і што мы павінны Яму адказаць?
– Ва ўзгаданым вышэй Лісце папа Францішак піша, што ў Батлейцы пачынае “біцца сэрца” ў той момант, калі святар кладзе туды фігурку Дзіцятка Езус. Усё для Яго і дзеля Яго, а Ён – для чалавека. Гэта праўда, што зорнае начное неба з’яўляецца сімвалам нашай самотнасці, пакінутасці сярод жыццёвых турбот. Але ззянне Бэтлеемскай зоркі паказвае, што Бог не пакідае нас адных, што сярод змроку жыцця ёсць святло Яго Любові. Хрыстос прыходзіць у свет, каб даваць новае жыццё, лячыць і адбудоўваць. Быць паслухмяным Божай Волі і Божаму плану Збаўлення – вось дэвіз для нас сёння.
– Як сёлета будзе выглядаць Ваша святкаванне Вігіліі і Божага Нараджэння?
– Бог так кіруе, што амаль кожны год я перажываю Вігілію з роднымі, а свята Божага Нараджэння адзначаю ў адной з парафій дыяцэзіі. У гэтым годзе мяне запрасіў на Пастэрку кс. канонік Алег Дуль, пробашч парафіі св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску. Дарэчы, у гэтым горадзе ў 1995 годзе я распачынаў сваю душпастырскую паслугу. Таму вяртаюся туды з радасцю і задавальненнем.
– Што б Вы хацелі пажадаць нашым чытачам на надыходзячыя святы?
– Любыя Браты і Сёстры, дарагія Чытачы! Хрыстос нарадзіўся – Бог аб’явіўся. Няхай Вашыя сэрцы жывуць Богам і б’юцца для іншага чалавека. Жадаю, каб 2020 год Панскі на нашай Бацькаўшчыне быў і далей напоўнены мірам, дабрабытам і братняй любоўю. Усім бласлаўлёных Свят і шчаслівага новага года!
Кінга Красіцкая, паводле "Слова Жыцця"