Сёлета кс. Францішак Галдысь, хрыстусовец, які 18 гадоў служыў у Беларусі ў парафіі Св. Уладзіслава ў Суботніках, адзначае 50-годдзе святарства.
У свята Перамянення Пана, 6 жніўня, у парафіі Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Maрыі Кольбэ ў Мінску, адзінай у Беларусі, дзе служаць святары з Таварыства Хрыста для Замежнай Палоніі (хрыстусоўцы), ён узначаліў святую Імшу.
Карыстаючыся нагодай, кс. Галдысь адказаў на некалькі пытанняў, успамінаючы пра сваё служэнне ў Беларусі і шлях да святарства.
- Ці памятаеце свой першы дзень у Беларусі, калі толькі прыехалі? Якія былі першыя ўражанні і думкі?
- Гэта было 6 верасня 1996 года, пятніца. Мы прыехалі ўвечары, у суботу мінулы пробашчпаказаў мне парафію, а гэта было амаль 40 вёсак. А ў нядзелю пасля абеду я ўжо застаўся адзін. Нікога не ведаў, як жа тут быць? Цяжка было. Я не разумеў беларускай мовы. Памятаю, як адна дзяўчына прынесла мне зборнік беларускіх казак, і вось так я пачаў вывучаць беларускую мову.
- А ці памятаеце, той момант, калі Вы даведаліся, што паедзеце служыць менавіта ў Беларусь? Ці не пужала Вас новае прызначэнне?
- Я хацеў ехаць на Усход. Мне было 40 гадоў, і на той момант я ўжо 14 гадоў працаваў у Польшчы. Але я думаў пра Украіну. Я нават там быў, ужо ведаў месца, дзе буду служыць. Прыехаў дадому, каб забраць рэчы, а тут мяне выклікаюць, і генеральны вікарый кажа: «Трэба ехаць у Беларусь» (усміхаецца — рэд.).
Гэта быў шок. Ніякіх уяўленняў пра краіну ў мяне не было. Я ніколі раней не быў тут, але мне спадабалася.
- Якім быў Ваш шлях да святарства?
- Калі я скончыў пачатковую школу (на той момант у Польшчы гэта было 7 класаў — рэд.) я не ведаў, куды ісці. Мне параілі пайсці вучыцца на шахцёра, бо яны добра зараблялі, і я паступіў у тэхнікум. Я ж хацеў адразу пасля 7-га класа ісці да бэрнардынаў, пасля былі езуіты і аблаты. Але мяне нідзе не бралі, казалі, што трэба было атрымаць сярэднюю адукацыю, а пасля — прыходзь. У апошнім класе тэхнікума я сустрэў прыяцеля, які распавёў мне пра хрыстусоўцаў. І я пайшоў да іх.
- Падчас працы ў Беларусі Вы праводзілі рэкалекцыі для семінарыстаў Гродненскай духоўнай семінарыі. Цяпер з’яўляецеся духоўным айцом у навіцыяце ў Польшчы. Дайце, калі ласка, якую-небудзь параду тым, хто цяпер знаходзіцца ў дарозе да святарства.
- Трэба любіць Езуса і людзей. Езус павінен стаць найбольшай вартасцю, і ўсё трэба рабіць для Яго. Калі ж я не буду любіць людзей, па прымусе не атрымаецца добра працаваць. Трэба служыць са шчырым сэрцам, трэба служыць з любоўю. Таксама трэба шмат пакоры, бо не ўсё так ідзе, як мы сабе прыдумалі. І малітва, без малітвы таксама нікуды… Тут можна шмат казаць…
- Якія ўспаміны пра Беларусь? Што Вы ў сэрцы забралі з сабой?
- Людзі з вялікім сэрцам. Я радаваўся, што я магу служыць такім людзям. Яны столькі перажылі падчас камунізму, але вытрывалі ў веры. Вось гэтыя людзі і стаяць у мяне перад вачама, калі я ўзгадваю пра працу ў Беларусі.
- Напрыканцы хочам папрасіць Вас сказаць некалькі словаў для ўсіх, хто будзе чытаць гэты артыкул.
- Не паддавайцеся спакусе і не адыходзьце ад Хрыста, не ідзіце за тымі справамі, якія хочуць нас знішчыць, знішчыць нашае сумленне, знішчыць чалавека знутры, знішчыць сям’ю. Трывайце з Езусам!
Алена Кот, jan.by
Фота: Мікола Новікаў