Да сёлетніх урачыстасцяў у санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях застаецца менш за два тыдні. Сёлета яны пройдуць пад дэвізам “Марыя, атулі нашыя сем’і” 12-13 ліпеня.
У гэтым годзе адзначаецца 25-годдзе абвяшчэння парафіяльнай святыні ў Тракелях Дыяцэзіяльным санктуарыем Маці Божай Каралевы нашых сем’яў і 10-годдзе каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Тракельскай, а таксама 210-годдзе пабудовы мясцовага касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі.
Пра падрыхтоўку да святкаванняў, пра тое, якіх зменаў удалося дасягнуць на тэрыторыі санктуарыя, і што чакае пілігрымаў, апавядае кусташ санктуарыя кс. Юрый Бяганскі.
- З чаго Вы вырашылі пачаць сваю дзейнасць на тэрыторыі санктуарыя? Што ў першую чаргу мела патрэбу ў рамонце?
- Як толькі я атрымаў ключы ад касцёла, а было гэта 24 чэрвеня 2018 года, то непасрэдна пачалася падрыхтоўка да ўрачыстасці Маці Божай Тракельскай. Пасля таго, як адбыліся гэтыя святы, цікавым момантам стала тое, што мы, атрымаўшы афіцыйны дазвол, спілавалі дрэва, якое несла небяспеку для санктуарыя і парафіянаў, таму што было ў аварыйным стане. Пасля працы на тэрыторыі парафіі пачалі павялічвацца: нейкія новыя ўпрыгожванні, рэканструкцыя помнікаў, акультурванне ўчастку, а таксама рстаўрацыя самога абраза, каб ён быў багацейшым у сваёй прыгажосці для людзей.
- За такі кароткі тэрмін Вам удалося зрабіць так шмат на дабро санктуарыя. Ці лёгка знаходзіць спонсараў і падтрымку грамадства?
- Я такі чалавек, што рух – гэта жыццё, толькі так я знаходжуся на сваім месцы. Маўчанне і адсутнасць дзеяння для мяне самае горшае, што можа быць. Што ж датычыцца спонсараў: стукаешся – табе адчыняць, аднак, на жаль, не ўсе выслухаюць і дапамогуць. Ёсць такія, хто не разумее...
Нягледзячы на прынцыпы і амбіцыі некаторых людзей, мне ўдалося вытрымаць і абысці гэта дзякуючы дабрыні многіх. Нават ажыццявілі нашмат больш праектаў, чым было запланавана.
Свет не без добрых людзей, і многія рады аказаць дапамогу храму і парафіі. Калі бачым вынікі, якіх мы дасягнулі, гэта значыць, што нам удалося знайсці спонсараў і людзей, гатовых дапамагчы.
- Набліжаецца вялікі фэст, калі людзі не толькі з Гродзенскай, але і з іншых дыяцэзій і з-за мяжы збіраюцца ля ног Маці Божай Тракельскай. Ці ўсё гатова да сустрэчы пілігрымаў? Што новага будзе ў гэтым годзе?
- У гэтым годзе нам удалося змяніць крыху план, зрабіць яго багацейшым у сэнсе малітвы і цікавейшым для кожнага пакалення вернікаў. Я вельмі спадзяюся, што новы план дапаможа адкрыць чалавечыя сэрцы, што Маці Божая ўчыніць новыя цуды і прывядзе да адзінай веры ў Бога.
Мы не забылі і пра пілігрымаў, у гэтым годзе хочацца здзівіць вас, дарагія пілігрымы, таму былі прыняты некаторыя рашэнні і ўнесены змены.
Першае, што было вырашана, гэта здзівіць больш смачнай і разнастайнай ежай, а таксама памяняць “жыллё” для пілігрымаў – намётавы горад і кухня будуць размешчаны ў іншым месцы для большай зручнасці пілігрымаў. Гэта, так бы мовіць, ежа фізічная, а духоўная, як было сказана раней, заключаецца ў малітве, а я пастараюся, каб гэтая “ежа” трапіла ў сэрцы кожнага. Ці гатовы мы цалкам да сустрэчы з вамі? Скажу шчыра і адкрыта - так, чакаем хоць сёння!
- А ці ёсць у Вас яшчэ нейкія задумы, якія Вы самі хацелі б увасобіць у жыццё для парафіі і камфорту пілігрымаў?
- Ёсць, канешне, і Вы нават не ўяўляеце, якія велізарныя планы. Я сам не магу Вам дакладна сказаць, адкуль з’яўляюцца ў галаве такія розныя думкі: яны нараджаецца раніцай, вечарам, на працягу дня, калі ты молішся і нават калі ты едзеш у сваёй машыне.
Мозг пастаянна працуе, задумы з’яўляюцца, і тады ўжо трэба прыступаць да рэалізацыі гэтых ідэй. Планаў вельмі шмат. І я спадзяюся, што маё здароўе не падвядзе, а спонсары, якія вельмі любяць Маці Божую Тракельскую і ўшаноўваюць Яе гадамі, акажуць падтрымку, і тады нам разам атрымаецца рэалізаваць усе гэтыя планы, зрабіць Маці Божую вялікай на нашай гродзенскай зямлі.
- Што Вы хацелі б сказаць людзям, якія збіраюцца зрабіць гэты шлях на фэст у санктуарыі Каралевы нашых сем’яў у Тракелях?
- Дарагія пілігрымы, хачу вам сказаць, што калі вы ідзяце пешшу, то не закідвайце гэтую добрую традыцыю. Я сам ішоў пешшу 300 км у Чэнстахову, гэты шлях заняў 9 дзён і даў мне вялізнае духоўнае багацце.
Наша задача захаваць традыцыі нашых продкаў і ўзбагаціць людзей духоўна. “Марыя, атулі нашыя сем’і” – дэвіз галоўнага фэсту ў Тракелях у гэтым годзе, таму, дарагія сем’і, мне хацелася б бачыць вас у поўным складзе, бо ў гэтыя цудоўныя ўрачыстыя дні ў вас будзе магчымасць нанова скласці адно аднаму сужэнскія абяцанні. Біскуп Юзаф Станеўскі ў суботу 13 ліпеня правядзе рытуал аднаўлення вашых сужэнскіх абяцанняў.
Асабліва хацелася б убачыць сужэнскія пары ў іх юбілеі, каб яны зноў маглі паўтарыць адно аднаму словы любові і вернасці, якія вы пранесяце разам да канца дзён сваіх. А таксама смею сказаць, што чым больш людзей малітве знаходзіцца на гэтай тэрыторыі, тым больш багатай духоўна яна становіцца і Марыя ўносіць цуды ў наша жыццё.
За гэты год майго служэння ў Тракелях мы сабралі вялікую колькасць сведчанняў цудаў, якія Маці Божая Тракельская ўчыніла для людзей.
Усіх вас чакаю з нецярпеннем на нашу агульную ўрачыстасць у гонар Маці Божай. Вы, дарагія пілігрымы, - тыя, хто будзе перадаваць з пакалення ў пакаленне значнасць гэтай урачыстасці, і таму я хачу, каб мы ўсе разам рэалізавалі нашу задачу зрабіць гэтую ўрачыстасць вялікай для нашай беларускай зямлі.
Гражына Рамейка
Фота: Вікторыя Кужко