35 гадоў таму кс. прэлат Вітольд Лазавіцкі прыняў святарскія пасвячэнні і быў пасланы ў Божы вінаграднік, каб супрацоўнічаць з Богам у найпрыгажэйшай і найважнейшай справе, якой з’яўляецца збаўленне душ. З моманту, калі Хрыстос учыніў яго рыбаком людскіх сэрцаў, і да сёння святар выконвае даручанае яму заданне: дзеліцца Добрай Навінай і засейвае Божае слова з верай, што яно прынясе сторазовы плён.
Сям’я як школа веры
Шаноўны юбіляр паходзіць з Гродна. Выхоўваўся разам з 2-ма сваімі сёстрамі – Луцыяй і Марыяй – у польскай каталіцкай сям’і Яна і Яніны Лазавіцкіх.
Распавядаючы пра сваё дзяцінства, кс. Вітольд узгадвае супольна праведзены з членамі сям’і час: гэта была радасць ад быцця разам, пасілак за адным сталом, спакойная размова, супольная малітва, перажыванне рэлігійных падзей.
“Тэрытарыяльна мы належалі да катэдральнай парафіі. Але ў той час святара не было, таму на св. Імшу хадзілі ў пабернардынскі касцёл, дзе служыў кс. інфулат Міхал Арановіч, – расказвае кс. Вітольд. – Менавіта там я прыступіў да І Споведзі і св. Камуніі. Канешне, гэта адбывалася таемна. Нас было 10 дзяцей: 6 дзяўчынак і 4 хлопцы. Кожны ў закрыстыі апрануўся святочна, пасля чаго атрымаў маленькую свечку і пры зачыненых дзвярах прыступіў да святых сакрамантаў”.
У сям’і заўсёды практыкавалі малітву: раніцай пацеры кожны адгаворваў сам, а вечарам – усе разам. У нядзелю ў касцёл хадзілі двойчы: спачатку на св. Імшу ў пабернардынскі, а потым у катэдру на набажэнства, калі на алтар клалі арнат, а замест св. Камуніі была эўхарыстычная цішыня. “Мы разам з іншымі гродзенцамі прыходзілі ў святыню, каб паказаць мясцовым уладам, што касцёл не пустуе. У адваротным выпадку яго маглі зачыніць”, – гаворыць святар.
Кс. Вітольд успамінае, што ў першыя нядзелі месяца ў катэдры адбывалася працэсія, у якой заўсёды ўдзельнічалі яго сёстры.
Аднойчы іх пазналі, бацькоў выклікалі ў школу. “Тата тады сказаў: «Я паважаю школу, настаўнікаў, але вы вучыце фізіцы, хіміі, гісторыі, матэматыцы, мове, а выхоўваць дзяцей будзем мы з жонкай»”, – расказвае святар, падкрэсліваючы, што ў тыя камуністычныя часы, нягледзячы на пераслед, людзі стараліся абараняць веру. Канешне, некаторыя баяліся хадзіць у касцёл, асабліва калі займалі на працы высокія пасады. Бацькі кс. Вітольда былі простымі людзьмі: тата працаваў слесарам, а мама – прыбіральшчыцай. Сям’я жыла з працы сваіх рук, таму не мусіла ні перад кім хавацца.
Шлях да святарства
Гаворачы пра сваё пакліканне, ксёндз прэлат адразу прызнае, што гэта быў дастаткова доўгі, але адначасова цікавы шлях. “Калі я скончыў сярэднюю школу, да арміі заставалася паўтара года, – узгадвае святар. – Бацька тады сказаў, што няма чаго абівацца, таму я паступіў у хіміка-тэхналагічны тэхнікум у Гродне на спецыяльнасць «газавая прамысловасць». Затым на 2 гады пайшоў у войска. У гэты перыяд навучыўся практычнаму мысленню. Паклікання да святарства яшчэ не адчуваў”.
Пасля арміі кс. Вітольд працаваў у газавай службе на заводзе прывадных валаў. Меў там добры заробак. Яму прапанавалі ўступіць у партыю, паехаць на вучобу ў Мінск, каб пазней заняць вышэйшую пасаду. Але малады мужчына адчуваў, што гэта не яго месца.
У той жа час ён пачаў прыслужваць на св. Імшы ў францысканскім касцёле. Там пасябраваў з кс. прэлатам Юзафам Трубовічам. Паступова адкрываў у сабе пакліканне да святарства – таямніцу сустрэчы 2-юх свабод: Бога, які кліча, і чалавека, які на гэты заклік адказвае.
“Больш за паўтара года я разважаў над рашэннем пайсці ў семінарыю. Бацькі казалі: «Глядзі, гэта твой крок, ты сам павінен прыняць рашэнне»”, – распавядае святар. Узгадвае таксама, што пазней даведаўся, што перш чым вырашыў прысвяціць сваё жыццё служэнню Хрысту, яго бабуля, якая ў 1956 годзе пераехала ў Польшчу, малілася, каб хтосьці з унукаў стаў святаром. Што праўда, яна больш думала пра яго стрыечнага брата Андрэя, які жыў у Беластоку, але Бог пакіраваў інакш. У кастрычніку 1979 года ў семінарыю ў Рызе (Латвія) паступіў Вітольд.
“Спярша да мяне прыглядаліся, дзівіліся: чаму пакінуў добрую працу і вырашыў стаць святаром, – дзеліцца кс. Вітольд. – Пасля вучобы і духоўнай фармацыі 3 чэрвеня 1984 года надышоў самы адказны момант – святарскія пасвячэнні. Яны адбываліся ў рыжскай катэдры. Гэта была т. зв. міжнародніца: 1 латыш, 3-ое палякаў і 2-ое ўкраінцаў. Да мяне з Гродна прыехалі 2 аўтобусы: родныя, знаёмыя. Калі яны ўбачылі біскупа, рэктара семінарыі, пачалі кленчыць перад ім і цалаваць у руку. Усе плакалі. Эксцэленцыя спытаўся, адкуль гэтыя людзі і чаму так сябе паводзяць. І пачуў адказ: «Мы прыехалі з Гродна. Апошні раз у нас бачылі біскупа ў 1937 годзе»”.
Цяжкія пачаткі
Пасля святарскіх пасвячэнняў малады ксёндз ненадоўга трапіў як вікарый у гродзенскую францысканскую парафію. Затым працаваў у парафіях Лабна, Галынка, Перстунь, Тэалін (Сапоцкін). У гэты час намагаўся адкрыць касцёл у Галынцы. Затым рамантаваў святыню ў Перстуні, дзе праваліўся дах, будаваў капліцу ў Калетах. Будучы пробашчам у Сапоцкіне прыклаў шмат намаганняў, каб узвесці там плябанію і касцёльныя вежы. Прывёз з Расіі 3 званы: у Сапоцкін, Галынку і Лабна.
Не забываўся таксама пра катэхізацыю дзяцей і моладзі. “У 1992 годзе стараўся, каб у сапоцкінскую парафію прыбылі катэхеткі, – расказвае кс. Вітольд. – Паехаў у Польшчу. Наведаў каля 15-ці манаскіх супольнасцей, але ўсюды чуў, што няма манахінь у дапамогу. Таму павінен быў праводзіць урокі рэлігіі сам – не існавала іншага выхаду. Цяжка было спалучаць працу ў парафіі, рамонт і катэхезу.
Усё рабілася таемна. Пасля таго, як у касцёл прыходзілі бацькі з дзецьмі, мы замыкаліся, маліліся, а затым праводзілі заняткі. Двойчы я атрымліваў штраф, таму што бацькі, згодна з тагачаснымі правіламі, павінны былі самастойна вучыць сваіх сыноў і дачок рэлігіі, а толькі пасля прыводзіць у касцёл, каб ксёндз іх праверыў. А калі збіралася хаця б 5 маладых людзей разам, гэта лічылася ўжо катэхізацыяй, якая была забаронена. Нягледзячы ні на што, мы рызыкавалі і рабілі па-свойму”. Ажно Бог выслухаў кс. Вітольда, і ў сакавіку 1993 года ў парафію прыбылі сёстры серафіткі, якія працуюць у Сапоцкіне па сёння.
“Пачаткі заўсёды цяжкія. Мая душпастырская паслуга не з’яўляецца выключэннем, – гаворыць кс. Вітольд. – Добра, калі пасля пасвячэнняў малады святар знаходзіцца побач са старэйшым. Я быў пры кс. Юзафе Трубовічу не больш за 3 месяцы. Таму калі перайшоў на парафію ў Сапоцкін, часта звяртаўся да яго за парадай. Шмат мне дапамагаў таксама кс. Казімір Арлоўскі з суседняй парафіі ў Адамавічах. Аднак нямала я мусіў рабіць самастойна. У адной старой прыказцы гаворыцца: «Птушка нараджаецца, каб спяваць і лятаць, а чалавек – каб маліцца і працаваць». Таму і я нястомна маліўся, меў планы і стараўся іх рэалізаваць”.
35 гадоў як 1 дзень
Пасля 26-ці гадоў паслугі кс. Вітольд Лазавіцкі пакінуў парафію Унебаўзяцця Маці Божай і св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне. Паўтара года служыў у гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, а затым 6 гадоў у парафіі Маці Божай Ружанцовай у Радуні. Цяпер з’яўляецца пробашчам у парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы (Баля Касцёльная).
“Гэтыя 35 гадоў мінулі, як 1 дзень, – падсумоўвае святар. – На працягу ўсёй душпастырскай паслугі я адчуваў, што Бог мне дапамагае. Стараўся звяртаць увагу толькі на дабро, што адбывалася вакол мяне, а пра смуткі і няўдачы прагнуў як мага хутчэй забыцца. На першым месцы заўсёды была і ёсць служба Богу і людзям, сакраментальнае жыццё, малітва і штодзённая Эўхарыстыя”.
Гаворачы пра выпрабаванні, з якімі мусіць змагацца, кс. Вітольд адзначае, што ў сучасным свеце кожны святар павінен выходзіць да людзей, вучыць іх трымацца падмурка, якім з’яўляецца вера, паказваць, што можна карыстацца для матэрыяльнага дабрабыту і годнага жыцця дасягненнямі цывілізацыі, але разам з тым памятаць, што галоўнай мэтай застаецца збаўленне.
“У блытаніне інфармацыі людзі забываюцца, што ўсе мы на зямлі нібы ў дэлегацыі, паколькі наша сапраўдная Бацькаўшчына знаходзіцца ў Небе. Трэба ўсведамляць, што чалавек жыве не адным хлебам, а патрабуе таксама малітвы, якая ўтрымлівае ў адзінстве з Богам. Я ўпэўнены, што людское сэрца можна здабыць любоўю і праўдай, таму што кожны без выключэння мае ў сабе зярнятка дабра. Магчыма, запыленае грахом, але яго можна ачысціць. Стараюся рабіць для гэтага ўсё магчымае. Ведаю, што Пан Бог выправіць тое, што атрымаецца, бо стварыў свет са слабых і грэшных людзей, каб яны дарасталі да святасці”.
Радасць ад здзяйснення абяцанняў
Ксёндз прэлат адзначае, што юбілеі і круглыя гадавіны святарскіх пасвячэнняў заўсёды схіляюць да ўспамінаў аб тым, куды быў пасланы, дзе служыў, на працягу якога часу, колькі прамовіў казанняў, рэкалекцый, колькі хростаў, шлюбаў удзяліў, колькі разоў адпускаў грахі, колькі людзей правёў у вечнае жыццё… “Усяго было, канешне, нямала, таму што такія складнікі штодзённай святарскай працы. Але гэтая статыстыка – хоць палюдску зразумелая – не галоўная, не найважнейшая прычына для радасці з перспектывы веры, – тлумачыць юбіляр. – Галоўнай нагодай, каб усцешыцца, з’яўляюцца плады святарскага служэння. Інакш кажучы, калі ўдалося рэалізаваць сябе як абвяшчальніка Божага слова і сведку Евангелля, цэлебранта сакрамантаў, катэхета, правадыра парафіяльнай супольнасці, таго, хто скіроўвае да Хрыста, адзінага Збаўцы”.
Кс. Вітольд Лазавіцкі падкрэслівае, што радасць юбілею – гэта радасць саспелага плёну: ужо не ад абяцанняў, а ад здзяйснення. Радасць, якая вынікае з вернасці Богу, з таго, што дазволіў Яму весці сябе, што не засумняваўся ў Ім, нягледзячы на цяжкасці, і праз ахвяру сваіх намаганняў, розуму, рук і працы стаў прыладай, пры дапамозе якой Бог мог адраджаць людзей сваімі ласкамі.
Кінга Красіцкая, паводле "Слова Жыцця"