Кожны кавалак дарогі, пераадолены чалавекам на працягу яго жыцця, з’яўляецца добрай нагодай, каб зрабіць пэўнае падсумаванне, а таксама каб падзякаваць Усемагутнаму і ўсім, каго Божы Провід паставіў побач.
Біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі з нагоды 5-ай гадавіны біскупскай сакры расказвае пра свае дасягненні і планы на будучыню.
– Ваша Эксцэленцыя, ці ўдалося здзейсніць планы і надзеі?
– Цяжка казаць аб рэалізацыі плана, калі ён пастаўлены самім Богам і стала ажыццяўляецца праз штодзённую паслугу. На працягу свайго святарства я нястомна выконваю тое самае заданне, якое Настаўнік даручыў апосталам 2 тысячы гадоў таму: “Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле” (Мк 16, 15). “Ідзіце…” і, як заўважае папа Францішак, “будзьце сярод людзей”. Таму мой план заключаецца найперш у тым, каб быць з чалавекам, крочыць разам з ім і падтрымліваць патрабуючага ласкай, якую я атрымаў праз паўнату святарства. Усякая ўвага, прысвечаная асобнаму чалавеку, кожная ўдзеленая парада ці адказ на турбуючае пытанне з’яўляюцца рэалізацыяй таго адзінага плана, які вызначыў нам Хрыстос. Кожны дотык да іншага чалавека, кожнае слова ці жэст – гэта выкананне Божых намераў.
За плячыма застаўся досыць кароткі прамежак часу даўжынёй у 5 гадоў, але за ім цягнуцца чарговыя дні і гады, насычаныя магчымасцямі сустрэчы з братам і сястрой. Памятаючы словы заступніка святароў св. Яна Марыі Віянэя аб тым, што кожны душпастыр жыве не для сябе, а для ўсіх людзей, я хацеў бы надалей служыць вернікам. Быць для іх, быць адным з іх!
– Якія ўражанні засталіся ў Вас пасля сустрэч з нашымі дыяцэзіянамі?
– Спатканне з іншым чалавекам – гэта заўсёды багацце, паколькі кожная асоба выключная і непаўторная. Яна з’яўляецца вобразам самога Бога. Чалавек – гэта таксама люстэрка, у якім можам разглядзець саміх сябе. Дзякуючы таму, што мы, святары, з’яўляемся цэлебрантамі Божых дароў, перадаём людзям тое, што самі атрымалі ад Стварыцеля.
Падчас сакраментальных паслуг я сустрэў мноства людзей і меў прыемнасць дзяліць з імі самыя радасныя хвіліны іх жыцця. Хрысцячы, бачыў ззяючыя вочы бацькоў, якія цешыліся, што іх дачку ці сына прымаюць у супольнасць Касцёла. Удзяляючы дзецям Першую св. Камунію, захапляўся прыгажосцю іх душ, адкрытых на Бога і свет. Гледзячы на моладзь, якая прымае сакрамант канфірмацыі, дзівіўся яе запалу, з якім ахвотна даручала ўласнае жыццё моцы Божага Духа, пацвярджаючы свой выбар Хрыстовай дарогі. Блаславіў сужэнскія саюзы, намашчваў спрацаваныя далоні вернікаў, якіх закранула хвароба ці цярпенне, яднаў з Богам у сакраманце пакаяння і паяднання...
Аднак мушу прызнаць, што важным досведам і адначасова вялікай ласкай было для мяне ўдзяленне святарскага пасвячэння. Я ўсведамляў, што накладваю рукі на кандыдата, які праз хвіліну сам будзе цэлебраваць св. Імшу, далей перадаючы ласку, дабрыню, любоў і міласэрнасць Бога. Гэта асаблівае перажыванне і дар ад Пана.
– У епіскапаце Беларусі Вы адказваеце за душпастырства моладзі. Якія з гэтага вынікаюць абавязкі?
– Абавязкаў дастаткова шмат. Аднак за найважнейшы трэба прызнаць спадарожнічанне маладым людзям, што падкрэсліў і апошні сінод біскупаў, прысвечаны моладзі. Я быў разам з маладзёнамі на Сусветных днях моладзі ў Кракаве, вырушыў таксама ў далёкую і дагэтуль невядомую нам Панаму. Цешыўся вельмі, што мог быць з нашай моладдзю, паколькі яна сапраўды здольна “заражаць” энергіяй. Яе радасць, спантаннасць, адкрытасць – гэта вялікае багацце, якое заўсёды спрабую зачарпнуць таксама для сябе.
У будучым пастараемся яшчэ больш увагі прысвячаць душпастырству маладых. Мы павінны вучыцца слухаць нашу моладзь, каб магчы пазней адпаведным чынам зарыентаваць. Гэта вельмі важна, бо менавіта ад маладых людзей залежыць наша заўтра.
– З якімі праблемамі і радасцямі моладзі Вы сутыкнуліся?
– Сучасны свет вельмі захапляльны. Ён заахвочвае да свабоды ад стрэсу, да вольнасці і незалежнасці. Маладыя людзі належаць да яго, прысутнічаюць у ім. Таму вельмі часта губляюцца ва ўсім гэтым, выбіраюць дарогу напрасткі, а ў выніку губляюць сэнс жыцця. Дапасоўваюць Евангелле да свету, а павінна ж быць наадварот – яны мусяць жыццё дапасоўваць да Евангелля. І гэта праблема.
Сёння вера патрабуе ад маладых людзей мужнасці: каб захаваць сваю тоеснасць і вартасць, каб не зняць крыжык з шыі, каб публічна засведчыць аб сваёй прыналежнасці да Хрыстовага Касцёла, каб быць апосталам для іншых. Тыя, хто ўжо адкрыў Пана ў сваім жыцці і ідзе за Ім, павінны дапамагаць братам дайсці да Збаўцы. Для гэтага не трэба звышнатуральнай моцы, дастаткова быць Яго сведкам, сапраўдным і шчырым вучнем, які здольны слухаць Яго і ісці Яго дарогамі.
Гаворачы аб радасці, варта падкрэсліць шчырасць, энтузіязм і аптымізм, якія спадарожнічаюць нашай моладзі ў штодзённым абвяшчэнні Хрыстовага Евангелля сваім жыццём. Мяне вельмі цешыць, што наш Касцёл прыгожы, паколькі ў ім столькі цудоўных маладых людзей, якія прымаюць актыўны ўдзел у разнастайных сустрэчах і акцыях у сваіх парафіях і дыяцэзіі.
Апостальскі запал і радасць жыцця моладзі ажыўляюць Касцёл, спрыяючы росту Божага Валадарства ў свеце.
– Ваша Эксцэленцыя, якая сустрэча за апошнія 5 гадоў асабівым чынам захавалася ў Вашай памяці?
– Самая незвычайная для мяне сустрэча была звязана з уменнем перажываць цярпенне. Ужо на працягу многіх гадоў я знаёмы з адной пажылой асобай (сёння ёй больш за 90 гадоў), якая жыве недалёка ад Гродна. Перажыла спачатку ампутацыю адной нагі, з часам – другой… Наведваю яе, калі маю такую магчымасць.
І ні разу яшчэ не пачуў ні слова наракання, бунту ці жалю… Падчас кожнай сустрэчы размаўляе са мной так, нібы ўсё добра. Ніколі не засяроджвае ўвагу на сваім цярпенні і асабістай трагедыі. Пераносіць усё з пакорай.
Уменне гэтай жанчыны прыняць Божую волю з’яўляецца павучальным прыкладам таго, як трэба перажываць уласныя цярпенні і цяжкасці. Яна здольна несці крыж сваёй хваробы адважна, з малітвай на вуснах.
– “Радасць Евангелля” – словы, якія Вы выбралі дэвізам сваёй біскупскай паслугі. Як яны рэалізуюцца ў паўсядзённасці?
– Галоўнае заданне членаў Касцёла – абвяшчаць Добрую Навіну, дзяліцца яе святлом, а не замыкацца ў сваім ізаляваным коле. Святы Айцец Францішак у сваёй адгартацыі “Evangelii gaudium” пісаў, што “ёсць хрысціяне, якія, здаецца, жывуць Вялікім постам без Вялікадня”. Таму трэба засяроджвацца на тым, што ў Евангеллі найбольш прывабнае, і тады радасць напоўніць сэрца ды ўсё чалавечае жыццё. З Езусам Хрыстом радасць заўсёды нараджаецца і адраджаецца!
Я выбраў гэтыя словы дэвізам сваёй паслугі, паколькі ўсвядоміў, што радасць з’яўляецца знакам кожнага хрысціяніна. Вызнаўца Хрыста не можа быць сумным! Святы Дух вучыць нас любіць і напаўняе душу радасцю. Яна нібы пячаць хрысціяніна: ёсць і ў болі, і ў цяжкасцях, нават у ганеннях.
Уваскрослы Пан Езус пакінуў нам 3 словы: мір, любоў і радасць. Таму праз прыняце біскупскіх пасвячэнняў я быў закліканы несці гэтыя вялікія Божыя дары туды, куды мяне пасылае Касцёл. Стараюся несці радасць Евангелля ў парафіяльныя супольнасці, сем’і, ва ўсе асяроддзі і кожнаму верніку.
– Што Вы хацелі б перадаць вернікам нашай дыяцэзіі?
– У першую чаргу, я хацеў бы ад усяго сэрца сказаць “дзякуй” за малітоўнае спадарожнічанне і падтрымку, якія я нястомна адчуваю.
Старэйшаму пакаленню дзякую за дар веры і трыванне ў Касцёле. Трымайцеся Хрыстовага крыжа, і тады зможам быць упэўнены ў заўтрашнім дні.
Бацькам дзякую за прыгожы прыклад, які даеце сваім дзецям. Выхавайце іх добрымі людзьмі! Пакажыце ім Бога, навучыце шанаваць святое!
Моладзі дзякую за аўтэнтычнасць і евангельскі запал. Не згубіце ў жыцці таго, што з’яўляецца сапраўднай крыніцай усяго!
Дзецям дзякую за прастату і прыгажосць сэрца! Выхоўвайце ў сабе Божае жыццё і цешцеся ўсяму, што вам Пан Бог сваёй шчодрай рукой удзяляе!
Святарам, манаскім сёстрам і тым, хто пачуў голас Хрыста, дзякую за кожнае праяўленне зычлівасці і штодзённую адданасць у абвяшчэнні Евангелля. Няхай Хрыстовае “Ідзі за Мной” заўсёды ўказвае вам просты і надзейны шлях!
Кс. Юрый Марціновіч, паводле "Слова Жыцця"