Skip to main content

"Люблю Бога ў тых людзях, якіх сустракаю". Кс. Юрый Ёдзік пра служэнне ў Цудзенішках

aszmianski wesnik 3Чацвёрты год у Цудзенішскім прыходзе служыць ксёндз Юрый Ёдзік. Местачкоўцы і госці, якія прыязджаюць з Польшчы, суседняй Літвы (на мясцовых могілках пахаваны іх родзічы), не могуць нарадавацца на святара, які не толькі нясе святло веры, абуджае сэрцы, знаходзіць самыя патрэбныя і трапныя словы, але і клапоціцца пра касцёл — храм Божы, спадчыну, якая засталася ад продкаў, якую мы павінны захаваць для будучых пакаленняў.

Аднаўленне святыні

У лістападзе 2014 года, калі ксёндз Юрый быў прызначаны пробашчам парафіі касцёла Святога Якуба, святыня знаходзілася ў запусценні. Заплеснявелыя, абшарпаныя сцены ўнутры і звонку, адкрытая і таму забруджаная птушкамі вежа, разбітая месцамі плітка на падлозе, іржавы дах. Вакол касцёла — высачэзныя старыя елкі, якія разам з забітай і няправільна сканструяванай ліўнёўкай рабілі сваю справу — памнажалі гніль, разбуралі агароджу. У тое, што святыню можна аднавіць, вяскоўцы не асабліва верылі — ні маладому ксяндзу, ні сабе.

aszmianski wesnik 4

Пачатак аднаўленню храма паклалі яшчэ папярэднікі ксяндза Юрыя. У 2001 годзе ў касцёле з’явіўся першы за доўгі час пастаянны настаяцель — ксёндз Францішак Кукліс, які не толькі клапаціўся пра духоўны фундамент, але і распачаў рэстаўрацыйныя работы. Гэтую справу працягнулі ксяндзы Андрэй Бурак, Павел Ствол, а пасля і Юрый Ёдзік.

— У сваім звароце да парафіян я зрабіў акцэнт на тое, што касцёл, пабудаваны ў 1628 годзе, быў патрэбны нашым продкам як асяродак духоўнасці, як храм, дзе гучыць Слова Божае, як месца, дзе можна памаліцца, выгаварыцца і атрымаць заспакаенне, — расказвае ксёндз Юрый. — І наш абавязак — зрабіць усё магчымае, каб парафія працягвала існаваць, каб сюды маглі прыйсці нашы ўнукі і праўнукі. А для гэтага варта зразумець, што касцёл — не толькі наш агульны дом, але і дом кожнага паасобку.

Так з Божай дапамогай і дапамогай добрых людзей у 2015 годзе пачаліся работы. Перш за ўсё спілілі і вывезлі старыя дрэвы, выраўнялі ландшафт, паклалі плітку вакол касцёла, каб можна было без перашкод праводзіць Эўхарыстычную працэсію. Разам з гэтымі пачаліся і рэстаўрацыйныя работы. Калі ставілі будаўнічыя лясы, людзі пыталіся ў ксяндза, як доўга яны будуць стаяць, бо незадоўга да таго яны прыбралі старыя згніўшыя памосты.

Відаць, шчырымі былі малітвы і ахвяраванні парафіян, звароты да Бога, продкаў і добрых людзей, з якімі звяртаўся ксёндз Юрый, дапамога вяскоўцаў і кіраўнікоў розных арганізацый, бо ў гэты першы год аднаўлення ўдалося адрамантаваць пярэдні фасад. На гэтым няўрымслівы і мэтанакіраваны ксёндз і агульная справа парафіян  не спыніліся. За наступны летні сезон былі цалкам завершаны вонкавыя работы, папраўлены і выведзены за тэрыторыю касцёла ліўнёўкі.

aszmianski wesnik 2

Дайшоў ход і да "ўнутранкі". Гіпсавую шпатлёўку, якая не давала сценам дыхаць, накоплівала вільгаць і плесень, прыйшлося дэманціраваць. Узамен паклалі фасадную сетку, наноў патынкавалі і пафарбавалі сцены. На падлогу паклалі новую плітку.

Так, крок за крокам касцёл стаў светлым і ўтульным. Зараз прайсці міма проста немагчыма, тым больш што стаіць храм ля самай дарогі. У гэтай аддаленай вёсачцы ён, як і школа, з’яўляецца асяродкам культуры, чысціні і духоўнасці.

Ксёндз Юрый прызнаецца, што вопыту ў рэстаўрацыйных і будаўнічых, а тым больш дызайнерскіх работах, у яго дагэтуль не было. Таму, перш чым прыняць рашэнне наконт таго ці іншага элемента, шмат радзіўся з местачкоўцамі, сябрамі, сваім настаўнікам ксяндзом Юзафам з Астраўца, ксяндзом-дэканам Янам з Ашмян.

«Люблю іх і ўдзячны Богу за гэтых людзей»

Так шчыра гаворыць ксёндз Юрый пра сваіх парафіян. Іх — 480. За тры гады дзякуючы іх дапамозе не толькі зрабілі капітальны рамонт касцёла, але і набылі мікрафоны, апаратуру, неабходную для таго, каб слова Божае даходзіла да галавы і сэрца кожнага. Дарэчы, з гэтай мэтай усе пропаведзі і літургіі ў касцёле праводзяцца на беларускай мове.

aszmianski wesnik 5

Акрамя таго, замянілі лямпы асвятлення, Крыжовы шлях — ужо цяжка было здагадацца, што намалявана на старых карцінах. Прыбралі бакавыя драўляныя алтары і прагніўшы прэзбітэрыум. З часам на іх месцы з’явяцца новыя. Цяпер у гэтым ужо ніхто не сумняваецца. Ксёндз Юрый любую справу даводзіць да канца і слова сваё трымае. Прыхаджане зразумелі гэта і з павагай ставяцца да святара. Ён тут чалавек невыпадковы.

А ксёндз Юрый упэўнены, што галоўнае верыць у тое, што робіш, і тады ўсё атрымаецца. Побач — Бог і людзі, якіх нельга падвесці.

Гэтую адданасць справе адчулі ў маладым святары і вяскоўцы. З першых дзён яны ўдзельнічалі ў рамонце касцёла і добраўпарадкаванні тэрыторыі.

— Калі патрэбна было, прыйшлі мужчыны з коньмі і бензапіламі, пілавалі і вывозілі елкі, — успамінае, як працавалі, ксёндз Юрый. — Памятаю, як самі ставілі будаўнічыя лясы. Цяжка было, але мы справіліся. І кожны адчуў смак сваёй ахвяры для касцёла.

Зрэшты, свой уклад у рамонт храма бачаць усе: і тыя, хто дапамагаў фізічна, і тыя, хто з мізэрнай пенсіі ці зарплаты, размеркаванай на некалькі месяцаў наперад, знаходзіў і працягвае знаходзіць сродкі, каб ахвяраваць на святыню.

«Дар, мной не заслужаны»

У Цудзенішкі ксёндз Юрый прыехаў са Смаргоні. Датуль служыў Богу і людзям у Радуні. У Гродзенскім катэдральным касцёле, які стаў для маладога святара першай парафіяй, яго ведалі як дзіцячага ксяндза. Ён заўсёды знаходзіў агульную мову з дзецьмі — можа таму, што калісьці, яшчэ хлапчуком марыў быць педыятрам. А яшчэ ён, як і многія астравецкія аднагодкі, марыў быць спачатку міліцыянерам, як бацька, пасля — стаматолагам. Аднак Божы Промысел выбраў для юнака зусім іншы шлях, і вызначаны ён быў з самага пачатку.

aszmianski wesnik 1

Падчас хрышчэння, расказвалі Юрыю бацькі, ён, маленькі хлопчык, пацягнуў ксяндза за стулу (сімволіка ўлады святарскай) са словамі "Гэта маё".

Паўтараючы словы Яна Паўла ІІ, ксёндз Юрый адзначае, што служэнне Богу — гэта дар, якога ён не заслужыў. Гэта выбар нябёс.

— Кожны дзень я адказваю на гэты дар. Люблю Бога ў тых людзях, якіх сустракаю. Цярпліва, гэтаксама, як і Гасподзь да нас, стаўлюся да тых, хто пакуль што не прыйшоў да Бога, — адзначае ксёндз Юрый. — Многаму вучуся ў парафіян. Важны ўрок даў мне неяк маленькі хлопчык. У перадсвяточны час — перад Раством Хрыстовым — кожную раніцу ў 7.45 мы праводзілі Рараты. Дзецям вельмі падабалася прыходзіць у касцёл, нават папрасілі ў дырэктара школы раней пусціць аўтобус. Аднойчы перад зачыненымі дзвярамі храма я застаў хлопчыка — ён пешшу пераадолеў тры кіламетры і прыйшоў раней за ўсіх. Гэта стала для мяне матывацыяй.

Такія ўрокі, упэўнены ксёндз Юрый, жыццё дае нам кожны дзень. Толькі трэба ўмець вучыцца — дапамагаць, спагадаць, дараваць, рабіць дабро…

Пяць пытанняў ксяндзу Юрыю

— Скажыце, калі ласка, у Вас ёсць захапленне? Ці на гэта не стае часу?

— Вольнага часу сапраўды не так і многа. Сваё захапленне — а гэта музыка — я магу рэалізаваць падчас святой імшы. У дзяцінстве скончыў музычную школу па класе "труба". З хору мяне тады, праўда, выключылі. Аднак пазней, у старэйшых класах, настаўнікі "разгледзелі" не толькі слых, але і голас.

— У Вас бывае адпачынак?

— Па кананічным праве ксёндз, як і кожны чалавек, мае права на месяц адпачынку. Толькі калі яго браць?! Столькі клопатаў. За восем гадоў службы ні разу не выкарыстаў яго поўнасцю. Звычайна на 5 — 7 дзён еду да бацькоў у Астравец. У іх ёсць дача, агарод. Цішыня, прырода — словам, прыгажосць!

— Існуюць так званыя намоленыя месцы, святыні, дзе збіраюцца мільёны паломнікаў з усяго свету. Дзе для Вас такія месцы?

— З асаблівай радасцю схіляю калені перад цудатворным абразом Маці Божай Тракельскай, а таксама ў сваім касцёле. Згодны, што атмасфера ўздзейнічае, спрыяе малітве, дыялогу з Богам, аднак у першую чаргу важны ўнутраны свет. Атмасфера — не аснова маёй веры.

— Аб чым Вы марыце?

— Мары розныя. Калі казаць пра надзённае, то гэта і замена дарагіх і непасільных прыхаджанам вокнаў у касцёле, і музычнае суправаджэнне Імшы, і (усміхаецца) свой агарод у Цудзенішках… А калі сур’ёзна, то галоўнае, каб слова Божае гучала і даходзіла да сэрца кожнага.

— 25 ліпеня ў вашай парафіі свята Святога Якуба. Як будзеце яго адзначаць?

— Імша, прымеркаваная да парафіяльнага свята, пройдзе ў нядзелю, 22 ліпеня а 10 гадзіне. Паколькі 25 ліпеня Касцёл успамінае не толькі Святога апостала Якуба, але і Святога Крыштафа (Хрыстафора) — апекуна вадзіцеляў, маракоў, падарожнікаў і пілігрымаў, то ў гэты дзень па традыцыі будзем асвячаць машыны і бласлаўляць вадзіцеляў. Акрамя таго, пройдзе асвячэнне Крыжовага шляху і алтара Багародзіцы. Плануецца музычнае суправаджэнне.

Паводле "Ашмянскі веснік"

 

Рэдагавана: 20 Ліпеня 2018