Падчас урачыстасцей у дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч афіцыйна аб’явіў аб прызначэнні новага кусташа санктуарыя, якім стаў кс. Юрый Бяганскі. За тыдзень да гэтай падзеі мясцовыя вернікі сардэчна прынялі яго як пробашча парафіі. Як адчувае сябе на новым месцы святар і ці будуе якіясьці планы адносна развіцця марыйнага культу на тэрыторыі санктуарыя? Пра гэта і многае іншае ў спецыяльным інтэрв’ю.
– Кс. Юрый, віншуем Вас з абраннем на новую пасаду! І нават, трэба заўважыць, не на адну. Падзяліцеся, калі ласка, ці было гэтае рашэнне нашага ардынарыя для Вас нечаканасцю?
– Па праўдзе, я пакуль што яшчэ не магу да канца ўсё ўсвядоміць... Разумею, што атрымаў новае поле для душпастырскай дзейнасці. А гэта новыя выклікі, заданні, адказнасць. Магу з упэўненасцю сказаць: буду рабіць у парафіі ўсё магчымае, што ад мяне як святара залежыць.
– Вы прыбылі ў парафію ў Тракелі як пробашч за тыдзень да штогадовых ліпеньскіх урачыстасцей. Ці адчувалі разгубленасць з-за кароткага тэрміну, які неабходны і для адаптацыі на новым месцы, і для належнай падрыхтоўкі дыяцэзіяльнага свята?
– Я ў гарачай вадзе купаны! (смяецца – заўв. аўт.). Насамрэч, мне нічога ў жыцці не даецца лёгка. Але мяне ніколі гэта не спыняе, наадварот – разахвочвае. Заўсёды адчуваю дапамогу “зверху”. Дзякуючы гэтай падтрымцы бачу, як усе складанасці з часам вырашаюцца, усё задуманае ажыццяўляецца.
Наш ардынарый адкрыты на Святога Духа, і я з пакорай прыняў Божы Провід. А яшчэ мне пашчасціла сустрэць тут адкрытых і чулых людзей. На наступны дзень пасля таго, як атрымаў ключы ад святыні, склікаў актыўных парафіян і паведаміў, што мне патрэбна дапамога. Адразу сфарміраваўся штаб адказных вернікаў. Кожны з іх сабраў сваю каманду – і справа падрыхтоўкі да ўрачыстасцей пачалася!
Вельмі прыемна, што людзі тут гатовыя ахвяраваць свой час і здольнасці. Запэўніваюць, што ім не надта па сілах пасадзейнічаць у нейкіх матэрыяльных справах, але, як кажуць, “нашы рукі заўсёды гатовы да працы”. Бачу, што і мясцовыя ўлады ідуць насустрач. Думаю, мы ўсе спрацуемся для таго, каб Тракелі былі вядомым духоўным і турыстычным цэнтрам.
– Маеце нейкія канкрэтныя планы на гэты конт?
– У наступным годзе будзем святкаваць 25-годдзе ўстанаўлення ў Тракелях дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Каралевы Нашых Сем’яў, 10-годдзе каранацыі цудадзейнага абраза, а таксама 220 гадоў з моманту пабудовы мясцовага касцёла. Вядома, чакаецца шмат гасцей. Хочацца, каб усё было на ўзроўні. У планах – акультурыць прылягаючую да святыні тэрыторыю, надаць асаблівую ўвагу пілігрымкам, якія, на жаль, з кожным годам усё меншаюць. А яшчэ ў перспектыве разглядаю рэформу традыцыйнай праграмы ўрачыстасцей.
– Лічыце, пілігрымковы рух недастаткова развіты?
– Сёння ў Тракелі ідзе 5 пешых пілігрымак: з Гродна, Ваўкавыска, Навагрудка, Іўя, Ашмянаў. Лічу, што для дыяцэзіі з такой вялікай колькасцю католікаў гэтага вельмі мала. Трэба развіваць у вернікаў цікавасць да пешых паломніцтваў... Пакуль не бачу канкрэтных крокаў, якія трэба зрабіць у гэтым накірунку, але мэта, бясспрэчна, будзе дасягнута. Абавязкова. Для гэтага давядзецца зрабіць каласальную працу і пераглядзець усю структуру, якая задзейнічана ў пілігрымковым руху ў нашай дыяцэзіі.
– А што зараз, на Ваш погляд, знаходзіцца на годным узроўні? Што трэба берагчы і захоўваць?
– Сёння ў дыяцэзіяльны санктуарый у прыгожых святочных уборах прыязджаюць “першакамунійныя” дзеці. Яны скіроўваюцца да абраза Маці Божай Тракельскай, каб падзякаваць за дар Эўхарыстыі. Можа, я і максімаліст, але хочацца, каб кожная парафія мела такую цудоўную традыцыю.
Не менш прыгожым звычаем з’яўляюцца сустрэчы ў дыяцэзіяльным санктуарыі такіх груп вернікаў, як Апостальства вечнай малітвы за святароў “Маргарытка”, Колаў Жывога Ружанца, Францішканскага ордэна свецкіх... Добра было б, каб усе рухі і душпастырствы нашай дыяцэзіі знаходзілі час на спатканне ў марыйным санктуарыі і даручэнне Маці Божай сваіх праблем і цяжкасцей, поспехаў і радасцей.
– Наколькі Вам блізкія Тракелі? Ці маеце асабістую гісторыю, звязаную з гэтым месцам?
– Упершыню я трапіў у Тракелі ў 2000 годзе пілігрымам, быў яшчэ школьнікам. Тады я разам з групай з Ішчолна далучыўся да пешай пілігрымкі Ваўкавыск – Тракелі. Памятаю, колькі ў мяне было захаплення! Такое цікавае падарожжа: у дарозе пяюць песні, начлегі ў незнаёмых людзей... Другі раз я пайшоў у пілігрымку ўжо кандыдатам у семінарыю. Адчуваў вялікі гонар, выбраўшы такую жыццёвую дарогу. Крочыў да Марыі з інтэнцыяй, каб Яна выпрасіла ў Сына неабходныя ласкі і сілы для майго далейшага служэння. Я на самым пачатку свайго шляху непакоіўся аб тым, ці змагу годна несці душпастырскую паслугу. І давяраў Марыі... Дыяканскую практыку я праходзіў у Тракелях.
– Адчуваеце прыстунасць Марыі ў Вашым жыцці?
– Да Маці Божай я звяртаюся штодня. Заўважаю, калі аддаю ў малітве цяжкасці свайго жыцця, заўсёды адчуваю падтрымку. Усё, што прашу на ружанцы, атрымліваю.
Калі я спыняюся і гляджу з боку на сваё жыццё, разумею, што Марыя заўсёды са мною побач. Я нарадзіўся напярэдадні літургічнага ўспаміну Маці Божай Грамнічнай. Пасля назначэнняў неаднаразова прыязджаў у парафіі на марыйныя святы. Так было, напрыклад, калі прыбыў у радунскую парафі Маці Божай Ружанцовай. Гэта адбылося ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. У лідскую парафію Святой Сям’і я прыехаў у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. І нават сваім пакліканнем да святарства я абавязаны Маці Божай. Як аднойчы высветлілася ў размове з маім далёкім сваяком па мацярынскай лініі, ён ажно 15 разоў хадзіў у пілігрымцы ў Чанстахову з адной пэўнай інтэнцыяй: каб хтосьці з яго родных стаў святаром. Я бясконца ўдзячны свайму сваяку за вымаленую для мяне сцежку, а Марыі – за тое, што выпрасіла ў Сына такі дар.
– З якім дэвізам крочыце па святарскім шляху?
– Марыя, вядзі нас да свайго Сына!
– Поспехаў Вам! Няхай усё задуманае атрымаецца.
– Вялікі дзякуй. Праз рукі Марыі!
Даведка
Кс. Юрый Бяганскі нарадзіўся 01.02.1983 года. Паходзіць з парафіі Ішчолна (дэканат Шчучын). У 2001 годзе паступіў у Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю. Святарскія пасвячэнні прыняў з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча 24.11.2007. У 2008 годзе служыў вікарыем у парафіі Маці Божай Ружанцовай у Радуні, у 2008–2012 гадах – у парафіі Святой Сям’і ў Лідзе, у 2012–2018 гадах – у парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе. З 2014 года апекаваўся капліцай Маці Божай з Лурд у лідскай бальніцы. У 2017 годзе выдаў малітоўнік для хворых. Скончыў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт ім. Яна Паўла ІІ. Мае ступень ліцэнцыята ў вобласці літургікі.
Ангеліна Пакачайла