Ужо год мінуў, як па ўзнагароду да Пана адышоў светлай памяці кс. Леанід Нясцюк. Адкрыты, добры чалавек, верны пакліканню душпастыр. Сваімі ўспамінамі пра былога пробашча дзеляцца вернікі парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах (дэканат Астравец).
Кс. Леанід Нясцюк служыў пробашчам у гервяцкай парафіі з 1996 года. За гэты час дзякуючы яго намаганням была цалкам адноўлена мясцовая святыня: перакрыты дах, пакладзена плітка, пафарбаваны фасад. Па задуме святара на прыкасцёльнай тэрыторыі спілаваны таполі, выкарчавана карэнне, завезена зямля. Вакол святыні высаджаны парк вечназялёных хмызнякоў.
“Ні адна расліна не загінула, – распавядае Віктар Ёдка, які дапамагаў кс. Леаніду ствараць прыгажосць каля касцёла. Ён і сёння даглядае за паркам. – А пачалося ўсё з таго, што аднойчы ляснік з Іўеўскага раёна, дзе кс. Леанід служыў пробашчам на працягу 14-ці гадоў, паказаў, як правільна высаджваць дрэвы. Той зацікавіўся. Потым звяртаўся за парадамі да кс. Юозаса Булькі, які на той час акультурыў плошчу вакол касцёла ў Мосары. Крок за крокам – і зараз маем такі шыкоўны від ля святыні!”.
З-за адметнай прыгажосці госці мястэчка празвалі Гервяты “жамчужынай Беларусі”, параўноўваючы іх з маленькай Швейцарыяй ці французскім Версалем, а непасрэдна сам касцёл – “беларускім Нотр-Дамам”. “Кс. Леанід праславіў Гервяты на ўвесь свет! – гаворыць Віталій Сыс. – Ён быў працалюбівы, творчы, крэатыўны. Імкнуўся паказаць людзям гармонію паміж знешняй і ўнутранай прыгажосцю, якая павінна быць у чалавеку. Заўсёды знаходзіў час, каб паразмаўляць з парафіянамі. Адрозніваўся ўважлівасцю, чуласцю. Яго шчыра цікавіла, чым людзі жывуць”. Неаднаразова святара заўважалі ў акружэнні незнаёмых людзей, гасцей мястэчка. Ён лёгка знаходзіў агульную мову з чалавекам, быў адкрыты, ветлівы і добразычлівы. З задавальненнем паказваў мясцовую святыню, распавядаў пра яе гісторыю.
"Кожны святар валодае пэўным дарам, – адзначае Ганна Стэфановіч. – Мне здаецца, кс. Леанід меў дар бачыць душу чалавека. Ён умеў выцягнуць на паверхню самае лепшае, што ёсць у душы. Часта нехта мог папросту і не ведаць гэта пра сябе! Вельмі любіў людзей… Жыў перакананнем: дрэнных людзей няма. Быў упэўнены, што чалавека робяць злым нейкія цяжкія абставіны, непрабачаныя крыўды. Заўсёды знаходзіў у асобе нешта добрае, светлае. Людзі яго таксама вельмі любілі”.
Як адзначаюць парафіяне, кс. Леанід меў добрае пачуццё гумару, часта жартаваў. Запомніўся пазітыўным чалавекам: яго не бачылі без настрою, панурым. Ніколі не скардзіўся на жыццё, хоць цяжка цярпеў па стане здароўя. Дарэчы, пра гэта ніхто нават і не здагадваўся: усе цяжкасці святар маўкліва складаў на Божы алтар. Вернікі моляцца за яго душу і спадзяюцца, што былы пробашч ужо цешыцца ўзнагародай у Небе. Памінальная св. Імша з нагоды першай гадавіны смерці кс. Леаніда Нясцюка адбылася ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах 24 сакавіка. Яе ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Ангеліна Пакачайла, паводле "Слова Жыцця"