Кожны тэкст можна разабраць на літары, кожную карціну – на фарбы, а кожную песню – на ноты. Але мала каму вядома, што ўсе музычныя творы ў некаторым сэнсе будуюцца на аснове старадаўняга царкоўнага гімна “Ut queant laxis”, прысвечанага св. Яну Хрысціцелю. Менавіта першыя радкі гэтага твора былі ўзяты за назвы нот. У гімне спевакі просяць слыннага святога ачысціць вусны ад граху, каб маглі чыстымі галасамі славіць яго цуды.
Сёння прапануем пазнаёміцца з некаторымі музыкантамі, якія праз сваю дзейнасць нясуць людзям Бога. Усе яны ў адзін голас сцвярджаюць, што малітва ў суправаджэнні музыкі хутчэй дасягае Неба, заахвочвае чалавека да разважанняў над сваёй існасцю, сэнсам жыцця, месцам у свеце.
Таленты на тое, каб імі дзяліцца
Анна Кулікоўская працуе выкладчыкам харавых дысцыплін у Дзіцячай музычнай школе мастацтваў ім. Ю. Семянякі ў Гродне. Паралельна з гэтым кіруе моладзевым вакальным ансамблем “Liberamente” ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля, “падцягвае” вакал у акцёраў мясцовага тэатра імя св. Яна Паўла ІІ.
Музыка запаўняе амаль усё жыццё дзяўчыны, з’яўляецца часткай яе асобы. Як да гэтага прыйшла – і сама не памятае. Але цвёрда ўпэўнена ў тым, што знаходзіцца на правільным шляху.
– Мяне заўсёды кранала прыпавесць пра таленты, уражваў той вялікі сэнс, які ў ёй закладзены: трэба памнажаць свае таленты, не хаваць іх, а дзяліцца з іншымі. І таму, калі аднойчы выкладчык у музычнай школе, дзе вучылася, прапанаваў мне паступаць у музычны каледж, я задумалася, што праз музыку змагу дзяліцца сваім талентам і потым нават адкрываць і развіваць яго ў іншых. І рызыкнула.
Не ўтойваю, было няпроста. І зараз нялёгка… Да слова, рэпетыцыі ў нашым ансамблі звычайна праходзяць 2 разы на тыдзень. Здараюцца і часцей. Парою даводзіцца рабіць дадатковыя сустрэчы, ахвяруючы свой вольны час, – самі дзеці прагнуць гэтага. Шмат часу затрачваецца на пошук цікавага рэпертуару. Але для мяне вельмі важным і вызначальным з’яўляецца вынік працы! Яго бачу ў шчырым жаданні дзяцей спяваць, праз музычныя творы праслаўляць Стварыцеля. Цешуся, што магу дапамагаць у гэтым маладым людзям.
Чароўная сіла музыкі
Віталій Шмурай спявае ў дыяцэзіяльным хоры “Cantate Domino”. На ўрачыстасці і святы сольна выконвае псалмы.
А пачалося ўсё з роднай парафіі, дзе хлопец разам з мясцовай моладдзю спяваў і іграў на гітары падчас літургіі. Дарэчы, музычнай адукацыі малады чалавек не мае. Яго проста заўсёды вабіў гэты дзіўны меладычны свет.
– Вельмі важна тое, што музыка ў сабе нясе. Веру, што прыгожая мелодыя і пакладзены на яе тэкст могуць тварыць з чалавекам цуды: уплываць на яго, змяняць паводзіны і нават унутраны свет. Музыка здольна абудзіць чалавека ад штодзённай мітусні, адцягнуць яго ўвагу ад нейкіх матэрыяльных рэчаў. Музыка нагадвае аб тым, што ў гэтым свеце ёсць нешта больш важнае, духоўнае...
Я шчаслівы, што выхаваны ў веры. Гасподзь вельмі шмат мне дае. Адчуваю і бачу праяўленне Яго любові ў жыцці. Бязмерна ўдзячны Усемагутнаму за ўсё тое, што са мной адбываецца, і таму хачу служыць Яму, аддаваць часцінку сябе. Праслаўляючы Бога ў спевах, нагадваю людзям пра найвялікшую любоў Айца да свайго стварэння. Гэта набліжае кожнага – як выканаўцу, так і слухача – да Бога, да Яго чыстай любові. Упэўнены, дзякуючы музыцы ўсе мы можам стаць лепшымі, больш добрымі і чулымі адзін да аднаго.
На хвалу Бога
Павел Кмецік – дырыжор. Скончыў кансерваторыю ў Маскве. Да 2011 года выконваў функцыі ваеннага дырыжора Гродзенскага гарнізона. Зараз на заслужаным адпачынку, але працягвае творчую дзейнасць. На працягу 24-ох гадоў мужчына ў складзе аркестра суправаджае гарадскія працэсіі падчас урачыстасцей Божага Цела і Вялікадня.
– Яшчэ мой бацька распавядаў, што да 1939 года касцёльным урачыстасцям у Гродне заўсёды спадарожнічаў ваенны аркестр. Ды і я, шчыра кажучы, быў моцна ўражаны, калі назіраў па тэлебачанні трансляцыю аўдыенцыі польскага войска ў Ватыкане. Іх аркестр так упрыгожваў літургію! І мы вырашылі ў якасці эксперыменту паспрабаваць уласныя сілы. Неяк закруцілася – і даўняя традыцыя адрадзілася. Зараз касцёльныя святы, як мне здаецца, праходзяць на належным узроўні. Гэта можа нават прывабліваць некаторых няверуючых у святыню: з цікаўнасці. Я якраз з’яўляюся прыхільнікам таго, каб людзі прыходзілі, хоць і несвядома на пачатку. Мяркую, гэта ў любым выпадку лепей, чым іх раўнадушная адсутнасць на дадзены момант.
Не сакрэт, што сёння прафесія духавіка вымірае. І нават сам сутыкаўся з сітуацыяй, калі музыкантаў у аркестры не хапала, і даводзілася самому браць саксафон і іграць. Гэта цэлае мастацтва ў дзейнасці дырыжора – падрыхтаваць састаў так, каб ён адчуваў сябе спаяным, упэўненым. Я давяраю сваім музыкантам і магу ў любы момант цалкам на іх пакласціся.
У будучым мару выдаць усе існуючыя напрацоўкі. Асобнымі цыкламі – песні на Вялікі пост, працэсію Божага Цела, урачыстасці Божага Нараджэння, Вялікадня. Маем шырокі рэпертуар. І таму сумна, калі падчас развітальнай працэсіі ў мільённы раз гучыць “Пахавальны марш” Шапэна. А такі сборнік мог бы прапанаваць музыкантам у касцёле разнастайную подборку твораў на выбар.
Для людзей
Бруна Тэрмён – піяніст. Скончыў кансерваторыю ў Мінску. Выкладае ў музычным каледжы ў Гродне. Каля 20-ці гадоў служыў арганістам у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя.
– З арганам звязана ўся мая сям’я. І дзед, і бацька, дзядзька і цётка – усе былі арганістамі. Таму я літаральна рос пад гукі гэтага велічнага інструмента. І захапляўся. Нездарма арган называюць каралём музычных інструментаў. Гэта практычна аркестр у руках аднаго чалавека!
На пачатку 2000-х, калі я служыў у катэдры, атрымалася арганізаваць у касцёле арганны фестываль, каб паказаць людзям прыгажосць гучання адметнага інструмента. На канцэртах збіралася шмат людзей – назіралася зацікаўленасць. Але каб мець працяг падобнай гісторыі, неабходны шэраг адпаведных умоў. Арган – дарагі ў абслугоўванні інструмент. І таму патрабуе належнага догляду, перыядычнай настройкі і фінансавых укладанняў. Нядаўна размаўляў з пробашчам катэдры наконт адраджэння ідэі з правядзеннем арганных канцэртаў у галоўнай святыні дыяцэзіі, і высветлілася, што ўсё можа адбыцца ўжо ў бліжэйшы час. Ёсць зацікаўленыя людзі, гатовыя дапамагчы ў арганізацыі мерапрыемства. Выдатна!
На дадзены момант фестывалі арганнай музыкі праводзяцца ў нас у каледжы. Але месца гэта выбрана, хутчэй, як выключэнне з правіл: у больш за 90% выпадкаў падобныя фестывалі арганізоўваюцца ў святынях, дзе ні з чым не параўнальная акустыка. Спадзяюся, усё атрымаецца, і вядомыя музыканты з усяго свету ўжо хутка парадуюць нас сваёй творчасцю ў сценах гродзенскай катэдры! А пакуль запрашаю ўсіх на канцэрты ў музычны каледж, якімі 16 і 23 лістапада ў 19.00 завяршаецца ІV Міжнародны фестываль арганнай музыкі ў нашым горадзе.
22 лістапада Касцёл успамінае св. Цэцылію – апякунку касцёльнай музыкі і спеваў, а таксама музыкантаў і спевакоў.
Ангеліна Пакачайла, паводле "Слова Жыцця"