Нядзеля. Халодны золкі дзень. Мы імчым на св. Імшу ў невялічкую вёску Пескі*. За рулём – пробашч мясцовага касцёла. Каля святара – яго парафяінка, мастачка. А побач са мною сядзіць “Езус”. Ён спяшаецца заняць сваё месца ў святыні, як дагэтуль шэраг іншых адрэстаўраваных скульптур.
Аднаўленнем убранства касцёла тутэйшая дзяўчына Таццяна Шэйно займаецца ўжо на працягу некалькіх гадоў. Першую працу для роднай святыні яна выканала ва ўзросце 20-і гадоў. Адрэстаўравала фігуру Марыі: нанова вылепіла зламаную руку і асвяжыла строй Найсвяцейшай Панны.
Ксёндз, сцяміўшы, што натыкнуўся на руплівага майстра і вялікі патэнцыял, пачаў перыядычна звяртацца да дзяўчыны з просьбамі штосьці “падлатаць”. Паступова ў касцёле з’явілася адноўленая памятная табліца, зазіхацелі пазалотай драўляныя элементы алтароў, калядная шопка папоўнілася новымі героямі і палаючай зоркай, а велікодныя дэкарацыі набылі масштабу. Звонку святыні вернікаў цяпер сустракае “ўваскрослы” Езус, а ў працэсіі вакол касцёла ўдзельнічаюць новыя фігуры святых і “ажыўленыя” харугвы.
Адзін са сваіх твораў для парафіі Таццяна ўзгадвае як “самую цяжкую, але і самую «цёплую» працу за ўсю практыку”. Дзяўчына пісала абраз Маці Божай Ружанцовай – апякункі яе роднага касцёла.
“Падчас працы над абразом я амежавала ўсе кантакты з сябрамі, калегамі, знаёмымі. Старался, каб усе мае думкі ці ўчынкі былі сціснутымі, скаванымі, каб была меншая верагоднасць здзейсніць штосьці дрэннае, амаральнае. Дзесьці праскочыла нядобрае слова – адразу бегла ў касцёл спавядацца”,- дзеліцца мастачка.
Дзяўчына імкнулася, каб у перыяд працы над выявай Беззаганнай, уся яе існасць заставался чыстай. Была ўпэўнена, што ад стану душы і сумлення аўтара будзе залежыць і ўспрыняцце абраза вернікамі.
“Я хацела, каб аблічча Марыі адначасова перадавала дзьве эмоцыі. Радасць ад таго, што Яна прыціскае да сэрца сваё Дзіця, і скруху ад разумення, што Сына Божага не спасцігне лёгкая доля ў гэтым жыцці”, - распавядае Таццяна.
Але напісаць твар Марыі ў мастачкі ніяк не атрымлівалася: “вочы выходзілі нежывымі, эмоцыі - мёртвымі”. Пасля бясконцай колькасці спробаў дзяўчына вырашыла пайсці ў касцёл і пагаварыць з Ёй. “Я стала перад першым абразом Маці Божай, які ўбачыла, і проста папрасіла дазволу напісаць Яе, - узгадвае Таццяна.- Вярнуўшыся дадому, я на працягу 4-ох гадзін пісала вочы Святой Панны. Скончыўшы, была моцна задаволеная вынікам і супакоілася”.
Нібы ў пацверджанне эфекта, парафіяне, калі ўбачылі абраз, адразу адзначылі: “Як цікава, Марыя нібы ўсміхаецца і плача адначасова”.
Дарэчы, “дамаўляцца” з Маці Божай дзяўчыне давялося не ўпершыню. У яе жыцці быў выпадак, калі пасля смерці блізкага чалавека ў сэрцы затаілася крыўда на Бога. Таццяна зняла з сябе крыжык і вырашыла не хадзіць у касцёл. “Праз пэўны час да мяне ў сне прыйшла Марыя, якая моцна плакала і прасіла мяне вярнуцца. Уся мокрая, я прачнулася сярод ночы і адразу надзела свой крыжык. Больш яго ніколі не здымала”,- узгадвае дзяўчына.
Таццяна цяпер жыве ў Гродне. Амаль кожныя выхадныя прыязджае ў сваё мястэчка, каб працягваць розныя аднаўленчыя працы. “Яны патрабуюць шмат часу. На адну толькі невялічкую скульптуру затрачваецца каля тыдня”, - распавядае дзяўчына. Але яна не шкадуе асабістага часу і мае шмат планаў адносна “адраджэння” святыні.
“У будучыні хацелася б асвоіць тэхніку роспісу па шклу і аздобіць аднатонныя вітражы ў касцёле біблейскімі сюжэтамі”, - дзеліцца некаторымі ідэямі Таццяна.
Мастачка заўважае, што чым больш сіл аддае працы над сакральным, тым больш атрымлівае наўзамен у прафесійным плане. “Як толькі бяруся за працу над чарговым аб'ектам, заўсёды раздаецца тэлефонны званок і хтосьці робіць заказ: партрэт, роспіс сцяны і г. д. ”, - дадае з усмешкай Таццяна.
Магчыма, Усявышні вырашыў такім чынам аддзячыць дзяўчыне. Бо за працу для касцёла яна грошы амаль не бярэ: “толькі часткова за матэрыялы, або як сімвалічная ўзнагарода ад ксяндза”.
Асновы творчасці Таццяна спасцігала ў дзіцячай мастацкай школе, куды яе ўзялі ў 9-гадовым узросце, а не як прынята – у 12-гадовым. Там яна намалявала сваю першую працу на хрысціянскую тэму, даўшы ёй зусім не дзіцячую назву –“Цяжар крыжа“.
“Мне рэлігійная тэма блізкая з малых гадоў. Я расла пры касцёле. Кожную нядзелю мела адказную місію – пасыпаць кветкамі шлях падчас працэсіі”, - дадае дзяўчына.
Таццяна таксама адзначае, што праца над сакральнымі і свецкімі вобразамі моцна адрозніваецца: “Калі пішу партрэт пляменніцы з кветкамі ў руках, магу разгуляцца з колерам ці выбарам расліны. Але, напрыклад, напісаць Маці Божую ў ружовай сукенцы і з букетам рамонкаў я не магу. У творах рэлігійнай тэматыцы кожны элемент, кожнае адценне мае сваё асаблівае значэнне, таму яны патрабуюць большай засяроджанасці і ўдумлівасці…”
***
Таццяна Шэйно працуе як мастак-педагог, займаецца індывідуальным роспісам сцен і выконвае творчыя заказныя працы розных жанраў і напрамкаў. Кожную вольную хвіліну прысвячае творчасці “для душы”. Прымае ўдзел у шматлікіх мастацкіх выставах.
Скончыла Дзіцячую мастацкую школу ў Мастах, Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў і Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. Машэрава.
*Пескі – вёска ў Мастоўсікм р-не (заўв. аўт.)
Ангеліна Марцішэўская