Стаса „Сіняга” можна амаль штодзённа спаткаць у касцёле. Заўсёды ў тотал блэк: чорныя боты, чорныя штаны і чорная кашуля з доўгімі спушчанымі рукавамі. За шчыльнай тканінай ён хавае татуіроўкі, якія займаюць 50 адсоткаў яго цела і з’яўляюцца апошнім напамінам пра “дзікае” мінулае. Год назад хлопец вырашыў, што зацяжныя п’янкі, брыдкаслоўе, бессэнсоўныя адносіны і бясконцая нервовасць у яго жыцці павінны вызваліць крыху месца для… Але для чаго, Стас сам да канца не разумеў.
Хрост
“Са мной працаваў адзін пратэстант, які часта розныя пабожныя тэмы прасоўваў. Шчыра кажучы, мяне гэта раздражняла, і я даў яму мянушку, якая цвёрда за ім замацавалася – Багамол. Той пакрыўдзіўся і неяк выпаліў: “Усе неахрышчаныя трапяць у ад!”. Я, у той момант вычарпаны двума няўдалымі шлюбамі , адсутнасцю сапраўдных сяброў і алкаголем, падумаў: ”Дзяцінства цяжкае было, да гэтага часу цярпеў, ды яшчэ і пасля смерці пакутаваць?!”, - узгадвае Стас, распавядаючы, што падштурхнула яго прыняць хрост.
Ён прызнаецца, што не збіраўся станавіцца практыкуючым вернікам і планаваў наведаць касцёл толькі двойчы: “адзін раз сам прыйду , а пасля - мяне ўжо прынясуць”.
У касцёльный “тусоўцы”
Хлопцу параілі звярнуцца ў гродзенскую парафію айцоў францішканаў, дзе ён пазнаёміўся з а. Яўгенам, які пазней і рыхтаваў яго да прыняцця сакраманту. “Манах сказаў, што мне патрэбны хросныя , але я запярэчыў: “Навошта? Я ўжо не дзіця. Ды і выбіраць няма з каго. Мае сябры прыйдуць толькі тады, калі скажаш, што нальюць”. А. Яўген уздыхнуў і сказаў, што сам знойдзе мне хросных”, - распавядае Стас.
І знайшоў - маладое сужэнства. Хросныя падышлі да справы з адказнасцю і запісалі ахрышчанага на евангелізацыйны курс “Альфа”, дзе і пачалося больш глыбокае знаёмства Стаса з хрысціянствам. “Там я сустрэў вельмі добрых людзей. Але спачатку не паверыў у іх міласэрнасць. Думаў, што яны добрыя толькі ў нядзелі, калі ў касцёл прыходзяць, а ў рэшту часу – злыя, як сабакі. Але не, аказалася, сапраўды добрыя”,- дзеліцца Стас.
Хлопца здзіўляла, што гэтыя людзі, таксама маючы турботы і клопаты, умеюць захоўваюць радасць і дзяліцца ёю з бліжнім.
Стас на Альфа-уікэндзе з членамі моладзевага душпастырства "OPEN"
“Дагэтуль я меў зусім іншыя ўяўленні пра веруючых. Калі на “Альфа” курсе мяне запрасілі на першую супольную вячэру, я нават спалохаўся. Ну вось, зараз пачнецца…Папросяць прадаць машыну і перавесці грошы на іх рахунак! Але нічога падобнага не адбылося: усе проста атрымлівалі асалоду ад добрай кампаніі, жартаў і страў”,- дадае з усмешкай Стас.
Праз пэўны час ён сам стаў часткай гэтай супольнасці: з’яўляецца членам моладзевага душпастырства “OPEN” і грае ў аднайменным гурце, удзельнічае ў шматлікіх дабрачынных акцыях і курыруе курс “Альфа”.
Раней Стас граў ва ўласнай рок-групе. Ён дзякуе Богу за прысутнасць "цяжкай" музыкі ў яго жыцці, якая натхніла яго авалодаць тэхнікай ігры на гітары
Стас падчас выступу гурту "OPEN" у Капцёўцы
“Я не бачу Бога, але перамены ўва мне пераконваюць у Яго існаванні”
Калі задаеш Стасу пытанне якія бачныя змены адбыліся ў яго жыцці пасля таго, як у ім з’явіўся Бог, ён пералічвае некалькі рэчаў: канец п’янству, новая творчая праца і адмова ад брыдкаслоўя. Апошнім ён ганарыцца больш за ўсё:
“Усе ведаюць, што больш за астатніх мацюгаюцца дзве катэгорыі людзей: ваенныя і будаўнікі. Я будаўнік з сям’і ваенных: без мата ўвогуле не ўмеў размаўляць. А цяпер нават мае калегі адзначаюць, што я стаў культурным. Кажуць, часам па твары бачна, што хачу якую-небудзь пахабшчыну выдаць, але стрымліваюся”, - адзначае Стас.
Гармонія дасягнута
Стас рос і сталеў у атачэнні людзей, якія “толькі яйкі свенцілі або верылі ў душы”. Ён не ўтойвае, што яму цяжка прыняць некаторыя хрысціянскія ісціны і быць пастаянным у малітве, але ён стараецца.
„Я адкрыў для сябе Трыадзінага Бога. Бог-Айцец замяняе мне бацьку, які не прымаў аніякага ўдзелу ў маім жыцці. У асобе Бога-Сына я здабыў сябра, да якога заўсёды магу звярнуцца за парадай. А калі неабходны сілы, каб стаць лепшым, малюся да Святога Духа ”, - кажа хлопец.
“Я «узлюбіў бліжняга свайго», - дадае з усмешкай Стас. – А праз гэта навучыўся адчуваць любоў Бога”.
Але галоўнае, што прыўнёс Пан у жыццё Стаса, – гэта пачуццё радасці незалежна ад абставін. Ён лічыць сябе шчаслівым чалавекам і часцей моліцца ў інтэнцыі патрабуючых.
Ангеліна Марцішэўская