25 ліпеня ўзгадваем св. Хрыстафора, апекуна кіроўцаў і падарожнікаў. Пра цікавыя сітуацыі, з якімі сутыкаецца на сваім шляху, распавядае шматгадовы кіроўца фуры, што калясіць па свеце з малітвай на вуснах.
Ён аб’ездзіў каля 15-ці краін свету, праехаў сотні тысяч кіламетраў. Шмат дзе быў, шмат што бачыў. Але ён не перастае здзіўляцца багаццю гэтага свету, праз што адкрывае для сябе прыгажосць Стварэння. Асабліва яго ўражвае вера, якая адна на ўсіх, але такая разнастайная.
Як прывёў пратэстанта ў касцёл
Алег Сенкель з Гродна займаецца грузаперавозкамі 8 гадоў. У гэтым яму дапамагае жонка – вядзе бухулік. Разам з 2-ма маленькімі сынамі яны кожны раз чакаюць тату з дарогі на гарачую вячэру.
Алег стараецца не затрымлівацца ў шляху, каб максімальна больш часу праводзіць з сям’ёй. Выхадныя дні – па мажлівасці дома, таму да гэтага часу імкнецца вярнуцца з рэйса. Але здараюцца розныя выпадкі. Калі-некалі даводзіцца спыняцца ў чужой краіне. І тады Алег шукае парк ці стаянку паблізу касцёла, каб пайсці ў нядзелю на св. Імшу. Адзначае, што вельмі важна запланаваць “святы дзень святкаваць”, як прадпісана ІІІ Божай запаведдзю.
“Некалькі разоў я спыняўся на выхадных у Додрэхце, у Галандыі, – распавядае кіроўца. – Уладальнік кампаніі, да якога я ехаў, – пратэстант. Неаднаразова ён падвозіў мяне па просьбе ў касцёл. Першапачаткова чакаў на вуліцы, не згаджаючыся зайсці ўнутр. А апошні раз ён быў з жонкай і дзецьмі. Пасля св. Імшы якраз адпраўлялася маёвае набажэнства, выстаўляўся Найсвяцейшы Сакрамант. Стала неяк няёмка, што людзі чакаюць мяне столькі часу. І я выйшаў на хвілінку і запрасіў іх у святыню. Яны зайшлі… Бачыў, наколькі іх гэта ўразіла. І быў тым вельмі ўсцешаны”.
Жанчына ў арнаце?!
Жанчына ў арнаце?!
Па словах Алега, часам даводзіцца пераадолець 5–10 км пешшу, каб, увогуле, знайсці касцёл. “Аднойчы іду я па Гановеры, у Германіі, і бачу святыню, – успамінае. – Здаецца, нічым не адрозніваецца ад каталіцкай. Заходжу і бачу ля алтара… жанчыну ў арнаце! Адпраўляе св. Імшу. Спярша я замешкаўся, а потым зразумеў: знаходжуся ў пратэстанцкай святыні. Выйшаў і, на шчасце, літаральна праз метраў 300 натрапіў на касцёл”.
У размове з Алегам высвятляецца, што ў Еўропе вельмі часта каталіцкія святыні закрытыя на працягу дня, адкрываюцца толькі падчас цэлебрацыі св. Імшы. Іншая справа – у Польшчы, дзе і духавенства на вуліцах сустрэнеш часцей. Алег нават зрабіў сабе пастанову: як убачыць манаха ці законную сястру, моліцца ў інтэнцыі кансэкраванай асобы “Ойча наш”.
Кучаравыя валасы Маці Божай
Як адзначае Алег, у любым касцёле свету той жа парадак літургіі, тыя ж мелодыі – адрозніваецца толькі мова. Але ў сэрцы ты ўсё роўна разумееш сэнс усяго, што адбываецца, і таму свабодна злучаешся з прысутнымі ў вялікай таямніцы веры.
“У Бельгіі, у Антверпэне, я трапіў на св. Імшу ў грэка-каталіцкую святыню, – распавядае Алег. – І, як гэта не дзіўна гучыць, пачуў там… родную мову! Так далёка: больш за паўтары тысячы кіламетраў ад дома. На Эўхарыстыю сабралася беларуская дыяспара. Больш за ўсё мяне ўразіла, што на літургіі прысутнічалі і бельгійцы. Спецыяльна для іх святар чытаў Евангелле на балонскай мове. Пасля таго, як св. Імша скончылася, я не мог не пацікавіцца ў бельгійцаў, чаму яны прыходзяць на літургію, якая цэлебруецца на незразумелай ім мове. І што яны адказалі? «У вас на малітве адчуваем сакрум»”.
Суразмоўца з захапленнем узгадвае некаторыя асаблівасці ментальнасці “замежнай” веры, якія яго ашаламілі: “У Германіі здзівіла, што святую Камунію вернікі атрымліваюць у рукі і толькі пасля прымаюць да вуснаў. А ў Іспаніі ўразілі фігуры ў святыні. Яны выглядаюць як лялькі! Маці Божая – з вялікай пышнай прычоскай, кучаравымі светлымі валасамі, у струменістай блакітнай сукенцы. Фігуры не такія, як у нас, выразаныя з дрэва ці каменя, а ў прыгожым адзенні, парыках. Аказваецца, вернікі нават час ад часу мяняюць на іх нарады”.
Начлег у плябаніі
Алег з неахвотай успамінае дарожна-транспартнае здарэнне, у якое трапіў за мяжой. Прызнаецца, што падчас малітвы душу ахінаў супакой. Нібы хтосьці запэўніваў, што ўсё будзе добра. І дадае: заўсёды адчувае Божую апеку.
“Памятаю, аднойчы на зваротным шляху ў мяне зламаўся аўтамабіль. Прыехаў я ў аўтасервіс, а там працоўны дзень ужо скончыўся. Што ж, падумаў, вымушаны буду затрымацца. Пачаў шукаць начлег. І вось іду я вуліцамі горада Слубіцы, гэта было ў Польшчы, бачу касцёл, дзе гарыць святло. А ўжо змяркалася. Мяне гэта здзівіла. Зайшоў у святыню, памаліўся. Моладзь якраз рэпеціравала інсцэніраваны Крыжовы шлях. Паблізу стаяў святар. Я падышоў да яго, прывітаўся. І спытаў, ці знойдзецца для мяне які арэндны пакой, каб пераначаваць. Святар патлумачыў, што ў гэты час у парафіі праходзяць рэкалекцыі, таму шмат гасцей і месца, на жаль, няма. Я падзякаваў, укленчыў перад табернаклем і ўжо сабраўся пакінуць святыню, як ён аклікнуў мяне: «Пачакай! Хоць, ведаеш… будзе адно месца». Я вельмі ўзрадаваўся і пайшоў за ім. Святар прывёў мяне ў пакой у плябаніі і сказаў: «Тут пераначуеш». Раніцай я склаў ахвяру і разгаварыўся з закрыстыянінам. Распавёў яму пра ўчарашні выпадак, на што той усміхнуўся і сказаў: «А я думаю, чаго гэта ксёндз палез на гарышча са спальным мяшком»…”.
Алег упэўнены, што вера дапамагае ў дарозе пераадольваць усе цяжкасці, разлуку. “Я заўсёды малюся за сваю сям’ю, калі знаходжуся ў ад’ездзе, не побач, – гаворыць ён. – Жонка са свайго боку таксама абяцае малітоўную падтрымку. І я яе адчуваю”.
Ікона на мытні і набожны паліцэйскі Алег аб’ездзіў Расію, Украіну, Польшчу, Літву, Балгарыю, Румынію, Грэцыю, Германію, Бельгію, Нідэрланды, Францыю, Іспанію, Чэхію, Аўстрыю, Швейцарыю. Як заўважае, усе гэтыя краіны – хрысціянскія. “Балгарыя – праваслаўная. Памятаю, на мытні вісела вялікая ікона, – узгадвае ён. – Нямецкая Баварыя – каталіцкая. У дарозе мяне аднойчы спыніў паліцэйскі і прывітаўся: «Grüß Gott!», што ў перакладзе з нямецкай на беларускую – «Шчасці Божа!». Вельмі прыемна”.
Ікона на мытні і набожны паліцэйскі Алег аб’ездзіў Расію, Украіну, Польшчу, Літву, Балгарыю, Румынію, Грэцыю, Германію, Бельгію, Нідэрланды, Францыю, Іспанію, Чэхію, Аўстрыю, Швейцарыю. Як заўважае, усе гэтыя краіны – хрысціянскія. “Балгарыя – праваслаўная. Памятаю, на мытні вісела вялікая ікона, – узгадвае ён. – Нямецкая Баварыя – каталіцкая. У дарозе мяне аднойчы спыніў паліцэйскі і прывітаўся: «Grüß Gott!», што ў перакладзе з нямецкай на беларускую – «Шчасці Божа!». Вельмі прыемна”.
Па словах кіроўцы, дарога фарміруе, дае разуменне жыцця. “Едзеш і дзівішся, як Бог стварыў гэты свет. Ён нібы і такі вялікі, і ў той жа час такі маленькі… Работа, без сумненняў, у мяне цікавая. Я, напэўна, і падаўся ў кіроўцы, таму што не магу сядзець на месцы, мяне заўсёды цягне кудысьці наперад. Але, усё-такі, лепш падарожнічаць з сям’ёй. У пілігрымцы, напрыклад”, – дадае ў задуменні і ўсміхаецца.
Ангеліна Пакачайла