16 ліпеня ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгіцкі) с. Стэла Ядкоўская з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта адзначыць юбілей 50-годдзя манаскага жыцця. Назарэтанка, якую называюць апосталам гродзенскіх бальніц, цалкам прысвяціла сябе служэнню хворым і церпячым. Цягам тыдня с. Стэла наведвае 8 бальніц. За дзень абыходзіць каля 200 палат. Таксама дзякуючы яе намаганням ў горадзе над Нёманам паўсталі 4 шпітальныя капліцы, дзе пацыенты могуць памаліцца і прыняць удзел у св. Імшы.
С. Стэла, апранутая ў белы халат, з-пад якога віднее хабіт, сустракае мяне ля ўваходу ў анкалагічнае аддзяленне Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы. Пакуль ідзём доўгімі калідорамі, манахіня распавядае, што сваё служэнне ў гэтым шпіталі яна распачала ў далёкім 1966 годзе.
Нечакана сустракаем знаёмага сястры – Тадзіка. Ён шчыра цешыцца адведзінам. Пачынае распавядаць пра сваю хваробу, потым жаліцца, што моцна хоча дамоў... Манахіня сціскае яго рукі ды запэўнівае ў малітве. Тадзік яшчэ некалькі хвілін моўчкі сядзіць на ложку, а пасля крадком выцірае слязу і дзякуе госці за падтрымку.
Урачыстасць, падчас якой манахіня будзе дзякаваць Богу за дар жыцця, веры і паклікання ў Назарэт, адбудзецца 16 ліпеня ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгіцкі). Св. Імша, якую ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, распачнецца ў 12.00.
Кінга Красіцкая