Гродзенскі ардынарый Аляксандр Кашкевіч неаднаразова падкрэсліваў, што май з’яўляецца для яго асаблівым і любімым месяцам. Менавіта ў гэты час у 1976 годзе іерарх атрымаў святарскія пасвячэнні, а ў 1991 годзе – біскупскія. Напярэдадні важных гадавін успамінаем з ардынарыем пра бацькоў і першыя сакраманты, разважаем аб Божай міласэрнасці і духоўнай блізкасці са святымі.
– Ваша Эксцэленцыя, раскажыце пра сям’ю, з якой паходзіце. Як выхоўвалі Вас бацькі?
– Я нарадзіўся ў в. Падгайдзе, што належыць да парафіі Эйшышкі на Віленшчыне, у шматдзетнай сям’і земляробаў. Мае бацькі, як і далейшыя сваякі, былі католікамі. Я рос у атмасферы, прасякнутай жывой верай, малітвай, замілаванасцю да рэлігійных традыцый, якія мы вельмі старанна і шчыра захоўвалі.
Колькі сябе памятаю, бацькі – а асаблівым чынам мама – вельмі клапаціліся аб маім рэлігійным выхаванні. У родным доме штодзённа разам адгаворвалі пацеры. Рабілі гэта па-асабліваму, паколькі пасля малітваў паўтаралі таксама 10 Божых запаведзяў, 5 касцёльных наказаў, 2 запаведзі любові і галоўныя праўды веры. Таму ўжо ў маленстве я не толькі навучыўся маліцца, але і пазнаёміўся з асноўным зместам Катэхізіса.
Памятаю таксама, што дома часта і з ахвотай спявалі. Кожны дзень пачынаўся прыгожай песняй “Kiedy ranne wstają zorze” (“Калі ранак наступае”). У нядзелю спявалі Гадзінкі. У маі па вечарах дома гучала Ларэтанская літанія. Безумоўна, мы хадзілі ў нядзелю ў касцёл, прымалі ўдзел у набажэнствах, адпустах, працэсіях. Я вельмі ўдзячны бацькам за тое, што яны змаглі стварыць дома такі просты, традыцыйны клімат народнай набожнасці.
Часта вяртаюся думкамі ў дзяцінства і дзякую Пану Богу, што даў мне вялікую ласку будавання свайго хрысціянскага і святарскага жыцця на моцным фундаменце веры і традыцыі, якія былі закладзены ў родным доме. Гэта сапраўдны скарб.
Падчас біскупскай візітацыі ў Рандзілаўшчыне
– Як рыхтаваліся да першых сакрамантаў?
– Да Першай св. Камуніі мяне рыхтавала адна вельмі набожная жанчына, верагодна тэрцыярка. Вучоба выглядала інакш, чым сёння.
Не было сістэматычнай катэхезы, мы проста павінны былі вывучыць на памяць адказы на ўсе пытанні з кароткага Катэхізіса. Але я з прыемнасцю ўспамінаю тое вялікае замілаванне, з якім гэтая жанчына расказвала нам пра Бога, растлумачвала Катэхізіс, задавала пытанні. Яе дабрыня, любоў да выхаванцаў і цярплівасць назаўсёды застануцца ў маім сэрцы як адзін з найлепшых успамінаў з дзяцінства.
Да канфірмацыі я рыхтаваўся самастойна, а менавіта проста прыйшоў у касцёл і запісаўся. Калі быў у 9-ым класе, звярнуўся да пробашча роднай парафіі з просьбай аб удзяленні мне сакраманту хрысціянскай сталасці. Душпастыр запытаўся, ці ведаю Катэхізіс. Я адказаў станоўча. Жадаючы ўпэўніцца, ці сапраўды гэта так, пробашч задаў мне некалькі пытанняў. Я даў правільны адказ і быў дапушчаны да канфірмацыі.
– Калі пачулі заклік да службы Богу і людзям?
– Памятаю, як будучы яшчэ хлопцам – хоць і не быў міністрантам – захапляўся пробашчам, глядзеў, як ён адпраўляе св. Імшу, прамаўляе казанні, спавядае, выконвае іншыя святарскія паслугі. Паступова ўва мне нараджалася жаданне пайсці менавіта такой дарогай – дарогай святарства. Чарговым прыкладам быў клерык, які прахо- дзіў душпастырскую практыку ў нашай парафіі. Сустрэча з ім яшчэ больш узмацніла маё жаданне быць ксяндзом. Я хадзіў тады ў 10-ты клас.
Некалькі разоў быў на размове з пробашчам, якому прызнаўся, што хачу стаць святаром.
Насамрэч, вельмі трапна акрэсліў пакліканне як “дар і таямніцу” Святы Айцец Ян Павел ІІ. Сапраўды, хіба што ніхто з нас да канца не ведае, чым з’яўляецца пакліканне, як яно нараджаецца, якім чынам прыходзіць голас Хрыста: “Ідзі за мной”. Мы можам толькі здагадвацца аб гэтым.
– У чым бачыце сваю місію як душпастыра?
– На маю думку, найважнейшая місія кожнага душпастыра – зразумець іншага чалавека, выйсці яму насустрач, даць тое, чаго чакае. Святы Айцец Францішак нядаўна вельмі хораша сказаў, што святарства – гэта не кар’ера, а служба. Каб служыць людзям, трэба мець для іх шмат дабрыні, зычлівасці, цярплівасці, зразумення і спа- чування. Гэта нялёгка, але, на маю думку, гэта першае і асноўнае вымярэнне святарскай паслугі. Толькі потым ідзе навучанне, абвяшчэнне Божага слова, удзяленне сакрамантаў і г. д.
Каб такім чынам рэалізаваць святарства, трэба быць не толькі добра падрыхтаваным інтэлектуальна і навукова, але таксама мець глыбокую веру, добрае сэрца, багатае духоўнае жыццё, развіваць у сабе дух малітвы. Святарам вельмі ў гэтым дапамагаюць усе, хто ахінае духавенства сваёй малітвай. Мы ўсведамляем, што існуе мноства людзей, якія за нас моляцца, напрыклад, у ружанцовых колах, групах “Маргарытак”, у іншых супольнасцях, а таксама прыватна, таемна. Ёсць і тыя, хто ахвяруе за святароў свае цярпенні. Гэта вельмі каштоўны духоўны тыл, які ўзмацняе, робіць паслугу яшчэ больш эфектыўнай, дапамагаючы нам рэалізоўвацца як святарам, нягледзячы на свае недахопы і недасканаласці, бо кожны з нас з’яўляецца толькі чалавекам. Я хацеў бы вельмі горача і сардэчна падзякаваць усім людзям, якія нас духоўна падтрымліваюць. Няхай добры Бог шчодра вас узнагародзіць.
Разам з удзельнікамі Дыяцэзіяльных дзён моладзі 2017
– Калі маеце свабодную хвілінку, чаму прысвячаеце час?
– Прызнаюся, што ў мяне няшмат вольнага часу. Аднак пры магчымасці стараюся пачытаць штосьці карыснае на тэму духоўнасці, душпастырства, гісторыі. Стараюся сачыць за актуальным жыццём Паўсюднага Касцёла. Трэба прызнаць, што сёння лёгка атрымаць доступ да ўсякага роду інфармацыі. Выдаецца мноства сапраўды добрых, вартых рэчаў, вывучэнне якіх можа нас вельмі ўзбагаціць. Шкада толькі, што часта проста не хапае часу, каб ісці ў нагу з усім гэтым.
– Які святы Вам блізкі і чаму?
– Мне вельмі блізкі і асабліва дарагі св. Антоній Падуанскі. У нашым парафіяльным касцёле ў Эйшышках ёсць цудоўная фігура, якая адлюстроўвае гэтага святога з Дзіцяткам Езус на плячы і з боханам хлеба ў руцэ. З маленства памятаю, што пасля св. Імшы мы з мамай спачатку падыходзілі да гэтай фігуры, каб укленчыць перад ёй і памаліцца аб заступніцтве св. Антонія, і толькі пасля выходзілі са святыні. Так рабілі і іншыя парафіяне. Культ святога там і надалей застаецца жывы, укаранёны ў мясцовай традыцыі, перадаваемы з пакалення ў пакаленне. Таму калі я прыступаў да сакраманту канфірмацыі, выбраў сабе імя Антоній. Будучы пробашчам парафіі Святога Духа ў Вільнюсе, вельмі цешыўся, што там таксама застаў добра развіты культ гэтага святога, звязаны з вядомым сваімі ласкамі абразом. У касцёле быў звычай спявання па-лацінску старажытнай песні “Se quaeris” (“Калі шукаеш цудаў Антонія”), адзначаліся аўторкі ў гонар святога. Парафіяне ахвотна маліліся, стоячы на каленях перад яго абразом.
Існуе шмат сведчанняў аб розных дарах і ласках, якія вернікі атрымлівалі праз заступніцтва св. Антонія, і нават цудах, што адбываліся ў мінулым.
Існуе шмат сведчанняў аб розных дарах і ласках, якія вернікі атрымлівалі праз заступніцтва св. Антонія, і нават цудах, што адбываліся ў мінулым.
Вельмі блізкія мне таксама св. Юзаф, св. Ян Марыя Віянэй, св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус і, канешне, св. Ян Павел ІІ. Паколькі духоўна і эмацыянальна я моцна звязаны з культам Божай міласэрнасці, не магу не назваць тых, каго Пан выкарыстаў, каб нагадаць свету праўду аб сваёй міласэрнасці. Гэта св. Фаустына Кавальская і бл. Міхал Сапоцька.
Усіх святых яднае любоў да Бога, вернасць Яго волі, руплівасць і ахвярнасць у рэалізацыі свайго паклікання. Кожны з іх можа быць для нас прыкладам для пераймання.
– З якім дэвізам Вы як пастыр Касцёла крочыце па жыцці?
– Калі Святы Айцец Ян Павел ІІ прызначыў мяне пастырам Гродзенскай дыяцэзіі, я змясціў на сваім біскупскім гербе дэвіз: “Jesu in Te confido” (“Езу, давяраю Табе”). Гэты выбар невыпадковы. Так склалася, што я меў сціплы ўдзел у справе пашырэння культу Божай міласэрнасці, калі як пробашч парафіі Святога Духа ў Вільнюсе прыняў арыгінальны абраз пэндзля Яўгена Казіміроўскага, які таемна быў прывезены з парафіі Новая Руда.
З часам я ўсё больш упэўніваюся, як моцна свету неабходна Божая міласэрнасць. Без яе – гэта значыць без звышнатуральнай падтрымкі ад Пана Бога, без Яго ласкі – ніхто ў жыцці не справіцца. А адчуваем мы гэтую Божую дапамогу тады, калі адкрываемся на яе, калі поўнасцю давяраемся Езусу і пачынаем больш разлічваць на Яго, чым на саміх сябе. Таму дэвіз “Езу, давяраю Табе” не толькі мне блізкі і эмацыянальна дарагі па прычынах, якія я ўзгадаў вышэй, але і з’яўляецца вельмі каштоўнай падказкай, звышнатуральнай “прапановай”, якую стараюся рэалізаваць у сваім святарскім і біскупскім жыцці.
Кс. Юрый Марціновіч