23 снежня ў трагічных абставінах адышоў у вечнасць кс. д-р Тадэвуш Вышынскі CM, шматгадовы выкладчык дагматычнай тэалогіі і музыкі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. З семінарыяй, якая стала для яго сапраўдным домам, ён быў звязаны з 1992 года.
Яго яднала вялікае сяброўства з кс. Міхалам Варанецкім, духоўным айцом семінарыі, які памёр у 1998 г. Абодва належалі да Супольнасці місіянераў св. Вінцэнта дэ Поля. Менавіта кс. Варанецкі пераканаў кс. Вышынскага служыць у Беларусі, у семінарыі, якой быў патрэбны дасведчаны і высокага класу выкладчык.
Выпраменьваў чалавечнасць
Пасля смерці кс. Міхала Варанецкага кс. Вышынскі вельмі часта наведваў яго магілу на старых пабернардынскіх могілках у Гродне. Ён накіраваўся туды таксама 23 снежня, каб у чарговую гадавіну нараджэння спачылага, якая прыпадала на гэты дзень, запаліць зніч і памаліцца за яго. Як пазней аказалася, гэта было ўжо ў апошні раз… Ён загінуў у аўтамабільнай катастрофе недалёка ад гэтых так добра ўжо знаёмых могілак.
„Адышоў ад нас вялікі чалавек і заслужаны святар, які ў свой час атрымаў папскую адзнаку „Pro Ecclesia et Pontifice” – адну з высокіх адзнак Апостальскай Сталіцы ў форме крыжа”, - успамінае кс. Тадэвуша Вышынскага дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які ведаў яго з 1992 года, калі ён прыбыў у Гродна.
Іерарх кажа, што спачылы “прывёз у Беларусь новы павеў Касцёла”, бо быў раней пробашчам не толькі ў Польшчы, але і ў Францыі, а потым працаваў у Ватыкане.
„Увесь рытм жыцця Касцёла ён прывёз нам у Беларусь. Нам, тады студэнтам-семінарыстам, ён стараўся ўсё гэта перадаць. Перадача яго заўсёды была ясная: спачатку ён перадаваў, а потым пераконваўся, ці сапраўды гэтая інфармацыя была намі прынята”, - адзначае біскуп Станеўскі.
Іерарх кажа, што кс. Вышынскі добра валодаў польскай, беларускай, рускай, французскай, італьянскай мовaмі, меў глыбокія тэалагічныя веды, валодаў уменнем спяваць і ведамі касцёльнай музыкі, а таксама дадае, што ва ўсім гэтым “выпраменьвалася яго чалавечнасць”.
Будаваў усё на Хрысце
„Дабрыня, супакой, умеркаванасць, лагоднасць, далікатнасць, але таксама айцоўская цвёрдасць, калі казаў аб праўдах веры, калі так моцна жадаў, каб кожны студэнт у гэтай тэме добра арыентаваўся, каб магчы пазней перадаваць іншым нескажонае вучэнне Касцёла”, - успамінае біскуп.
Па словах іерарха, у кс. Вышынскага, які быў поўным веры, заўсёды ўсё было з вялікай павагай. “Нават падчас адпачынку ці сустрэч, напрыклад, ля вогнішча, у час розных размоваў, ён імкнуўся да таго, каб ва ўсім гэтым перамагаў Бог, каб Ён быў на першым месцы”, - падкрэслівае дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі.
Іерарх адзначае, што спачылы кс. прафесар унёс вялікі ўклад у развіццё літургічнай беларускай мовы. Шмат старанняў ён уклаў у пераклад Імшалу на беларускую мову, потым здзяйсняў вялікую працу над спеўнікам, які яшчэ чакае свайго выдання.
„Глыбока веру, што Пан Бог прыняў кс. Тадэвуша ў нябесную айчыну, для якой ён сапраўды цяжка працаваў, ведучы таксама іншых да неба”, - завяршае свае ўспаміны біскуп.
Спачылы святар, нягледзячы на пажылы ўзрост, меў яшчэ планы на будучыню, шмат хацеў зрабіць. Калі яго пыталіся аб тым, што ў яго чуваць, як ён пажывае, ён адказваў: “Галоўнае, што наперад”.
Пан Бог мае свае планы, і гэта Божыя планы. Прымем Яго волю ў духу пакоры і паслухмянасці. Таму дзякуем Усемагутнаму за дар гэтага такога знакамітага святара, добрага чалавека, якога даў у сваім Провідзе нашай гродзенскай зямлі.
Кс. Юрый Марціновіч