"Ніякія выпрабаванні не азмрочаць маю радасць". Прыёмная маці пра сваё пакліканне
Мацярынства з’яўляецца адным з самых каштоўных скарбаў, які жанчына можа спазнаць у жыцці. На жаль, многія сужэнцы сёння сутыкаюцца з немагчымасцю мець сваіх дзяцей. Хтосьці спрабуе вырашыць гэтую праблему з дапамогай ЭКА, іншыя знаходзяць суцяшэнне ў хатніх гадаванцах. Некаторыя ж бачаць у гэтым пакліканне да прыёмнага бацькоўства. Спадарыня Нэлі Тадэвушаўна з невялічкай вёскі Кобраўцы пад Гародняй стала мамай у 42 гады, падарыўшы шанс на шчаслівую будучыню двум хлапчукам з нялёгкім мінулым.
Няздзейсненыя мары
Нэлі нарадзілася ў шматдзетнай сям’і. З дзяцінства гадавала суседскіх хлопчыкаў і дзяўчат і марыла аб уласнай вялікай сям’і. Але мець сваіх дзяцей жанчыне не пашчасціла. Прысвяціўшы маладосць на тое, каб даглядаць за хворай на рак крыві маці, Нэлі выйшла замуж у 33 гады. “Калі ўпершыню ўбачыла будучага мужа, злавіла сябе на думцы, што ніколі не сустракала такіх непрыгожых людзей. Але закахалася ў яго, пазней выйшла замуж і моцна хацела, каб наша дачка была падобная да яго. Аднак узніклі праблемы з цяжарнасцю, а муж праз пэўны час проста знік...”, - распавядае жанчына.
Праз некалькі гадоў Нэлі сустрэла другога мужчыну, свайго цяперашняга мужа. Сітуацыя з немагчымасцю нарадзіць паўтарылася. Сужэнцы пачалі думаць аб тым, каб узяць дзяцей на выхаванне. “Нягледзячы на тое, што сваіх дзяцей я не мела і знаходзілася ўжо ў неспрыяльным для цяжарнасці ўзросце, адважыцца стаць прыёмнай маці было вельмі складана. Мяне палохала адсутнасць вопыту і невядомасць. Але ўсё-такі заяўку ў органы апекі і папячыцельства Шчучынскага райвыканкама мы з мужам падалі. Марылі аб трохгадовай дзяўчынцы”, - дзеліцца Нэлі.
Шкада ўцекачоў
Адным жнівеньскім днём да Нэлі паталефанавалі з райвыканкама з просьбай узяць на выхаванне двух хлапчукоў: братоў, якія збеглі з прыёмнай сям’і. Не вытрымаўшы складаных умоў жыцця, сямігадовы Максім і шасцігадовы Ілля глыбокай ноччу басанож, у адных майках уцяклі з дому. І пайшлі з мястэчка Астрына ўздоўж трасы ў напрамку Шчучына. Каля 7-й гадзіны раніцы хлопцаў выпадкова заўважыў старшыня Шчучынскага райвыканкама, які ехаў на працу. Ён пазнаў хлапчукоў і адвёз іх назад да прыёмных бацькоў. Тыя нават не заўважылі, што дзеці збеглі. Як высветлілася пазней, хлопцы недаядалі, прымалі ванну ў халоднай вадзе, строга караліся нават за найменшыя правіны. “Нам прапанавалі ўзяць гэтых дзетак на выхаванне, бо ведалі, што маем спрыяльныя ўмовы для жыцця. На роздум была адведзена адна ноч. У іншым выпадку Максіма з Іллёй зноў аформілі б у дзіцячым доме, але ўжо без магчымасці трапіць у прыёмную сям’ю”, - дадае жанчына.
Спазнанне радасці сыноўства
Першая сустрэча з хлопчыкамі стала для Нэлі самым шчаслівым момантам у жыцці. “Пасля таго, як мы прывязлі іх да сябе домоў, я на працягу некалькіх месяцаў лятала на крылах”, – успамінае з усмешкай жанчына. Будучыя бацькі спаткаліся з хлопчыкамі ў інфекцыйным шпіталі, куды тых накіравалі пасля ўцёкаў. “Два гарэзы ў кашулях і абрэзаных джынсах, калі толькі ўбачылі нас, выбеглі насустрач. Раптам рэзка спыніліся, паглядзелі адзін на аднаго, нібы пытаючыся: "Упэўнены?”, – узгадвае Нэлі.
Ужо тады яна паабяцала сабе, што аддасць гэтым дзецям сваё сэрца, зробіць усё, каб яны нічым не былі абдзеленыя, асабліва любоўю. Паабяцала ў кожным з іх паважаць асобу. У гэты момант нарадзілася новая сям’я. Сёння ёй ужо 5 гадоў.
Такія розныя браты
За пачуццём эйфарыі следам ішла рэчаіснасць. Старэйшы Максім нястомна паўтараў, што ён “дрэнны”, “ні на што не здольны”. Пачаў праяўляць бурную агрэсію ў адносінах да падлеткаў і старэйшых. А аднойчы, знаходзячыся ў санаторыі, залез на падаконнік другога паверха і пагражаў персаналу звесці рахункі з жыццём. Спецыялісты паставілі дыягназ пэўнага псіхічнага адхілення – імкненння руйнаваць усё навокал, прыроджаная паталогія, якая амаль не падлягае лячэнню. “Псіхіятр пачаў пераконваць, што трэба вярнуць хлопчыка ў дзіцячы дом, бо з ім немагчыма будзе справіцца. Але я цвёрда вырашыла змагацца за яго. Максім – праблемнае, але разам з тым неверагоднае дзіця. Ён сабраны, акуратны, працалюбівы. Ведае ўсё на свеце, нібы маленькі мудры дзядок. Апекуецца малодшым братам, нібы нянька. І рэчы яму адпрасаваць можа, і боты пачысціць, і лепшае месца за сталом для яго заўсёды трымае.
Ілля, наадварот, крыху лянівы. Але не саромеецца гэтага! Муж аднойчы паклікаў хлопцаў будаваць шпакоўні, а Ілля гаворыць мне: «Мама, я яшчэ не дайшоў, а ўжо стаміўся»”, – распавядае Нэлі.
Абодва хлопцы граюць на баяне. Малодшы Ілля захапляўся бісерапляценнем. Але пасля таго, як у яго скралі выраб, які ён майстраваў для мамы з нагоды Дня нараджэння, за бісер больш не сеў.
Ягоная прысутнасць
Нэлі ўзгадвае, што яе заўсёды “цягнула” ў касцёл: “Бог увесь час напаўняў маё жыццё сэнсам, а вера была нястомным суцяшэннем у турботах”.
Жанчына адразу пахрысціла прыёмных хлопчыкаў і пачала браць іх з сабой на св. Імшу. “Нядзельная Эўхарыстыя ў нашым касцёле працягваецца амаль дзве с паловай гадзіны. Зразумела, што дзецям складана вытрываць. Я садзіла сыноў па абодва бакі ад сябе, але яны ўсё роўна казыталі адзін аднаго, шчыпаліся і бесперапынна пыталіся: «Калі ўжо мы пойдзем?»”. Для мяне было нечаканасцю, калі праз пэўны час Максім падышоў і сказаў, што хоча дапамагаць ксяндзу. Яго прыклад пераняў Ілля. І сёння хлопчыкі ўжо на працягу некалькіх гадоў служаць у касцёле міністрантамі”, – адзначае Нэлі.
Божы Провід
Як паказвае жыццё, у вялікай колькасці выпадкаў дзеці, што апынуліся ў прыёмных сем’ях, з часам адчуваюць моцнае жаданне вярнуцца да біялагічных бацькоў. І ў большасці сваёй так і робяць, няглядзечы на любоў з боку прыёмнай сям’і і на тое, што іх родныя маці і бацька могуць быць людзьмі з залежнасцямі. “Гены – вялікая моц. Гэтыя хлопчыкі сталі для мяне з мужам роднымі, але я не ведаю, ці змогуць яны спаўна адчуць гэтую сувязь адносна нас”, – падкрэслівае жанчына.
Існуе рызыка аддаць усю сваю любоў і нічога не атрымаць узамен. Але Нэлі, якая глядзіць на свет вачыма хрысціянскай любові, гэта не палохае. Яна ўпэўнена, што сужэнцы, у якіх не атрымліваецца нарадзіць дзяцей, з’яўляюцца ў пэўнай ступені “абранымі”. Божы Провід у тым, каб узяць на сябе нялёгкую, але пасільную ім місію выхавання пакінутых дзяцей. “Мне цяжка зразумець людзей, якія пасля неаднаразовых спроб зацяжарыць нават не задумваюцца аб тым, каб узяць дзіця з прытулку. Нягледзячы на шматлікія выпрабаванні, гэты шлях напоўнены бязмернай радасцю, якую нічым не азмрочыць”, – упэўнена Нэлі.
У Беларусі функцыянуе 9 дамоў дзіцяці, 10 дамоў-інтэрнатаў для дзяцей-інвалідаў, 39 дзіцячых дамоў. У іх чакае на ўсынаўленне ці прыёмную сям’ю каля 5-і тысяч дзяцей. Акрамя гэтага ў краіне дзейнічаюць сацыяльныя дзіцячыя прытулкі і школы-інэрнаты для дзяцей-сірот.
Ангеліна Марцішэўская